Запозьненае разьвітаньне: памяці веры рыч
elegeia
***
На зімовае сонцастаяньне, за дзьве ночы да Калядаў — сьвята Сонцавароту й Божага нараджэньня, пракаветны кельцкі човен плыве й зьбірае чыстыя душы, каб ціха й урачыста пераправіць іх на Той Бераг, у вырай, дзе яны ізноў зьяднаюцца з Адзіным, ад Якога ў свой час аддзяліліся ды былі ўдыхнутыя ў немаўлячыя цельцы, каб блукаць і сваволіць, шукаць і знаходзіць на тым беразе, які мы завем жыцьцём...
***
Вера любіла гэтую легенду. Вера хацела памерці 22-га сьнежня...
Яна памерла, відаць, раней, на самоце, ціха-ціха, але знайшлі яе акурат 22-га сьнежня, і гэтай датаю пазначылі пасьведчаньне пра сьмерць...
***
Як ты ўсё разьлічыла! Пасьпела, чыстая душа, на свой ірляндзкі човен, і сустрэла Каляды ў поўным яднаньні з Адзіным. Магчыма, ты разьлічыла таксама, што гэтай сьвяточнай парою нам ня будзе шмат часу аплакваць цябе — бо ты не любіла суму, і ты б напэўна хацела, каб мы думалі пра цябе сьветла й радасна, і каб ты сама засталася ў нашай памяці лёгкай, сьветлай і радаснай істотаю, якая любіла быць у цэнтры ўвагі, якая была заўсёды гатоваю прыйсьці на дапамогу, заўсёды гатоваю паўдзельнічаць у любой імпрэзе, гатоваю да любой авантуры (о, колькі іх у нас з табой было!), і заўсёды-заўсёды гатоваю чытаць свае вершы, сьпяваць свае песьні, якіх нямала панаскладала за сваё творчаплённае жыцьцё, і нават танчыць у тахт сваім сьпевам... Мятлушка, праменьчык, незгасальная ўсьмешка Чэшырскага ката...
***
Ты толькі не разьлічыла, што ніякае — ніякае! — сьвята не заглушыць гэтак вострага, гэтак сьвежага болю неспадзяванага растаньня, тае разгубленасьці, што апаноўвае, калі раптам зьнікла штосьці звыклае, заўсёднае, надзейнае, як надыход Калядаў, пра якое ня думаеш, бо яно проста ёсьць, — а тады звыкла абапіраешся на яго, а там — пустэча... Караліна, якая па тэлефоне агаломшыла мяне весткаю пра твой адыход, сказала найлепш: «Як безь яе жыць?»
Вера, Вера, сьвята без цябе — якое ж гэта сьвята? Дванаццаць разоў мы з табой разам елі куцьцю, дванаццаць калядных службаў адсьпявалі, дванаццаць разоў запальвалі на ялінцы сапраўдныя сьвечкі.
Вера, Вера, я ўсё адно плачу, хочаш ты тога ці не — не па табе, што пераплыла Раку, але па сабе, па ўсіх нас, што абапіраліся на цябе з бяздумнай лёгкасьцю і ў чыім жыцьці зазеўрала пустэча... Зрэшты, плач па памёрлых — заўсёды плач па сабе.
***
У мяне ў галаве гучыць твой голас, стаіць перад вачыма твой твар і пракручваюцца ў памяці — абрыўкамі, як старая кінастужка, — бясконцыя гісторыі, і твае, і з нашага з табой сямнаццацігадовага сяброўства ды яшчэ даўжэйшага знаёмства. Дванаццаць Калядаў і чатырнаццаць Вялікадняў сустрэлі мы разам, і я магу згадаць, што ты рабіла на кожны з іх, бо ты заўсёды была падзеяю...
І ты заўсёды была прыгодаю, і прыгоды адрасталі вакол цябе з колькасьцю й хуткасьцю фэервэркавых суквецьцяў.
Усе пакаленьні тваіх кампутараў ламаліся ад аднога твайго пагляду, ня трэ’ было нават высільвацца дзеля іх уключэньня — досыць было мець усяго тэрміновую працу. І самаход, у якім ты падарожнічала, ламаўся дзе-небудзь у польскай глыбінцы, дзе да бліжэйшай грунтовай дарогі было з гадзіну язды, а да бліжэйшай вёскі — гадзінаў пяць, пры ўмове добрага надвор’я, але ж навокал, безумоўна, апускалася восеньская ноч, якую ажыўлялі толькі грымоты й шум ветру з дажджом, а за асьвятленьне былі толькі рэдкія маланкі. Але ты заўжды патрапляла, куды хацела, нават калі даводзілася ехаць цягніком праз тры краіны бяз візаў і з пратэрмінаваным квітком да сярэдзіны шляху, затлуміўшы праваднікоў усхваляванай ангельскай скорагаворкаю, з якой яны разумелі толькі тое, што зсадзіць цябе не атрымаецца, і ты паедзеш тады й датуль, калі й дакуль надумалася.
У цябе пастаянна былі нейкія неймаверныя «дэдлайны» — тэрміны здачы бясконцых артыкулаў ці перакладаў, ад якіх зазвычай залежалі лёсы плянэты, ці нацыяў, ці прынамсі выданьняў, конкурсаў, часопісаў, сьвяткаваньняў...
Але ты магла без нараканьняў праз усю ноч сядзець і выпраўляць-дарабляць чарговую студэнцкую працу перад заўтрашнім дэдлайнам: з чатырма пакаленьнямі беларускіх студэнтаў-багасловаў ты прайшла поўны курс багаслоўскае адукацыі, прыклаўшы руку да шматлікіх прац на ўсе магчымыя тэмы — ад Бібліі й літургікі да гісторыі Царквы й патрыстыкі, ад фундамэнтальнае тэалёгіі й антрапалёгіі да маральнага багаслоўя й сацыяльнае ды палітычнае этыкі... — і ў кожную штосьці ўнесла, дзякуючы сваёй велізарнай эрудыцыі, хуткаму розуму й — найперш — сваёй творчай геніяльнасьці... Я цябе ніколі не турбавала, ажно да глыбокага тупіку, у які я забурылася з сваім дактаратам і забуксавала, а ты сама — сама! — напісала мне, прапанаваўшы пасільную дапамогу, не ад мяне даведаўшыся пра маю бяду, і насамрэч папіхнула мой творчы воз, надаўшы яму так неабходнае паскарэньне.
Твая геніяльнасьць асабліва блішчэла ў моманты крызісу (руціна была не для цябе), калі ты канцэнтравала ўсю сваю магутную энэргію ды скіроўвала яе, як гарачы прамень на шклянку вады, ці як дажджавую хмару на сасмаглую зямлю, — і вада закіпала ў момант, і хмара пралівалася, і зялёныя парасткі пакрывалі момант таму патрэсканую глебу... Я памятаю, як ты перакладала Наталю Арсеньневу напярэдадні вечарыны ў ейны гонар, — я рабіла даклад па ейнай творчасьці, і ты цалкам слушна хацела перакласьці вершы, якія я мелася цытаваць (бо ўся імпрэза была па-ангельску). Ты прыйшла да мяне за тры гадзіны да выступу і пераклала — лёгка, на адным дыханьні — пару вершаў ды некалькі фрагмэнтаў, і тыя пераклады былі цудоўнымі.
Як ты прасіла чытаць табе якісь верш яшчэ і яшчэ, каб да самых тонкіх капіляраў адчуць яго музыку, рытм і патаемныя сэнсы. І старалася перакласьці так, каб гэта быў тэкст, які б сам паэт склаў бы, калі б пісаў па-ангельску...
Калі ты перакладала ладны том «Вершаў на Свабоду», мы былі ў розных краінах, і ты дасылала мне ўсе свае праблемныя кавалкі, і я тлумачыла табе нюансы, зразумелыя адно носьбітам культуры, у якой тыя кавалкі ствараліся, і ты, калі гэта было магчыма, знаходзіла нейкія ангельскія адпаведнікі, часам зусім іншыя культуралягічна, але адэкватныя эмацыйна.
Нашым самым вялікім супольным праектам былі пераклады вершаў любімай намі абедзьвюмя Тацяны Сапач — маленечкая частка яго выйшла летась беларуска-ангельскаю кніжкаю «Няхай не пакіне нас Восень — Do not abandon us, Autumn». Спраўдзіць яго цалкам не дала сьпярша твая страшная хвароба — ты перанесла анкалягічную апэрацыю, а потым зьнясільваючы курс хіміятэрапіі, — потым мой непрыезд у Лёндан, а потым — твой кельцкі човен... І я засталася з тваімі накідамі і маімі праўкамі, і ня ведаю тога выдаўца, з якім ты была дамовілася на выданьне асобнае кнігі Тацяны, якая мелася быць бадай першай паўнавартаснаю кнігаю сучаснае беларускае паэзіі па-ангельску, выдадзенай у Ангельшчыне і для ангельскага чытача.
І я засталася з тваімі галубамі — галубамі-сьвечкамі, галубамі-паштоўкамі, галубамі-статуэткамі ды галубамі-скрыначкамі, якія, на тваю думку, сымбалізавалі маё імя і якіх ты мне даравала на кожныя мае імяніны. І з тваімі вершамі-акростыхамі, якія ты мне пісала (ды й ня толькі мне: акростых быў тваёй улюбёнаю формаю віншаваньня). І я не магу знайсьці, не магу згадаць той адзіны акростых, што я прысьвяціла табе на твой дзень народзінаў, які ты сьвяткавала ў Менску — акурат пасьля адной з найвялікшых радасьцяў твайго жыцьця — уганараваньня цябе найвышэйшай узнагародаю незалежнае Ўкраіны, ордэнам княгіні Вольгі. Як ты зьзяла, калі распавядала пра ўрачыстую цырымонію й прыняцьце ва ўкраінскай амбасадзе ў Лёндане (на цырымонію ў Кіеве ты не магла патрапіць з прычыны хваробы), і па вялікім сакрэце дзялілася тым, як цяжка было здабыць адпаведны нагодзе строй і чаравікі, і як ты ў выніку іх купіла — першую (і апошнюю) у тваім жыцьці дарагую вопратку. Попел ружы — так, здаецца, завецца колер тога строю, і ён надзвычайна табе пасаваў.
У Беларусі, нажаль, ня склаліся варункі, пры якіх магло б адбыцца нешта падобнае. Хаця сэрца тваё было заўсёды з беларусамі. Ты была прывязаная да Беларускае Каталіцкае місіі ў Лёндане, да яе кіраўніка айца Аляксандра Надсана, які быў тваім шмат-шматгадовым сябрам і галоўным аўтарытэтам апошніх дзесяцігодзьдзяў твайго жыцьця, да ўсіх пакаленьняў хлопцаў-клерыкаў, якіх айцец — пасьпяхова ці не — выгадоўваў на сьвятароў. Ты была самай адданай — гадамі ледзь не адзінай — парафіянкай беларускае царквы сьвятых Пятра й Паўла ў Лёндане, дзе амаль штодня сьпявала літургіі й вячэрні — ці дождж ці слота ці яшчэ якая альбіёнская брыда, а ты сьпяшала ў царкву, змагаючыся з непагадзьдзю й транспартам, часам без надзеі пасьпець адсьпяваць службу, але заўсёды з надзеяю пасьпець пад апошняе бласлаўленьне.
***
І ты пасьпявала... Вось і цяпер ты пасьпела пад апошняе блаславеньне гэтага году, пасьпела на свой човен, пакінуўшы нам сваё апошняе блаславеньне — цудоўны верш, які ты назвала «Запозьненае віншаваньне» і які, насуперак сваёй назьве, пасьпеў да нас да Калядаў і адарыў нас тваім цяплом, лёгкасьцю, бляскам і добразычлівасьцю. Дзякуй табе, Вера, за гэтае віншаваньне, дзякуй, што ты была, і што ты была такая, і што сьвет, дзякуючы табе, стаў ярчэйшым і глыбейшым табою, багацейшым на адну — цяпер унівэрсальную — адзінку: Веру Рыч.