Вытворцы салодкіх газіраваных напояў дзейнічаюць як вытворцы цыгарэтаў у старыя часы. Іхні маркетынг разьлічаны ў значнай ступені на дзяцей: яны пераконваюць, што іх прадукты здаровыя ці прынамсі дабраякасныя. Вытворцы сьцьвярджаюць, што ва ўмераных памерах салодкія газіраваныя напоі ня шкодныя для здароўя, і да іх не ўзьнікае прывыканьня.
Газэта “Нью-Ёрк Таймс” адзначае, што праблема ў тым, што ў ЗША спажываньне салодкай газіроўкі далёкае ад ўмеранага, і складае прыкладна 50 літраў на чалавека ў год, не кажучы ўжо пра іншыя салодкія напоі. І гэта зьяўляецца важным фактарам росту атлусьценьня ў дзіцячым узросьце, што павялічвае рызыку пачатку цукроўкі.
На мінулым тыдні адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы абвясьціла пра плян забараніць цукеркі і салодкія газіраваныя напоі ў школах. Кампанія супраць дзіцячага атлусьценьня будзе ажыцьцяўляцца пад кіраўніцтвам першай лэдзі Мішэль Абамы. І ўсё большую колькасьць прыхільнікаў грамадзкай аховы здароўя настойваюць на яшчэ больш агрэсіўных дзеяньнях, даказваючы, што салодкую газіроўку варта разглядацца як тытунь: з адпаведнымі падаткамі для вытворцаў, папераджальнымі надпісамі і масавай кампаніяй у падтрымку здаровага ладу жыцьця – усё для скарачэньня спажываньня.
Падатак на вытворчасьць салодкіх газіраваных напояў разглядаўся адным з варыянтаў, дзе ўзяць грошы на рэформу аховы здароўя. Аб'яднаны камітэт па падатках падлічыў, што пры 3-адсоткам падатку на кожную 300 мілімэтровую банку салодкай газіроўкі за дзесяць гадоў у бюджэт прыцягнулі б 51,6 мільярдаў даляраў. Летась увосень Барак Абама увосень ў інтэрвію часопісу “Мужчынскае здароўе” сказаў, што такі падатак зьяўляецца “ідэяй, якую мы павінны вывучыць. Няма сумневаў, што нашы дзеці ўжываюць зашмат салодкай газіроўкі".
Сьюзэн Нілі, прэзыдэнт Амэрыканскай асацыяцыі напояў прызнае, што атлусьценьне зьяўляецца праблемай, але кажа: "Калі вы спрабуеце ўплываць на людзей з залішняй вагой, патрэбныя розныя зьмены ў паводзінах для дасягненьня энэргетычнага балянсу – і гэта ня можа быць зроблена шляхам ліквідацыі аднаго прадукту з ежы".
Як кажуць крытыкі падатку, яго ўвядзеньне не гарантуе зьніжэньне дзіцячага атлусьценьня. "Проста цэны на адзін прадукт стануць вышэй, – кажа Дэрэк Ях, старшы віцэ-прэзыдэнт па глябальнай палітыцы ў галіне аховы здароўя ў кампаніі Pepsi Co, – гэта можа нават прывесьці да пагаршэньня сытуацыі: людзі могуць спыніць купляць адны прадукты і набываць больш другіх, таму ўвядзеньне падатку на прадукты з высокім ўзроўнем цукру можа прывесьці да таго, што будуць ужываць прадукты з больш высокім ўзроўнем калёрый".
Тым ня менш, ідэя спэцыяльнага падатку на салодкую газіроўку, аналягічнага падатку на тытунёвыя вырабы, бэнзін і алькагольныя напоі, прыцягвае ўсё больш цікавасьці ў ЗША, піша “Нью-Ёрк Таймс”.