Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грып у Беларусі: хроніка чацьвярга


Зарэгістравана 180 тысяч захворванняў на ВРВІ. Ад пнэўманіі памерла 19 чалавек, у 7 выдзелены вірус сьвінога грыпа. У 9-ым шпіталі адказалі, што праўду пра памерлых ніхто не скажа.







“Дзецям у школах загадалі насіць павязкі. А павязак няма ў ніводнай аптэцы”


Званкі на Свабоду: “Прыйшла ўрач з 35-й паліклінікі, выпісала рэцэпт адзін: арпетол, там яшчэ нейкія лекі вельмі дарагія, і нідзе нічога няма. Дзякуй нашай дзяржаве, што яна так пра нас клапоціцца… Як хочаш, хоць паміраць кладзіся”.

Хворыя на калідорах


У камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкаму паведамілі, што ў Менску “няма праблем са шпіталізацыяй хворых з ВРВІ, грыпам і пнэўманіямі”. “Ніхто на калідорах не ляжыць, усім хапае ложкаў у палатах”. Ці гэта так?

Рэпартаж з 3-га гарадзкога шпіталя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:27 0:00





Гомель. Грыпу не чакалі


Спынены заняткі ў 6 школах Гомельскага, Добрускага (3), Акцябрскага й Калінкавіцкага раёнаў. Недахоп марлевых павязак у рэгіёне кампэнсуе абласны псыханэўралягічны шпіталь.


Аптэкі ня могуць прызапашваць лекі для хворых


У аптэках шукаюць магчымасьці назапасіць лекі для людзей, у якіх ёсьць рэцэпты. “Сёньня мы ня маем заканадаўчай сілы, каб пакінуць сабе гэты рэзэрв. Можа, гэтае пытаньне варта разгледзець на ўзроўні ўправы аховы здароўя, выканаўчага камітэту, нейкімі лякальнымі заканадаўчымі актамі”, — наракае генэральны дырэктар магілёўскага аб’яднаньня “Фармацэя” Сьвятлана Кісялёва.


Сьвіны грып: лекаў няма, а паніка ёсьць


Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям паведамляюць, што колькасьць захворваньняў у краіне расьце. У прыватнасьці, агульная колькасьць хворых на пнэўманію — 2154 чалавекі. 19 памерлі, у 7 зь іх выяўлены вірус сьвінога грыпу. Агулам на сьвіны грып захварэлі 85 чалавек. Адначасна ў паліклініках павялічваецца колькасьць зваротаў, а ў аптэках па-ранейшаму няма лекаў.


Драгічын: “Пра грып ва Ўкраіне нам больш вядома…”


На гэтым тыдні будзе 9 дзён, як памерла жыхарка Драгічына Лідзія Коршун — першая ахвяра сьвінога грыпу ў Беларусі. Удакладняецца таксама, што 37-гадовая жанчына наведвала Ўкраіну і нібыта там заразілася. Тым часам у Драгічыне на сёньня ўжо больш як 400 чалавек зьвярнуліся па лекарскую дапамогу.


Вытворцы лекаў адмаўляюцца камэнтаваць заявы Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка назваў фармацэўтычныя кампаніі супэркарумпаванымі структурамі: “Я ведаю, што адбываецца ў гэтым супэркарумпаваным, бандыцкім асяродку вытворчасьці лекаў”. Што думаюць з нагоды гэтага выказваньня беларускія вытворцы лекаў?


Асабісты рэцэпт міністра Жарко супраць грыпу


02 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў удзельнічалі ў сёньняшнім пленарным паседжаньні. З улікам таго, што некаторыя зь іх знаходзяцца ў камандыроўках, можна канстатаваць — хвароба іх не бярэ. Як дэпутаты засьцерагаюцца ад грыпу?


"Малады Фронт" патрабуе інфармацыю пра грып


Актывісты “Маладога фронту” правялі акцыю ў цэнтры Менску з патрабаваньнем аб’ектыўнай інфармацыі пра захворваньні на грып у Беларусі.


Сэрвэр даведкавай службы аптэк ня вытрымаў перагрузкі


Як паведаміў сайт electroname.com, некалькі дзён таму з аналягічнымі праблемамі сутыкнуўся сайт, прысьвечаны сьвіному грыпу ў Беларусі. З-за панікі, чутак, а таксама маўчаньня афіцыйных асобаў людзі кінуліся па інфармацыю ў інтэрнэт.


Лукашэнка: Сёньня запішчалі па-сьвінячы. А заўтра замурлыкаем ці замычым?


Я ведаю, што адбываецца ў гэтым супэркарумпаваным, бандыцкім асяродку вытворчасьці лекаў”, — сказаў беларускі прэзыдэнт.


Колькасьць хворых на грып у Беларусі. 2-4 лістапада


Па дадзеных санітарна-эпідэміялягічнай службы Менска, колькасьць захварэлых ВРВІ і грыпам у сталіцы памяншаецца.

Большасьць грамадзян, якія зьвярнуліся за дапамогай да мэдыкаў з сымптомамі ВРВІ і грыпу, - людзі ад 18 гадоў і старэйшыя. Па стане на 4 лістапада захварэлі 6.817 чалавек гэтай узроставай катэгорыі, 812 дзяцей да двух гадоў, 1.523 - ад трох да шасьці, 1.160 - ад сямі да 14 і 729 - ад 15 да 17 гадоў.

Пры гэтым колькасьць шпіталізаваных павялічылася са 153 (3 лістапада) да 161 (4 лістапада). З іх 67 - дзеці ва ўзросьце да двух гадоў. Усім ім пастаўлены дыягназ ВРВІ.

З пачатку рэгістрацыі эпідэмічнага пад’ёму ў краіне зарэгістравана 180 тысяч захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, што на 70% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 году.

9-ты шпіталь: “Ніхто вам праўду ня скажа”


“Свабода” патэлефанавала ў прыёмнае аддзяленьне 9-га шпіталя, спадзеючыся дазнацца новай інфармацыі пра хворых на вірусную пнэўманію. Але пытаньні супрацоўніца шпіталя ўспрыняла са зьдзіўленьнем.

Прыёмнае аддзяленьне: “Зь якой нагоды? Нехта вам будзе расказваць, колькі людзей памірае? Сумняюся, ніхто вам гэткую інфармацыю ня дасьць. Сьмешна… Даможацеся праўды… Ніхто вам праўду ня скажа. Нават мы ня ўсё ведаем. У інтэрнэце чытайце. Я таксама адкрыла інтэрнэт і пачытала, вось і ўсё. І гэтым задаволілася”.


Бальнічны ліст дадюць адразу на 5 дзён


Міністэрства аховы здароўя дазволіла выдаваць аднамомантны бальнічны ліст ў сувязі з ВРВІ і грыпам тэрмінам на 5 дзён, паведамляе Інтэрфакс. Гэта выклікана ростам захворваемасьці ў краіне.


Расейцы падораць ці прададуць вакцыну?


Вакцыну ад сьвінога грыпу завязуць у Беларусь з Расеі. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.

Адзінае адкрытае пытаньне: ці за вакцыну давядзецца плаціць грошы альбо яе расейцы дадуць бясплатна.


"Славянка" шые маскі


Вытворчасьць марлевых павязак пачалася на бабруйскай швэйнай фабрыцы “Славянка”. Паводле БелаПАН, канцэрн “Беллегпрам” зрабіў прадпрыемству тэрміновую замову на 30 тысяч марлевых павязак.


Грып адтэрмінаваў канцэрт “Будзьма”


Канцэрт з нагоды году грамадзка-культурніцкай кампаніі “Будзьма”, які быў абвешчаны на 7 лістапада ў памяшканьні Тэатру беларускай драматургіі, пераносіцца на пазьнейшы час.


Мінздраў: “Ніхто на калідорах не ляжыць, усім хапае ложкаў у палатах”


“У лячэбных установах рэспублікі ёсьць запас усіх неабходных лекавых сродкаў для лячэньня вірусных захворваньняў, грыпу, пнэўманіі — антыбіётыкі шырокага спэктру дзеяньня 3—4 пакаленьня, супрацьвірусныя прэпараты, у тым ліку таміфлю, сродкі для лячэньня сардэчна-сасудзістых ускладненьняў”, — паведамілі Інтэрфаксу ў Мінздраве..

У сваю чаргу, у камітэце па ахове здароўя Менгарвыканкаму паведамілі, што ў Менску “няма праблем са шпіталізацыяй хворых з ВРВІ, грыпам і пнэўманіямі”. “Ніхто на калідорах не ляжыць, усім хапае ложкаў у палатах”, — сьцьвярджаюць у камітэце.


У панядзелак дзеці пойдуць у школу


Навучальны працэс адновіцца ў школах Беларусі ў бліжэйшы панядзелак. Пра гэта сёньня паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно.

Журналісты пацікавіліся, ці абавязкова дзецям хадзіць у школу ў павязках. “Могуць хадзіць у павязках, а могуць і бязь іх”, — адказаў Фарыно.


Дэпутатаў грып не бярэ


102 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў бяруць удзел у сёньняшнім пленарным пасяджэньні. Калі ўлічыць, што некалькі дэпутатаў яшчэ знаходзяцца ў камандзіроўках, то можна казаць, што дэпутатаў грып не бярэ.


У Беларусі 85 выпадкаў сьвінога грыпу, 19 памерлых ад пнэўманіі


Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан паведаміла, што ўсяго ў Беларусі лябараторным шляхам выяўлена 85 выпадкаў захворваньня на сьвіны грып. 47 чалавек паправіліся, 31 яшчэ лечыцца. Што да пнэўманіі, з гэтым дыягназам у шпіталі паступіла 2154 чалавекі. Чыноўніца пацьвердзіла:

"Ёсьць і лятальныя выпадкі ад пнэўманіі. За апошнія два тыдні ад пнэўманіі памерла 19 чалавек. Але зь 19 чалавек толькі ў 7 выдзелены гэты вірус грыпа. Прычым, ён знойдзены ў людзей, якія альбо прыбылі з-за мяжы, альбо кантактавалі з людзьмі, якія прыехалі з-за мяжы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG