— Зьлітуйцеся, ды гэта ж — кепскі стары альбом, каму ён патрэбны? Футарал жа па сутнасьці нічога ня варты, вы ж не прадасьце нікому?
— Вы ж купляеце.
Ф.М. Дастаеўскі. Падлетак
«Мясцовыя выбары нічога не вырашаюць», — пад гэтым натхняльным лёзунгам неангажаваныя ўладнымі структурамі кандыдаты, падобна дзёрзкім тытанам, рынуліся на заваяваньне падножжаў палітычнага Алімпу. «Рамштайн» зьехаў, забраўшы з сабой надзеі (і страхі) на лёгкае разбурэньне цьвярдыняў дзяржаўнай машыны, зімовыя сьвяты адышлі, да вясновай легкадумнай цеплыні далёка — самы час для сур’ёзнай будзённай працы. Вылучаюцца кандыдаты, фармуюцца камісіі, улада з апазыцыяй гуляюць у глядзелкі з усёй магчымай сур’ёзнасьцю. Аднак адзін з бакоў можа, як сарамлівая дама ў распранальні, проста загадаць іншаму завярнуцца.
Вось, у Мазыры, як паведамляе Ўладзімір Целяпун, сарамлівасьць начальніка аддзелу арганізацыйна-кадравай працы дайшла да забароны карыстацца фотаапаратам і дыктафонам падчас абвяшчэньня перадвыбарнай інфармацыі. Джэнтэльмэны былі змушаныя з павагай паставіцца да сарамлівасьці чыноўнай асобы, бо ў ёй заўсёды павінен заставацца цень інтрыгі, іскрынка таямніцы. Напрыклад, такой:
«Абмеркаваньня на паседжаньні прадстаўніцтва ад палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў (ГА) ва ўчастковых камісіях не праводзілася. Толькі было даведзена, што ўлічаны прынцып колькасьці ў 1/3 дзяржаўных служачых, ГА, палітычных партыяў.
Хто, як і калі, згодна якой працэдуры праводзіў адбор на ўключэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, калі на паседжаньні гэта нават не абмяркоўвалася?»
Таямніца становіцца яшчэ больш гульлівай, калі ўлічыць, што сур’ёзным беларускім экспэртам аказваецца загадзя вядома, колькі знойдзецца альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на вакансіі ў выбарчых камісіях. З нагоды нядаўняга паведамленьня на Regnum Вадзіма Ялфімава skalinkina піша:
«Дзіўна так атрымалася, што палітоляг Ялфімаў 5 сакавіка ўжо ведаў, як 10 сакавіка будуць сфармаваныя камісіі, і што „вакансіі“ апазыцыі зоймуць людзі, „больш адказныя“. У навуковы мэтад гэтай паліталёгіі не ўваходзіць неабходнасьць абапірацца на факты. А факты такія: з 68 чальцоў партыі БНФ, высунутых у склад камісіі ў Менску, чальцамі камісій сталі толькі 8. З 16 чалавек у Гародні ўключаны толькі адзін. У Віцебску людзям, якія 10 гадоў удзельнічалі ў выбарчых кампаніях, адмаўлялі ва ўключэньні ў камісіі на той падставе, што яны ня маюць выбарчага досьведу. Ну і гэтак далей».
Блогерка дзівіцца толькі рытарычна, зразумела. У глыбіні душы яна павінна разумець, што «дацэнту катэдры палітычных навук Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі, вядучаму праграмы „Вялікая палітыка“ на ОНТ, аўтару дэтэктываў, якія выходзяць у расійскіх выдавецтвах» з вышыні тэлевежы ўсё лепш відаць ушыркі й у будучыню, як таму Саўрону.
Так, страціўшы надзею на магчымасьць усачыць за працэсам выбараў, палітычна актыўны да нядаўніх часоў ihar-sluchak здымае сваю кандыдатуру й замыкае слова «выбары» ў двукосьсе. Асірацелым выбарнікам ён, нібы Дантэ, прапаноўвае пакінуць усякія надзеі на магчымасьць несфальсыфікаванага электаральнага дзейства.
І, ужо без надзей, але ў стаічнай няўзрушнасьці духу ales-chyhir спрабуе спасьцігнуць лёгіку дзяржаўных структур, не задаволіўшыся пэсымістычным рашэньнем Ф. Кафкі ў «Працэсе».
«Мяне вельмі зьдзіўляюць абсалютна не прадуманыя, бессэнсоўныя рэпрэсіі ўладаў у дачыненьні да незалежных кандыдатаў у дэпутаты, сябраў іх ініцыятыўных груп і асобаў, якія па сваёй волі (ці праз дэмакратычныя палітычныя партыі) вылучаюцца ў выбарчыя камісіі. <...> Гіпатэтычна, на месцы адказных за выбары таварышаў, я б уключыў у гарадзкую выбарчую камісію некалькі дэмакратаў (гэта камісія толькі фіксуе вынікі выбараў), а ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, усіх жадаючых (фальсіфікуе звычайна старшыня камісіі і сакратар), тым больш, што жадаючых было ня шмат».
Блогер нават ставіць сябе на месца высокіх чыноўных стратэгаў. Бо можна было б і выбары легітымізаваць, і зрабіць лішні рэвэранс у бок ЭЗ, і апазыцыю даканаць... Але што ня зроблена, тое ня зроблена. «...Гэта шахматы! А нашыя мясцовыя гаспадары ад ідэалёгіі здольныя гуляць толькі ў „Чапаева“!» Чаму? ales-chyhir прапануе тры вэрсіі гэтай стратэгіі: можа, гэта спосаб запалохаць апанэнтаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі; або ірацыянальная садысцкая цяга да прыгнечваньня ўсякай пэрпэндыкулярнай ініцыятывы; а можа, у шэрагі адміністрацыйных працаўнікоў пракраўся таемны вораг рэжыму, правакатар і шкоднік?
А ў мяне нечакана нарадзілася яшчэ адна вэрсія на дадатак да выказаных. Наш афіцыюм звык арыентавацца на меркаваньне апазыцыі ды па-свойму давяраць яе густам. Заўважаны дзіўны ажыятаж вакол мясцовых выбараў? — улада зьвяртае на іх свой погляд. У адзін голас запэўніваюць, што яны ня маюць ніякага значэньня? — яна ўзбройвае свой позірк магутным маноклем, каб гэтае значэньне выглядзець. Наступнае вынікае ўжо проста з хрэстаматыйнай гаспадарскай ашчаднасьці: раз мясцовае дэпутацтва наштосьці спатрэбілася апанэнтам, значыць, спатрэбіцца й мне. «Карову сваю не прадам анікому — Такая худоба патрэбна самому!»