Без такой нагрузкі цягліцы атрафуюцца з узростам. Таму старым часта цяжка хадзіць, і павялічваецца небясьпека ўпасьці. Паводле дасьледчыкаў, такіх праблемаў можна ў значнай ступені пазьбегнуць, бо нават старыя людзі могуць павялічыць сілу цягліцаў з дапамогай практыкаваньняў.
Здароўе цягліцаў вызначаецца праз два паказчыкі: выносьлівасьць і сілу, кажа Робэрт Фітс, загадчык катэдры біялёгіі ў амэрыканскім унівэрсытэце Маркет. Каб падтрымліваць выносьлівасьць, трэба рабіць практыкаваньні, якія даюць прыток крыві ў цягліцы, напрыклад хадзіць ці бегаць. Для сілы цягліцаў трэба падымаць цяжары і пры гэтым найперш нагружаць так званыя "антыгравітацыйныя мускулы", то бок цягліцы ног і сьпіны, кажа прафэсар Фітс.
Дасьледчыкі раяць тым, хто хоча павялічыць сілу цягліцаў, займацца зь цяжарамі тры разы на тыдзень і пры гэтым раз на тыдзень практыкавацца зь вялікімі цяжарамі, якія дазваляюць рабіць практыкаваньне максымальна 3-5 разоў. Прафэсар Уільям Крэмэр з унівэрсытэту штату Канэктыкут кажа, што шмат якія жанчыны, якія трэніруюцца зь цяжарамі, выкарыстоўваюць замалую вагу, бо баяцца павялічыць аб'ём мускулаў. Ён тлумачыць, што гэта беспадстаўныя страхі, бо для вялікай масы цягліцаў патрэбны высокія ўзроўні гармону тэстастэрон, якіх няма ў жанчынаў.
Практыкаваньні зь вялікімі цяжарамі карысныя нават калі не адбываецца росту цягліцаў. Галоўны кардыёляг шпіталю ў амэрыканскім горадзе Гарфард Пол Томсан кажа, што трэніруецца зь цяжарамі ад 12 гадоў. Цяпер яму 60, але за ўсё жыцьцё з яго ніколі не было вялікіх цягліцаў, хутчэй за ўсё з генэтычных прычынаў. Тым ня менш, ён працягвае трэніроўкі зь цяжарамі. "Я лічу, што некаторыя людзі перажываюць свае мускулы, то бок у іх усё ў парадку з розумам і сэрцам, але так мала сілы цягліцаў, што яны ня могуць утрымацца на нагах, калі спатыкнуцца, – кажа доктар Томпсан штодзёньніку New York Times. – А калі ўпадуць, дык ня могуць падняцца".
Ён ня хоча быць адным з такіх людзей.