БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Абласная арганізацыя АГП спыніла ўдзел у выбарах
Байкот выбарам у мясцовыя саветы, пра магчымасьць якога заяўляла раней апазыцыя, першай абвясьціла Берасьцейская абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Старшыня гэтай рэгіянальнай структуры Мікалай Коўш патлумачыў «Свабодзе»:
«У гэтым выбарчым фарсе мы прымаць удзел ня будзем. Гэтыя выбары ня могуць быць празрыстымі, чэснымі і дэмакратычнымі».
Са слоў Мікалая Каўша, на Берасьцейшчыне АГП вылучала больш як 20 сябраў у склад участковых камісіяў і яшчэ 14 — на дэпутацкія мандаты. Але чыноўнікі фактычна блякавалі гэтыя ініцыятывы.
МАГІЛЁЎШЧЫНА
З выбарчага маратону сыходзяць пакуль адзінкі
Актывістаў апазыцыйных арганізацыяў, якія заяўлялі пра ўдзел у мясцовых выбарах, але потым адмовіліся ад гэтага намеру, на Магілёўшчыне пакуль адзінкі. Каля чатырох дзясяткаў апазыцыянэраў чакаюць, што стануць кандыдатамі ў дэпутаты.
Актывіст партыі левых «Справядлівы сьвет» Віктар Галавачанкаў адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах, бо ня бачыць у гэтым сэнсу:
«Партыі няшмат страцяць, калі ня пойдуць на гэтыя выбары. Мы ствараем масоўку для ўлады. Я нават галасаваць не пайду, хаця раней хадзіў. А як я пасядзеў на некалькіх выбарах ды паглядзеў, як гэта ўсё робіцца... У вочы глядзяць і хлусяць, і нібыта не відаць, што падманваюць. Прыйшоў ты галасаваць, не прыйшоў — ніякай розьніцы. Сабралі паперы, запакавалі і ўсё некуды павезьлі».
А Зінаіда Мілешчанка верыць у перамогу
У Круглянскім раёне верыць у сваю перамогу на выбарах актывістка партыі левых «Справядлівы сьвет» Зінаіда Мілешчанка. Ад 2002 да 2006 году яна ўжо была дэпутатам Круглянскага савету. Не выключае актывістка, што й гэтым разам атрымае дэпутацкі мандат, цяпер ужо абласнога савету:
«Мяне добра ў раёне ведаюць. Я ніколі не была непрымірымым апазыцыянэрам. Думаю, што мяне паважаюць, а не баяцца. Я проста хачу данесьці на абласным узроўні праблемы нашага раёну. Апошнія два-тры гады мы ня ведаем, ці будзе існаваць наш раён, ці не. Адказаў нам ніхто не дае. Бальніцу ў нас тут напалову расфармавалі. Няма веры ў законы».
Журналіст Міхаіл Ларчанка праводзіць экспэрымент
Бабруйскі журналіст Міхаіл Ларчанка балятуецца ў гарсавет. Свой удзел у выбарах ён называе экспэрымэнтам. Экспэрымэнт будзе ўдалым, заяўляе журналіст, калі за яго прагаласуюць 20 працэнтаў выбарцаў — гэта значыць, што мясцовыя саветы ім патрэбныя.
«Мне падаецца, што гэтыя саветы, па зборы подпісаў, зусім не патрэбныя людзям, бо яны ня ведаюць, хто там сядзіць і што яны там робяць. Людзям падаецца, што мясцовыя саветы павінны чамусьці дахі рамантаваць увесь час. А яны ж павінны прымаць мясцовыя законы, якія паляпшаюць стан гораду, разьмяркоўваць бюджэт гарадзкі. Канкрэтных людзей яны не кранаюць ніяк».
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Выбары і паводка
Каардынатар руху «За свабоду» на Гарадзеншчыне Алесь Зарэмбюк жыве ў Мастах. Ён падаў дакумэнты на рэгістрацыю, каб балятавацца ў Мастоўскі раённы савет і ў Гарадзенскі абласны. Што тычыцца райсавету, яму давялося вызначацца з акругай. Выбар быў няпросты.
Зарэмбюк: «У мяне было зарэгістравана пятнаццаць ініцыятыўных групаў па выбарах дэпутата раённага савету. У шэрагу зь іх я зьбіраў подпісы, каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты».
Але ў Кастрычніцкай акрузе нумар тры, дзе прыватныя дамы, Алесь Зарэмбюк даўно кантактуе з жыхарамі, стараецца аказаць ім дапамогу, нават ня будучы дэпутатам. Ён спыніўся на гэтай акрузе таму, што ўлады адмаўляюцца даць зьвесткі пра тое, як будуць змагацца з вынікамі сёлетняй паводкі.
Зарэмбюк: «Для гэтых людзей гэта актуальная праблема. Там прыватны сэктар, у людзей затопленыя падвалы. Там вельмі нізка, няма каналізацыі. Ёсьць праблема з дарогамі, якія не рамантуюцца».
Алесь Зарэмбюк мае таксама балятавацца ў абласны савет, але ўжо ў адной з акругаў у Горадні.
За ўтойваньне інфармацыі ўчастковыя камісіі папракае нават Цэнтрвыбаркам
Таксама на Гарадзеншчыне дэмакратычныя прэтэндэнты на кандыдатаў у дэпутаты адзначаюць закрытасьць у працы выбарчых камісій.
Сябра партыі АГП з Астраўца Іван Крук запытаўся ў старшыні раённай камісіі — колькі прэтэндэнтаў падалі дакумэнты па той самай акрузе, дзе зьбіраецца балятавацца ён.
Крук: «Мне адказваюць: ня маем права даваць вам інфармацыю. Тады я тэлефаную ў абласную камісію і ў ЦВК. Толькі так я дамогся звычайнай інфармацыі — гэта абсурд. Гэта сьведчыць пра тое, што ўжо на самым пачатку выбары нячэсныя і нясправядлівыя».
Яны нібыта выконваюць ролю алавяных салдацікаў.
Рамашкевіч: «Я вось слухаў і бачыў, што іх яўна праінструктавалі, каб нічога не паказваць, нічога не гаварыць. Яны нейкія штыўнаватыя, нібыта выконваюць ролю алавяных салдацікаў. Пануе атмасфэра таямнічасьці, нават лёгкай варожасьці. Я б так сказаў».
Прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту Раман Юргель спрабаваў пацікавіцца ў старшыні гарадзенскай акруговай камісіі, колькі ўсяго прэтэндэнтаў падалі дакумэнты. Адказ яго вельмі ўразіў.
Юргель: «Старшыня камісіі, спадар Хлябіч, адказаў, што мае правы як назіральніка — толькі моўчкі прысутнічаць на паседжаньні камісіі, і адмовіўся даваць інфармацыю. Сказаў: калі надалей будзеце задаваць пытаньні — гэта будзе расцэнена як умяшаньне ў працу камісіі».