Майдан – пусты. Канешне, аўтамабіляў па-ранейшаму шмат, бо плошча застаецца найбуйнейшым транспартным перакрыжаваньнем Кіеву, людзей таксама хапае, але пра палітычныя падзеі 2004 году нагадвае толькі аточаны шклом фрагмэнт калёны з надпісамі тых, хто стаяў ўдзень і ўначы на гэтай плошчы. Як ня дзіўна, але ў цэнтры Кіеву, на Крашчаціку, перадвыбарчых білбордаў мала – мэрыя забараніла праводзіць на Майдане масавыя акцыі, і кандыдаты ў прэзыдэнты перанесьлі агітацыю у іншыя месцы.
Асноўная ідэя лёзунгаў Юліі Цімашэнкі – ўратаваць Украіну (ад каго – выбаршчык даўно ведае). Яна імкнецца ўвасобіць эўрапейскі выбар, які павінен даць выйсьце з эканамічнага крызісу, а эканоміку мясцовыя палітолягі лічаць найгалоўнейшай праблемай для будучага прэзыдэнта. Для выступаў Цімашэнка абрала Сафіеўскую плошчу, дзе ўвечары ў пятніцу адбудзецца масавая малітва за Ўкраіну.
Праз некалькі будынкаў ад Сафіеўскай – Міхайлаўская плошча, тут будуць зьбірацца прыхільнікі Віктара Януковіча. Галоўны ягоны лёзунг – "Украіна – для людзей" (некаторыя жартуюць, што людзей гэтых можна пабачыць у "майбахах" і поршэ"). Януковіч абапіраецца на падтрымку усходніх рэгіёнаў Украіны, дзе моцныя прарасейскія настроі.
Адсутнасьць шматлюдных масавых акцый у апошнія перадвыбарчыя дні палітолягі тлумачаць адсутнасьцю выбару для тых, хто не зьяўляецца зацятым прыхільнікам Януковіча альбо Цімашэнкі. "Кампанія дэпрэсіўная, па-за палітыкай ня толькі Майдан, – кажа мне дырэктар Інстытуту глябальных стратэгій Вадзім Карасёў. – Для вялікай колькасьці людзей абодва кандыдаты ўспрымаюцца аднолькава, і яны не чакаюць для сябе нейкіх станоўчых пераменаў у выніку выбараў ".
"Бесарабка" - самы стары і знакаміты рынак Кіеву. Прылаўкі поўныя, але пакупнікоў небагата. Нацбанк Украіны адышоў ад палітыкі фіксаванага курсу грыўны, і інфляцыя пайшла ўверх – разам з цэнамі. У 2010 годзе афіцыйна прагназаваны дэфіцыт бюджэту – 4 адсоткі, незалежныя экспэрты памнажаюць гэтую лічбу ў два разы. Дырэктар Інстытуту нацыянальнага прагназаваньня Акадэміі Навук Валерый Геец на "круглым стале" штотыднёвіка "Дзеркало тижня" заявіў, што сёньняшнія эканамічныя праблемы – вынік адсутнасьці разуменьня таго, якую макраэканамічную і крэдытна-фінансавую палітыку трэба рэалізоўваць. Другі тур выбараў павінен вызначыць, у які бок пойдзе Украіна.