Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск не адказвае на выбарчыя прапановы Эўропы


Янэз Ленарчыч
Янэз Ленарчыч

Сёньня сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька і ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч сустрэнуцца ў Варшаве з дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэзам Ленарчычам. Яны абмяркуюць прапановы АДС па зьмене выбарчага заканадаўства.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ лічыцца найбольш кампэтэнтнай арганізацыяй у справе выбараў. Менавіта яна накіроўвае сваіх экспэртаў назіраць за выбарчым працэсам, а да высноваў Бюро прыслухоўваюцца іншыя міжнародныя арганізацыі. Таму беларуская апазыцыя і даслала сюды свае прапановы па зьменах выбарчага заканадаўства і практыкі яго ўжываньня, тлумачыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
Анатоль Лябедзька

“Гадзіньнік цікае, час ідзе. Мы ўжо амаль стаім нос у нос з наступнай выбарчай кампаніяй, а ня ведаем, па якіх правілах яна будзе праходзіць. Трэба гэта зразумець, бо ад гэтага залежыць, якім будзе наш фармат удзелу ў выбарчых кампаніях”.

Яшчэ ў лютым Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека перадало беларускім уладам свае прапановы зьменаў Выбарчага кодэксу. Аднак, наколькі вядома, адказ у Варшаву, дзе месьціцца Бюро, яшчэ не паступаў.
Мікалай Лазавік

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць:

“Пасьля мінулых парлямэнцкіх выбараў БДІПЧ АБСЭ па выніках назіраньня выказаў некаторыя прапановы. Іх разглядзела сумесная рабочая група з прадстаўнікоў Бюро і прадстаўнікоў нашага Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. Яны, як прафэсіяналы, як юрысты выказалі некаторыя меркаваньні наконт прапаноў БДІПЧ і перадалі іх на разгляд у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, найперш у Адміністрацыю прэзыдэнта. На сёньняшні дзень гэтыя прапановы знаходзяцца там на разглядзе”.
Станіслаў Багданкевіч

Кіраўнік Бюро Янэз Ленарчыч папрасіў, каб на сустрэчу зь ім прыехаў Станіслаў Багданкевіч. Сваё жаданьне ён абгрунтаваў тым, што спадар Багданкевіч уваходзіць у грамадзкую кансультатыўную Раду пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтая Рада зьбіралася разгледзець прапановы ў зьмяненьні выбарчага заканадаўства яшчэ ў верасьні. Аднак дагэтуль паседжаньне не прызначанае.

Перад ад’ездам у Варшаву я спытаў Станіслава Багданкевіча, ці ёсьць у гэтай справе нейкія навіны? У адказ пачуў:

“Макей не прызначае паседжаньня. Мае прапановы ў яго ёсьць, яшчэ месяц таму перадалі. Я думаю, ён, можа, аддаў іх на ўзгадненьне. І пакуль яны ня вырашаць, што падтрымаць, а што не, паседжаньня ня будзе. Мабыць, такая гульня ідзе”.

Эўразьвяз у сваіх патрабаваньнях да афіцыйнага Менску згадвае пра працяг дыялёгу зь Бюро АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG