Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці цяплее — невядома, але пагаршаецца — напэўна


Паводле апошніх дадзеных Нацыянальнай управы ЗША па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы (NASA), апошняе дзесяцігодзьдзе (2000-2009) было самым цёплым дзесяцігодзьдзем на Зямлі з часу, як людзі сталі сыстэмна вымяраць тэмпэратуру на нашай плянэце (гэта значыць, з 1880 году).


NASA таксама ўстанавіла, што найцяплейшым годам за апошнія 130 гадоў быў 2005, а другім па ліку — 2009.

За апошнія тры дзесяцігодзьдзі тэмпэратура на Зямлі павысілася ў сярэднім на 0.6 градуса Цэльсія, а з 1880 — на 0.8 градуса. Несумненна, за апошнія 30 гадоў людзі нават без дапамогі навукоўцаў маглі назіраць і адчуваць, што надвор’е зьмяняецца ў бок пацяпленьня. Але ці гэта значыць, што пацяпленьне займела беззваротны характар у глябальным маштабе?

На гэтае пытаньне не існуе адназначнага адказу. Прыхільнікі тэорыі глябальнага пацяпленьня адказваюць адназначна "так", дадаючы яшчэ і галоўную прычыну гэтага пацяпленьня — выкіды вуглекіслага газу ў атмасфэру, то бок, забруджваньне атмасфэры чалавекам і яго індустрыяй.

Іншыя кажуць, што глябальную тэмпэратуру людзі сталі вымяраць толькі 130 гадоў таму, таму нельга выключыць, што на Зямлі клімат можа вагацца ў значна даўжэйшых цыклах, чым 130 гадоў. І на пацьвярджэньне гэтага дапушчэньня прыводзяць гістарычныя запісы, паводле якіх у Эўропе ў Х-ХІІІ стагодзьдзях было значна цяплей, чым цяпер (тады ў Паўночнай Нямеччыне і ў Шатляндыі вырошчвалі вінаград), а ў ХІV-XIX стагодзьдзях пайшлі такія маразы, што ў гэтых рэгіёнах вінаград прапаў. Тое, што за апошнія 30 гадоў людзям стала выразна цяплей, — кажуць скептыкі тэорыі незваротнага глябальнага пацяпленьня, — ня значыць, што цягам наступных 100 гадоў ня прыйдуць халады ці маразы. Вось, магчыма, гэтае пахаладаньне ўжо пачалося цяперашняй зімою...

Навуковая спрэчка датычыць і чыньнікаў, якія ўплываюць на зьмену клімату. Навукоўцы наогул пагаджаюцца, што ў параўнаньні з уплывам актыўнасьці Сонца на зямны клімат, усе іншыя чыньнікі маюць меншы ўплыў. Некаторыя кажуць больш — іншыя чыньнікі настолькі малыя, што і ня трэба сабе дурыць імі галавы. То бок, канцэнтрацыя вуглякіслага ды іншых парніковых газаў у атмасфэры насамрэч не ўплывае на клімат. А таму, паводле такіх скептыкаў, і апошняя міжнародная канфэрэнцыя ў Капэнгагене, мэтай якой было прыняць захады, каб абмежаваць глябальнае пацяпленьне ў будучыні да 2 градусаў, ня мела сэнсу. Так бы мовіць, лёс глябальнага пацяпленьня ці пахаладаньня не залежыць ад людзей.

Але нават калі канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасфэры і не ўплывае на клімат, то несумненна ўплывае на тое, як нам дыхаецца. А дыхаецца нам штораз горш. І з гэтым пагаджаюцца ўсе навукоўцы. Таму капэнгагенская канфэрэнцыя, нават калі яна і выходзіла з памылковага дыягназу прычынаў глябальнага пацяпленьне, усё ж мела разумны і карысны сэнс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG