Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладому будаўніку, які хоча стаць кандыдатам, сказалі — “табе гэта ня трэба”


У некаторых рэгіёнах Беларусі актывісты апазыцыі, якія вырашылі балятавацца ў мясцовыя саветы, пачалі адмаўляцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Яны заяўляюць, што іх саміх і сяброў ініцыятыўных груп запалохваюць чыноўнікі, а таксама невядомыя асобы.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Ідзі дадому!» — заявілі маладому вылучэнцу-дэмакрату ў Віцебскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі


Сёньня «Свабода» ўдакладняла падрабязнасьці пра ціск чыноўнікаў на маладога віцебскага будаўніка Максіма Анфілава. Напярэдадні ён зьвярнуўся ў гарадзкую тэрытарыяльную выбарчую камісію з заявай, каб зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. Аднак замест фармальнай працэдуры рэгістрацыі маладому вылучэнцу пачалі чытаць натацыі. Удакладняе Максім Анфілаў:

«Увогуле ў мяне сярэдняя адукацыя, працую абліцоўшчыкам на будоўлі. Магчыма, таму мяне адразу разьвярнулі і загадалі: «Ідзі дадому!». Сказалі так, што не было сэнсу спрачацца. Я яшчэ не абазнаны ў такіх справах, тым больш што літаральна ўсьлед прагучала, што «табе гэта ня трэба. Ты ня ведаеш, куды лезеш».

Вылучэнец стваранай партыі БХД у Віцебску заяўляе пра сур’ёзныя праблемы ў будаўніцтве


Сёньня ў Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі не знайшлося ахвотнікаў сказаць пра прычыны адмовы будаўніку Максіму Анфілаву. Ніхто ж ня выслухаў, чаму ён хоча быць дэпутатам. Замест гутаркі — дыскрымінацыя. Максім цяпер мусіць тлумачыць:

«У мяне толькі маці, а бацькі няма. Я быў бы рад вучыцца, але пакуль гэта амаль немагчыма. Не дазваляюць матэрыяльныя сродкі. Калі я нават пайду на завочнае аддзяленьне, то наша сям’я ня выцягне. Гэта раней будаўнікі добра зараблялі. А зараз паўсюднае ашуканства. Нават калі працуеш у родным Віцебску, то запалоханы, што табе не заплацяць заробленае».

У сьпісе ініцыятыўнай групы Максіма Анфілава — таксама вядомая ў Віцебску грамадзкая актывістка Тацяца Севярынец. Яна паведамляе:

«Сёньня ўвечары Максім зноў прыйдзе ў гарвыканкам пасьля працы, каб усё-ткі дакумэнты ў яго прынялі. Гэта — першае. А па-другое, я асабіста буду дамагацца дакладана высьветліць хто пакрыўдзіў Максіма, хто і што яму казаў».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Мне заявілі, што не туды палез, пагражаюць тэрмінова забраць у войска»


На Магілёўшчыне з-за пагрозы чыноўнікаў змушаныя пакідаць дыстанцыю выбараў вылучэнцы ад дэмакратычных структураў.

Ад удзелу ў выбарах адмовілася актывістка незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Натальля Гарыс. Яна загадчыца сельскага клюбу вёскі Сяргеевічы, што ў Кіраўскім раёне. У вёсцы яна стараста й зьбіралася балятавацца ў Любайніцкі сельскі савет.

«На яе пачаўся ціск праз загадчыка аддзелу культуры Кіраўскага райвыканкаму й старшыню сельскага савету. Яны прыехалі да яе з праверкай і пачалі гаварыць: „У вас зьявіцца дужа шмат праблемаў, у вас будзе шмат праверак, і вы ня будзеце выконваць добра свае абавязкі працоўныя“. Зь ёй на год працягнуты кантракт. Вось учора яны пракантралявалі, ці забрала яна сваю заяву зь сельскага савету», — паведаміла «Свабодзе» лідэр «хадэкаў» на Магілёўшчыне Таісія Кабанчук.

Пра пагрозы заяўляе й рэгіянальны лідэр «Моладзі БНФ» Аляксандар Анісімаў. Ён самы малады ўдзельнік выбарчай кампаніі на Магілёўшчыне. Яму няма яшчэ й дваццаці гадоў. Ён мае намер балятавацца ў гарсавет. Заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы зь сямі чалавек ён падаў пазаўчора.

«Патэлефанавала жанчына а дзявятай гадзіне раніцы. Сказала, што я не туды палез і што з ваенкамата маю справу перададуць у пракуратуру. Для мяне гэта было дзіўна, бо я год ужо як камісаваны. Ніякіх позваў з ваенкамату й нічога іншага я не атрымліваў. Я здымацца ня буду, як кажуць, пайду да канца», — кажа Аляксандар Анісімаў.

Прафсаюзы таксама прыцягнутыя да перасьледу дэмакратычных актывістаў


Выйшаў са складу ініцыятыўнай групы актывіста незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксандра Ірхо адзін зь яе сяброў. Спадар Ірхо адмаўляецца называць імя гэтага чалавека:

«Раніцай прыехаў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва таварыш Лебедзеў на прадпрыемства „Хімвалакно“. Там сабралі прафкам. На прафкаме чалавека запалохвалі звальненьнем і праблемамі».

Усяго ў мясцовыя саветы зьбіраюцца балятавацца на Магілёўшчыне каля сотні актывістаў апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG