Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: Другі тур украінскіх выбараў празрысты і справядлівы

абноўлена

Ва Ўкраіне прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Цэнтравыбаркам Украіны заявіў, што Юлія Цімашэнка ўжо ня зможа дагнаць свайго апанэнта. У заяве канстатуецца, што пры наяўнасьці 1.58% яшчэ непадлічаных бюлетэняў, Януковіч захоўвае лідэрства з адрывам у 2.79%.


Лідар партыі рэгіёнаў павіншаваў сваіх прыхільнікаў зь перамогай і заклікаў Цімашэнку прызнаць сваю паразу. Яна, аднак, сказала, што будзе чакаць канчатковых вынікаў.

Міжнародныя назіральнікі віталі другі тур прэзыдэнцкіх выбараў на Ўкраіне, назваўшы яго празрыстым, справядлівым і “ўражальнай праявай дэмакратыі”.

Назіральнікі ад АБСЭ заклікалі ўкраінскіх палітычных лідэраў забясьпечыць па выніках галасаваньня "мірны і канструктыўны" працэс перадачы ўлады. Адносна самога галасаваньня ў заяве адзначаецца, што выбарчы працэс "збольшага адпавядаў крытэрам АБСЭ і абавязаньням, якія Ўкраіна ўзяла на сябе ў рамках Рады Эўропы".

Пасьля падліку больш чым 97% бюлетэняў дадзеныя Цэнтравыбаркаму сьведчаць, што лідэр партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч захоўвае лідэрства, хаця і зь меншым адрывам, чым гэта вынікала з дадзеных экзыт-полаў. Паводле апошніх зьвестак за Януковіча прагаласавала 48.49%. За дзейнага прэм'ер міністра краіны Юлію Цімашэнка - 45.92%. Яўка выбарнікаў склала 69%.

***

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўладзімер Шапавал заявіў: «Я ўпэўнены, што да 17 лютага, згодна з законам, ЦВК прыме тое рашэньне, якое яна абавязана прыняць – абвясьціць вынікі выбараў. Будзе складзены пратакол і будуць аб'яўленыя вынікі выбараў».

Па яго словах, зараз ЦВК падлічвае вынікі галасаваньня. «Галоўнае – трэба дачакацца пратаколаў з мокрай пячаткай, на аснове якіх мы і павінны прымаць адпаведнае рашэньне», – сказаў старшыня ЦВК.

Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркама, апрацаваныя 95, 99 адсоткі электронных пратаколаў па Ўкраіне. За Віктара Януковіча прагаласавалі 48,29 працэнтаў выбаршчыкаў, за Юлію Цімашэнку – 46,10 працэнта.

Розьніца паміж кандыдатамі складае каля 530 тысяч галасоў.

4,41 працэнтаў выбаршчыкаў не падтрымалі ні аднаго кандыдата.

Намесьніца кіраўніка Партыі рэгіёнаў Ганна Герман параіла апанэнтам адразу прызнаць паразу і не правакаваць масавых забурэньняў. Тым часам у штабе Блёку Юліі Цімашэнкі гавораць, што прызнаюць або не прызнаюць вынікаў адно тады, калі штаб падсумуе ўсе парушэньні на выбарах і ацэніць іх уплыў на волевыяўленьне ўкраінцаў.

На думку назіральнікаў Камітэту выбарнікаў Украіны і сеткі “Апора”, фальсыфікацыі і агітацыя ў дзень галасаваньня паўплывалі на вынік, аднак нязначна.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, на галасаваньне ў нядзелю прыйшлі звыш 69% выбарнікаў.

У сьпісы для галасаваньня было ўнесена звыш 36,9 мільёна выбарнікаў. Для назіраньня за выбарамі зарэгістравалі звыш 160 тысяч афіцыйных назіральнікаў ад кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта і больш як 3700 міжнародных назіральнікаў.

Міліцыя падчас другога туру прэзыдэнцкіх выбараў працавала практычна ўсім асабовым складам, як і падчас першага туру, калі правапарадак забясьпечвалі амаль 70 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Вонкавую ахову асноўных адміністратыўных будынкаў у Кіеве забясьпечвалі паўтары тысячы супрацоўнікаў МУС.

Згодна з пастановаю ЦВК, канчатковы тэрмін абвяшчэньня вынікаў другога туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны – 17 лютага.

У першым туры, які адбыўся 17 студзеня, Віктар Януковіч набраў 35,32 працэнта галасоў, Юлія Цімашэнка – 25,05 працэнта.

Цімашэнка ў Днепрапятроўску прагаласавала за “новую Ўкраіну”


Дзейная прэм’ер-міністар прагаласавала раніцаю на выбарчым участку ў Днепрапятроўску. На выбары Цімашэнка прыйшла з сваёй сям’ёю – мужам Аляксандрам і дачкою Яўгеніяй.

Пасьля галасаваньня кандыдатка на пасаду прэзыдэнта падышла да журналістаў і, у прыватнасьці, павіншавала народ Украіны зь сьвятам дэмакратыі.

“Я прагаласавала за новую Ўкраіну” – цудоўную эўрапейскую краіну, людзі ў якой будуць жыць шчасьліва. А я служыцьму Ўкраіне ўсёй душою, – сказала Цімашэнка.

Януковіч: Украінскі народ зробіць крок да пераадоленьня крызісу

Галасуючы ў Кіеве, кандыдат у прэзыдэнты, лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч заявіў пра сваю ўпэўненасьць у тым, што ўкраінскі народ сваім сёньняшнім выбарам зробіць першы крок да пераадоленьня крызісу.

“Я ўпэўнены, што ўкраінскі народ зробіць добры выбар, прагаласуе за добрыя зьмены, стабільнасьць і моцную Ўкраіну”, – сказаў Януковіч.

Цігіпка: Сумняюся, што той, хто прайграе, прызнае вынікі


Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, лідэр партыі “Моцная Ўкраіна” Сяргій Цігіпка заявіў, што сумняецца ў прызнаньні тым, хто прайграе на выбарах, вынікаў галасаваньня.

“Цяпер самае галоўнае, каб усё прайшло ціха і спакойна, як у эўрапейскіх краінах: атрымалі вынікі, павіншавалі адно аднаго і сказалі: “Давайце працаваць далей”... Але я ня веру, што будзе так, таму што гэта ў эўрапейскіх краінах так. На жаль, мы маем такія каманды, якія сёньня гатовыя пайсьці на што хаця, абы толькі быць пры ўладзе”, – сказаў Цігіпка, прагаласаваўшы на адным з участкаў у Кіеве.

Палітык дадаў, што будзе разглядаць прапановы пераможца прэзыдэнцкіх выбараў – нават калі гэта будзе кандыдат, за якога Цігіпка не галасаваў у другім туры. Пры гэтым лідэр “Моцнай Украіны” адмовіўся паведаміць, за каго прагаласаваў сёньня.

За Цігіпку ў першым туры выбараў прагаласавалі 13,05 працэнта выбарнікаў, ён заняў трэцяе месца сярод 18 кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG