Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: “Навошта нам гэтыя дэпутаты?”


У рэгіёнах працягваецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Рэгістрацыя іх у тэрытарыяльных камісіях пачнецца 16 сакавіка. Пра тое, як адбываецца гэты працэс у некаторых раёнах Гарадзенскай і Гомельскай абласьцей




ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Алесь Зарэмбюк “захоплівае” ўсе акругі ў райцэнтры Масты


Рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” на Гарадзеншчыне Алесь Зарэмбюк мае балятавацца ў Мастоўскі раённы савет. Ён зарэгістраваў адразу дзесяць ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў. Пра сваю с задуму дэмакрат расказаў журналісту Сяргею Астраўцову.

Алесь Зарэмбюк зазначае, што ў Мастах дзесяць акругаў па выбарах дэпутатаў раённага савету, куды ён мае намер балятавацца, і тлумачыць сваю ідэю:

Чаму Алесь Зарэмбюк лічыць ідэальнай для сябе сытуацыю суперніцтва сам-насам з кандыдатам ад улады?
ідэальнай сытуацыяй было б застацца сам-насам з кандыдатам ад улады ...

“Зараз я ў руках трымаю 100 пасьведчаньняў сябраў маіх ініцыятыўных групаў. Максымальная колькасьць у кожнай, што дазволена законам, гэта —дзесяць чалавек. На сёньняшні дзень я ня ведаю ўсіх патэнцыйных прэтэндэнтаў, хто хоча стаць кандыдатам у дэпутаты. Падчас наступнага этапу — збору подпісаў выбаршчыкаў — я буду ведаць, хто ў якой акрузе балятуецца. І для мяне ідэальнай сытуацыяй было б застацца сам-насам з кандыдатам ад улады. Таму я лічу непажаданым сустракацца зь незалежнымі вылучэнцамі або з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных арганізацый. Дзеля гэтага я зарэгістраваў дзесяць групаў. Зараз мы можам сабраць ва ўсіх дзесяці акругах па 75 подпісаў выбаршчыкаў, і ўжо 14 сакавіка я змагу прыняць рашэньне — па якой усё-ткі з гэтых дзесяці акругаў я буду балятавацца і буду падаваць дакумэнты, каб зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты”.

Алесь Зарэмбюк быў дэпутатам Мастоўскага райсавету, але на апошніх мясцовых выбарах ня змог зноў трапіць у свой райсавет: паводле афіцыйных лічбаў, яму не хапіла двух галасоў.

У Астравецкім раёне вылучэнцам ад апазыцыі чыняць перашкоды


Два такія выпадкі ўжо зафіксаваныя і будуць абскарджвацца.

Іван Крук
Івану Круку
адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы з прычыны таго, што пасьля падачы дакумэнтаў у раённую акруговую камісію тры заявы зь пяці, пададзеных сябрамі ягонай ініцыятыўнай групы, былі адкліканыя.

Іван Крук сьцьвярджае, што на людзей ціснулі супрацоўнікі райвыканкаму.

Другому вылучэнцу ад апазыцыі Мікалаю Ўласевічу адмовілі з прычыны таго, што ён асабіста не здаваў дакумэнты ў тэрытарыяльную выбарчую камісію і не прысутнічаў на яе паседжаньні, калі адбывалася рэгістрацыя.

“Чыноўнікі імкнуцца, каб я траціў час на скаргі, а не займаўся жывой працай зь людзьмі”


Мікола Ўласевіч
Уласевіч:
“Я павінен гэта пракамэнтаваць: ніякага паведамленьня аб паседжаньні камісіі мне не даслалі. У той дзень я заходзіў у пакой, дзе засядае камісія, правяраў свае дакумэнты, мяне там бачылі, і ніхто не папярэдзіў, што адбудзецца паседжаньне камісіі, і я не прыехаў. Вось з такой прычыны яны адмовілі ў рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы”.

Мікола Ўласевіч накіраваў скаргу ў абласную тэрытарыяльную камісію. Аднак ён перакананы, што ўлады не зарэгістравалі яго наўмысна, бо, зь яго слоў, баяцца жывога голасу ў райвыканкаме.

Мікола Ўласевіч добра разумее, што такім чынам улада хоча ўцягнуць яго ў тое, каб ён толькі пісаў скаргі і займаўся судамі.

Уласевіч: “Вынесьлі рашэньне, каб затармазіць, не зарэгістраваць, бо калі пойдзеш па шляху абскарджваньня, то атрымаецца, што два тыдні ў цябе з выбарчай кампаніі прападуць, а потым за два тыдні ты ўжо ня здолееш правесьці належным чынам кампанію”.

Адгаворваць сябра ініцыятыўнай групы вылучэнца БСДГ прыяжджаў намесьнік старшыні Бераставіцкага райвыканкаму


У Бераставіцкім раёне да пэнсіянэра Яўгена Сінкевіча, які зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Алега Рамашкевіча з БСДГ, у вёску Алекшыцы прыехаў асабіста намесьнік старшыні райвыканкаму спадар Чыкун.

Са слоў спадара Сінкевіча, ён намаўляў яго забраць сваю заяву і пакінуць займацца выбарамі.

Сінкевіч: “А навошта нам такі чалавек у органах кіраваньня? — пачаў ён мне казаць. А яму адказваю — а як у цывілізаваным сьвеце? Што вы, людзі, робіце? Быў ён вельмі незадаволены. Адзін раз яны мяне прымусілі адмовіцца, цяпер я сказаў: не, выбары ёсьць выбары, і гэта мая справа”.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вылучэнцы апазыцыі зьбіраюць подпісы на асабістых сустрэчах з выбаршчыкамі


У Гомелі ініцыятыўная група вылучэнца грамадзкага руху “Разам” Юрася Глушакова ўжо сабрала некалькі дзясяткаў подпісаў у Авіяцыйнай выбарчай акрузе № 37 па выбарах дэпутата гарсавету.

Сябра ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на дэпутацкі мандат Марыя Багдановіч расказвае:
Ня трэба нам гэтыя дэпутаты! Не пайду галасаваць! ...

“Без асаблівага захапленьня сустракаюць нас. Але і падазронасьці няма. Даверу цяпер больш, чым у час падрыхтоўкі да мінулых парлямэнцкіх выбараў. Гэта было, праўда, у мікрараёне “Гомсельмашу”. Там выбаршчык ледзь толькі чуе пра выбары — ён яшчэ нават дзьверы не адчыніў, а ўжо крык ягоны чуваць на тры паверхі: “Ня трэба нам гэтыя дэпутаты! Не пайду галасаваць!” Парлямэнт у іх асацыяваўся з адменай ільготаў, і гэта было правільна”.

Даверам карыстаецца вылучэнец, які дапамагаў людзям вырашаць іхныя побытавыя праблемы

Па словах спадарыні Багдановіч, Юрася Глушакова ў акрузе некаторыя выбарцы пазнавалі. Сем гадоў таму ён прадстаўляў інтарэсы людзей Авіяцыйнай акругі ў гарсавеце:

“Некаторыя пазнаюць Юрася — рэкляма яму асаблівая не патрэбная. А некаторыя пытаюцца: хто такі? Калі ён кажа, што быў дэпутатам, тады ў яго адразу пытаюцца: а што зрабіў? Але ў яго на гэта ёсьць адказ. Сапраўды, падчас свайго дэпутацтва ён дамогся, каб ваду гарачую правялі ў адзін з дамоў. Вырашыў некалькі іншых побытавых праблемаў выбарцаў. Таму некаторыя памятаюць”.

“Выбарчыя кампаніі ўладзе патрэбныя хіба толькі дзеля падману”


У Жлобіне былы рабочы БМЗ Анатоль Сьцепаненка вылучаецца кандыдатам у дэпутаты райсавету ў мікрараёне мэталюргаў. Пікетаў па зборы подпісаў ладзіць ня будзе, бо да гэтага часу райвыканкам не абнародаваў мажлівыя месцы пікетаў. Усю ўвагу спадар Сьцепаненка скіроўвае на збор подпісаў у дамах выбарцаў:
Гэтыя кампаніі выбарчыя ўладзе насамрэч не патрэбныя — яны патрэбныя хіба толькі дзеля падману...

“Мы яшчэ ня ведаем рашэньня выканкаму, дзе забараняецца праводзіць пікеты. Куды ж я пайду? Гэтыя кампаніі выбарчыя ўладзе насамрэч не патрэбныя — яны патрэбныя хіба толькі дзеля падману. А нам яны патрэбныя дзеля размовы зь людзьмі. У мяне досьвед такі ёсьць. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі я хадзіў зьбіраць подпісы за Мілінкевіча. Гэта карысна ў пляне гутарак зь людзьмі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG