Год таму вакансіяў было амаль на дзьве тысячы болей. Падзеньне запатрабаванасьці на працоўныя рукі чыноўнікі аблвыканкаму тлумачаць наступствамі сусьветнага крызісу й прапануюць беспрацоўным перавучвацца на будаўнікоў. Будаўнічай галіне вобласьці патрабуецца больш за шэсьцьсот чалавек.
“Улічваючы дастаткова гарантаванае стабільнае месца, а ў асобных арганізацыях нядрэнны заробак, — сярод тых хто будзе накіроўвацца на перападрыхтоўку, мы бачым перадусім маладых людзей”, — цьвердзіць прадстаўнік аблвыканкаму.
Што да заробкаў, то будаўнік на Магілёўшчыне не зарабляе й дзевяцісот тысяч рублёў.
Наагул жа сярэдні памер заробкаў у рэгіёне найменшы ў Беларусі — 780 тысяч рублёў. Паводле старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка, сёлета істотнага росту заробкаў чакаць ня варта:
“У першапачатковым бюджэце, які мы прымалі пры канцы мінулага году, мы плянавалі павышэньне сярэдняга заробку на 18,2 працэнта. У новым бюджэце мы закладаем плюс пяць працэнтаў”.
Чыноўнікі прызнаюць таксама, што ў выніку фінансавага крызісу бюджэт рэгіёну недаатрымаў 630 мільярдаў рублёў. Падае і рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў. Толькі ў Магілёве яна зьменшылася ў два з паловай разы.
“Летась у нас рэнтабэльнасьць у горадзе была 7,2 працэнты, а сёлета 2,9”, — прызнае супрацоўніца аддзелу эканомікі гарвыканкаму.
У абласным цэнтры 53 прадпрыемствы стратныя.
Хто забясьпечыць акрэсьлены Пятром Руднікам рост заробкаў? Пасьпяховыя прадпрыемствы, цьвердзіць незалежны эканаміст Пётар Мігурскі:
“У нас шмат высокарэнтабэльных прадпрыемстваў. Але ніводнае зь іх не працуе паводле прынцыпу самафінансаваньня. Усё адно яны зьвяртаюцца да крэдытаў. Прыбытак у іх вялікі, але, як правіла, яго забірае дзяржава. Альбо празь ціск — “Падымайце заробкі. Падымайце заробкі” — патрабуюць ад іх, каб паказаць што сярэдні памер заробкаў ня дужа ўпаў”.