Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 19 — 25 красавіка


Між тым, у часе звароту да народу і Нацыянальнага сходу 23 красавіка Аляксандар Лукашэнка заклікаў пераўтварыць краіну ў адзінае “міністэрства гандлю”, каб сумеснымі намаганьнямі рэалізаваць “заляжалы” тавар беларускай вытворчасьці.

Прыватныя фірмы Горадні, на якіх займаюцца вытворчасьцю мяккай мэблі, вымушаны спыняць працу — адсутнічаюць замовы. На прадпрыемстве “Майстарбел” працуюць 20 работнікаў, якія зьбіраюць мэблю па індывідуальных замовах. Уласьнік Сяргей Белы, кажа, што зараз яны працуюць толькі тры дні на тыдзень, істотна зьнізіліся заробкі:

“З кожным тыднем становіцца горш і горш. Калі раней у нас чарга расьпісвалася на месяц, нават і болей, то на сёньняшні дзень падзеньне замоваў, мякка кажучы, у тры разы. І тэндэнцыя дрэнная, бо яшчэ ў сакавіку нейкія замовы рабілі, а красавік наагул правальны месяц для нас”.

У студзені, пасьля дэвальвацыі рубля быў нават усплеск замоваў, паколькі людзі спалохаліся, што вырастуць кошты. Праўда, гэта працягвалася ня доўга й зараз спадар Белы з адчаем зазірае ў будучыню.

Алена Ўласава, гаспадыня прадпрыемства ў вытворчасьці мяккай мэблі ў Горадні, кажа, што наагул прыпыніла працу:

“Мы ад крызіса пацярпелі — у нас зусім няма замоваў.

Шэсьць чалавек працавалі, а цяпер кінулі і паехалі на вёску.
Яшчэ неяк у студзені нешта было, а ў лютым, сакавіку — па 2-3 замовы. Шэсьць чалавек працавалі, а цяпер кінулі і паехалі на вёску”.

Спадарыня Алена сама разносіць рэкляму па пад’ездах, езьдзіць з прапановамі ў бліжэйшыя гарады, але тэлефон як маўчаў, так і маўчыць.

На Гомельшчыне ўжо шэсьць прадпрыемстваў будаўнічай галіны працуюць са стратамі. Тыповы прыклад — Гомельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў. З-за крызісу камбінат працуе толькі чатыры дні на тыдзень.

Камбінат сёлета плянаваў вырабляць жылыя дамы з драўлянага брусу. Аднак ад пачатку году не было ніводнай замовы. Упаў таксама попыт на вокны, дзьверы, піламатэрыялы. З-за прастояў зьніжаюцца заробкі. Расказвае рабочая цясьлярнага цэху:

“Падпісалі такі загад па камбінаце, што на паўгода, калі ня будзе працы, усе падразьдзяленьні будуць па чарзе хадзіць на прастой. Усе! І плаціць будуць дзьве траціны тарыфнай стаўкі.

У мяне сто тысяч рублёў атрымліваецца на месяц. Як плаціць за кватэру?
Напрыклад, у мяне сто тысяч рублёў атрымліваецца на месяц. Як плаціць за кватэру? Таксама, мабыць, ня трэба плаціць, калі я не працую”.

Галоўны інжынэр прадпрыемства Аляксандар Перавозьнікаў, які выконвае цяпер абавязкі дырэктара, тлумачыць:

“Гэта ня толькі ў нас — усюды так пайшло. Мы не забясьпечаныя заказамі. Мы робім вокны, дзьверы, просталінейныя клееныя брусы. У прынцыпе — працуем на будаўнічы комплекс Беларусі. А калі гэты комплекс не працуе на поўную моц, то і нам не дае замовы. Пакуль на дамы нават заказаў не было”.

На Магілёўшчыне павялічылася колькасьць лішніх людзей: на 3300 вакансіяў прэтэндуе больш за 5 тысяч афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Год таму вакансіяў было амаль на 2 тысячы болей. Падзеньне запатрабаванасьці на працоўныя рукі чыноўнікі тлумачаць наступствамі сусьветнага крызісу й прапануюць беспрацоўным перавучвацца на будаўнікоў — галіне, як цьвердзіць прадстаўнік аблвыканкаму, патрабуецца больш за 600 чалавек:

“Улічваючы дастаткова гарантаванае стабільнае месца, а ў асобных арганізацыях нядрэнны заробак, — сярод тых, хто будзе накіроўвацца на перападрыхтоўку, мы бачым перадусім маладых людзей”.

Будаўнік на Магілёўшчыне не зарабляе й 900 тысяч рублёў. Наагул жа сярэдні памер заробкаў у рэгіёне найменшы ў Беларусі — 780 тысяч рублёў. Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка, сёлета істотнага росту заробкаў чакаць ня варта:

“У першапачатковым бюджэце, які мы прымалі пры канцы мінулага году, мы плянавалі павышэньне сярэдняга заробку на 18,2%. У новым бюджэце мы закладаем плюс 5%”.

У выніку фінансавага крызісу бюджэт рэгіёну недаатрымаў 630 мільярдаў рублёў. Падае і рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў. Толькі ў Магілёве яна зьменшылася ў 2,5 разы: на прызнаньне супрацоўніцы аддзелу эканомікі гарвыканкаму, летась рэнтабэльнасьць у горадзе была 7,2%, сёлета — 2,9%“.

Усяго ў абласным цэнтры 53 прадпрыемствы стратныя.

Ня ўсе кліенты пунктаў пракату, якія дзейнічаюць у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў, могуць своечасова аплаціць паслугі. Як і раней, напракат у гарадзенскіх пунктах можна ўзяць бытавую тэхніку, посуд, тэлевізары, лядоўні. Спадарыня Вольга, якая ўжо 10 гадоў працуе ў адным з пунктаў пракату занёманскай часткі Горадні, кажа, што з крызісам зьявіліся даўжнікі, якія ня могуць своечасова разьлічвацца:

“Яны бралі рэчы даўно й нармальна аплачвалі да крызісу. Да прыкладу, з заводу карданных валоў — уся сям’я там робіць. Сын і бацька на заводзе, маці на пэнсіі, заробак малы. Грошай хапае заплаціць за кватэру і на хлеб. А за тэлевізар разьлічыцца грошай няма. Кажа мне, што ня ведае, што рабіць…”

У іншым пункце пракату распавялі, што з пачаткам крызісу ім наагул не ўдаецца выканаць плян, ад якога залежыць заробак. Найбольш шкодзіць тое, што людзі ня могуць своечасова плаціць за пракат рэчаў. На сёньня ў пункце па пяць даўжнікоў па тэлевізарах і лядоўнях.

Яшчэ ў адным пункце пракату спадарыня Тацяна, зыходзячы са свайго досьведу, робіць выснову, што колькасьць пунктаў пракату скароціцца:

“Цяпер, канечне, ня вельмі добра і разьлічваюцца, бо заробкі своечасова не выплочваюць. Але выручкі сталі меншыя за кошт таго, што паменела кліентаў. У людзей няма грошай”.

У крызіс трапіў нават Гарадзенскі заапарк. Упраўленьне капітальнага будаўніцтва аблвыканкама, як галоўны заказчык рэканструкцыі, завінавацілася выканаўцам больш за 780 мільёнаў рублёў.

У крызіс трапіў нават Гарадзенскі заапарк.
Рэканструкцыя заапарка цягнецца ад 2002 году. За папярэднія 7 гадоў пашырылася тэрыторыя парка — 3,4 гектара. Збудаваны ветэрэнарны корпус, вальеры, стаў для вадаплаўных. Аднак, як кажа інжынэр будаўніцтва Пётар Грос, працу паралізуе недахоп фінансавых сродкаў:

“Адбіўся крызіс моцна на нас, заказчык не разьлічыўся яшчэ за студзень. Усяго на 1 красавіка нам павінны 780,9 мільёна рублёў. Будзем весьці працы да таго часу, пакуль зможам гэта рабіць, пакуль хопіць сілаў, бо гэта ўнікальны аб’ект. Але, канечне, да бясконца так працаваць не дамо рады”.

Гарадзенскі заапарк створаны ў 1927 годзе выкладчыкам гімназіі імя Адама Міцкевіча Янам Каханоўскім. Але толькі ў 2002-м тут пачалася першая рэканструкцыя. У заапарку 3254 жывёліны, а таксама птушкі і рыбы 307 відаў.

24 красавіка мусіла адбыцца другое паседжаньне Грамадзка-кансультатыўнай рады, якую ачольвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. У часе нарады Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы зьбіраліся прапанаваць альтэрнатыўны варыянт выйсьця з крызісу. Сустаршыня палітрады АДС Анатоль Лябедзька заявіў, што за тры тыдні, якія мінулі ад прэзэнтацыі антыкрызіснай плятформы, зь ёй азнаёміліся каля 800 тысяч жыхароў Беларусі:

“Антыкрызісная плятформа — гэта наша эканамічнае пасланьне да ўладаў і грамадзянаў Беларусі. І мы хочам выкарыстаць і гэтую раду, хаця, на наш погляд, яе стварылі ў піяраўскіх мэтах. Ёсьць Станіслаў Багданкевіч, які зьяўляецца адным з трох галоўных распрацоўшчыкаў антыкрызіснай плятформы. Прафэсар перадаў свой даклад уладам яшчэ месяц таму. Там яго ўсебакова вывучылі. І ён на 80% абапіраецца на антыкрызісную плятформу АДС”.

Аднак з прычыны хваробы Ўладзімера Макея паседжаньне перанесьлі на пазьнейшы тэрмін ужо другі раз запар. Прафэсара Багданкевіча непакоіць, што марнуецца час на вывучэньне дакумэнтаў — замест таго, каб актыўна дзейнічаць:

“Толькі арганізацыйнае паседжаньне адбылося. У красавіку мы павінны былі ўжо абмяркоўваць выбарчае заканадаўства, у траўні — гуманізацыю пэнітэнцыярнай сыстэмы. Мабыць, паступіла каманда не завіхацца лішне каля абмеркаваньняў. Але ж лібэралізацыю трэба праводзіць”.

На гэтым тыдні пра крызіс гаварыў Аляксандар Лукашэнка. Выступаючы 23 красавіка з пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, кіраўнік Беларусі адразу даў зразумець, што “крызіс народжаны ня намі, але чорнае крыло крызісу закранула і Беларусь”. Гэта — “цана глябалізацыі”, зрабіў выснову Лукашэнка , пры гэтым заўважыўшы, што ўсё актыўней заходнія краіны ажыцьцяўляюць меры рэгуляваньня эканомікі, “бяруць тое, што яшчэ нядаўна апантана абвяргалі ў беларускай мадэлі”. Супакоіўшы народ — маўляў, спыніце плач, “крызісу ў Беларусі няма”, нечакана цяжар за крызісныя наступствы Лукашэнка пераклаў на СМІ:

“Прашу дэпутатаў, людзей і асабліва сродкі масавай інфармацыі проста задумацца: сусьветны крызіс быў бы нашмат менш балючым, а можа і не такім маштабным, калі б не пазыцыя СМІ. Але яе, гэту пазыцыю, фармуюць самі лідэры абсалютнай большасьці дзяржаваў. Асобныя так званыя палітычныя дзеячы намагаюцца спэкуляваць на гэтай тэме, нагнятаюць у грамадзтве нэрвознасьць. І яны за гэта павінны несьці адказнасьць”.

Лукашэнка заявіў падначаленым: цяпер задача № 1 — рэалізаваць прадукцыю: “Маніпуляваць цэнамі, але не на страту сабе”. Ён зазначыў, што ўвесь урад сёньня мусіць пераўтварыцца ў адно вялізнае “міністэрства гандлю”, каб рэалізаваць выраблены беларускімі вытворцамі тавар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG