У межах імпрэзы ладзяцца пэрформансы, праходзяць майстар-клясы, сэмінары і круглыя сталы, канцэрты.
Цягам пяці дзён у Міжнародным адукацыйным цэнтры ў Менску будуць ладзіцца разнастайныя імпрэзы, мэтай якіх — прадэманстраваць, што сабой уяўляе сёньняшняе сучаснае мастацтва, якім чынам яго разьвіваць, дзе яму навучыцца. І адно з самых галоўных пытаньняў — як знайсьці грошы на ўласныя арт-праекты.
Першае такога кшталту мерапрыемства наведваюць госьці з замежжа: перадусім выкладчыкі сучаснага мастацтва, кіраўнікі арт-праектаў. Ініцыятар фэстывалю “FUN HOUSE” — моладзевае грамадзкае аб’яднаньне “Азбука прадпрымальніцтва”.
Вольга Каўрыгіна, адна з арганізатарак, дзеліцца ўражаньнямі ад першага дня фэста. Паводле яе словаў, надзвычай цешыць тое, што на адкрыцьцё фэстывалю прыйшло каля 300 чалавек, што само па сабе сьведчыць пра запатрабаванасьць такога праекту:
“Былі на адкрыцьці вельмі незвычайныя праекты, дый наагул сам фэстываль — увесь скрозь з такіх незвычайных і нязвыклых праектаў складаецца. Прыкладам, вельмі спадабалася “сэнд-шоў” — шоў маляваньня на пяску. Таксама музыка была цудоўная — ансамбль “Гаротніца” і гурт “Мамкіны бусы”.
У рамках фэстывалю галяндзкія ўдзельнікі падзеляцца досьведам экспэрымэнтальных арт-праектаў на прыкладзе фонду “Richter” — у прыватнасьці, правядуць практычны трэнінг “Стварэньне пасьпяховага моладзевага арт-праекту і дзе ўзяць грошы на ўласны праект”, а таксама “Я — як арт-праект”, прысьвечаны фармаваньню сябе як брэнда. Заплянаваны сэмінар “Крэатыўныя тэхналёгіі асобаснага росту”.
Варта зьвярнуць увагу на пасяджэньне круглага стала “Магчымасьці самазанятасьці моладзі з абмежаванымі здольнасьцямі ў сфэры рамяства і творчасьці”. Ён ладзіцца ў межах праекту “Натхненьне” пры падтрымцы Ўсясьветнага банку. Распавядае старшыня аб’яднаньня “Азбука прадпрымальніцтва” Марына Гаеўская:
“Пляценьне з пацерак у нас будзе, запрашаем усіх жадаючых. А таксама будуць удзельнікі праекту — гэта моладзь з 1-й і 2-й групамі інваліднасьці ва ўзросьце ад 18 да 31 году, іх трэнэры, якія зь імі займаліся ў праекце — ну, і прэзэнтацыя вынікаў праекту”.
Усіх, хто цікавіцца сучаснай літаратурай, арганізатары запрашаюць на “Бітву паэтаў” — адмысловую імпрэзу “FUN HOUSE”, якая адбудзецца ў менскай кавярні “Яблык” у чацьвер, а 18-й гадзіне.
Як стала вядома ад адной з меркаваных удзельніц “бітвы”, паэткі Марыі Мартысевіч, насамрэч адбудзецца своеасаблівы паэтычны слэм — спаборніцтва паэтаў, забава вельмі модная і папулярная ва ўсім сьвеце. Да ўдзелу адбіраецца прыблізна два дзясяткі паэтаў, яны будуць спаборнічаць у рэжыме “хуткага конкурсу” — 3 хвіліны на чытаньне. Трэба ўразіць журы і публіку яскравай падачай сваіх вершаў.
СЛУХАЦЬ: