Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлектуальныя нагрузкі прадухіляюць хваробу Альцгаймэра


Навукоўцы ўважаюць, што кожны восьмы чалавек, старэйшы за 65 гадоў, хворы на розныя формы хваробы Альцгаймэра. Лекаў ад гэтай хваробы не існуе, ёсьць толькі некалькі прэпаратаў, якія запавольваюць яе разьвіцьцё. Аднак у апошні час зьяўляецца ўсё больш сьведчаньняў, што патэнцыял старэючага мозгу значна большы, чым здавалася раней.



Газэта “The New York Times” прыводзіць выказваньне прадстаўніцы Нацыянальнага інстытуту старэньня ЗША доктаркі Молі Ўагстэр. Паводле гэтай лекаркі, распаўсюджанае меркаваньне аб тым, што нэрвовыя клеткі не аднаўляюцца і іх колькасьць у чалавека абмежаваная, не адпавядае сапраўднасьці. Цяпер навукоўцы ўжо маюць доказы, што новыя нэрвовыя клеткі нараджаюцца і ў паддосьледных жывёлаў, і ў чалавека.

Што праўда, навукоўцы ня маюць адказаў на ўсе пытаньні. Аднак вывучэньне старых людзей, якія захавалі мэнтальнае здароўе, дае лекарам некаторыя падказкі. Большасьць мэнтальна здаровых старых зьяўляюцца вельмі сацыяльна актыўнымі, маюць моцныя сувязі са сваякамі, сябрамі і навакольным грамадзтвам. Лад жыцьця такіх людзей стымулюе іх інтэлектуальна і фізычна. Аднак застаецца і вялікае пытаньне – гэтыя людзі захоўваюць здаровы мозг з-за сваёй актыўнасьці, або іх актыўнасьць зьвязана са здароўем мозгу? Прадстаўнік аднаго з нью-ёркскіх унівэрсытэтаў, доктар Брус МакІўэн уважае, што гэта, як ён сказаў, вуліца з двухбаковым рухам.

Аднак некаторыя дасьледаваньні аддаюць усё ж перавагу актыўнаму ладу жыцьця ў працэсе захаваньня здароўя клетак мозгу. Нядаўна ва унівэрсытэце Ілінойсу быў праведзены наступны экспэрымэнт. Для сядзячай працы была набрана група людзей ва ўзросьце паміж 60-цю і 75-цю гадамі. Палове з гэтых людзей прызначылі фізычныя практыкаваньні тры разы на тыдзень у выглядзе хадзьбы, а другая палова проста працавала. Праз шэсьць месяцаў аказалася, што ў тых, хто займаўся лёгкімі фізычнымі практыкаваньнямі на 15 працэнтаў палепшылася памяць і пазнавальная функцыя мозгу. Таксама і іншыя дасьледаваньні апошніх гадоў знайшлі сувязь паміж паляпшэньнем пазнавальнай функцыі мозгу і фізычнымі ды інтэлектуальнымі практыкаваньнямі.

Зрэшты, скептыкі кажуць, што пакуль няма доказаў, што інтэлектуальныя нагрузкі прадухіляюць хваробу Альцгаймэра ці іншыя формаў прыдуркаватасьці. Тым ня менш усе навукоўцы сыходзяцца на думцы, што рэгулярная фізычная нагрузка спрыяе паляпшэньню кровазвароту мозгу і стымулюе выпрацоўку шэрагу гармонаў. Таксама вельмі спрыяльна на мозг уплываюць далейшая адукацыя, падарожжы, вывучэньне новых моваў, авалодваньне новымі музычнымі інструмэнтамі. Таксама рэкамэндуецца міжземнаморская дыета, якая ўключае ў сябе рыбу, ненасычаныя тлушчы, аліўкавы алей, садавіну і гародніну, а таксама невялікую колькасьць чырвонага віна. Таксама важна, каб людзі на як мага даўжэй захоўвалі добрыя сацыяльныя сувязі і не баяліся спрабаваць рабіць нешта новае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG