Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковая адсочвае аўтамабільныя перасоўваньні апазыцыянэраў


Зьміцер Касьпяровіч
Зьміцер Касьпяровіч

Прэсавая служба руху «Маладая Беларусь» паведаміла, што 2 сакавіка лідэр руху Зьміцер Касьпяровіч быў апытаны ў падатковай інспэкцыі Заводзкага раёну Менску. Касьпяровіча выклікалі позвай з арыгінальнай фармулёўкай — у сувязі зь «неаднаразовым перасячэньнем беларуска-літоўскай мяжы ў 2008 годзе».

Супрацоўніца падатковай інспэкцыі патлумачыла, што Зьміцер мусіць быць апытаны ў сувязі з «праверкай пэўных асобаў», разам зь якімі ён на сваім аўтамабілі перасякаў беларуска-літоўскую мяжу. Супрацоўніца пералічыла шэраг прозьвішчаў дэмакратычных актывістаў і цікавілася — ці не аказваў спадар Касьпяровіч гэтым грамадзянам камэрцыйныя паслугі, беручы за паездку грошы?

Зьміцер Касьпяровіч адмовіўся весьці падрабязную гутарку, патлумачыўшы, што ён часта езьдзіць у Літву па ўласных справах і ня можа паведаміць падатковай пра канкрэтныя мэты кожнай з паездак. Пасьля гэтага падпісаў пратакол гутаркі.

Сам Касьпяровіч лічыць выклік у падатковую інспэкцыю спробамі паўплываць на ягоную актыўнасьць падчас перадвыбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, у якой ён бярэ ўдзел:

«Ня першы раз падатковая выклікае актывістаў менавіта тады, калі яны пачынаюць падрыхтоўку да выбараў.

Сьмешна выглядае раптоўная цікавасьць падатковай інспэкцыі Заводзкага раёну да маіх паездак у 2008 годзе, да якіх наагул падатковыя органы ня маюць ніякага дачыненьня. Але мушу запэўніць: падобныя дзеяньні ніяк не паўплываюць ні на маю ўласную перадвыбарчую кампанію, ні на агульны ўдзел „Маладой Беларусі“ ў мясцовых выбарах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG