Віцебск
На Дзень Волі ў Віцебску былі затрыманьні за бел-чырвона-белыя сьцягі. У ізалятар часовага ўтрыманьня трапіў сябра Партыі КХП БНФ Сяргей Каваленка і ягоны аднадумца Ігар Базараў. Разам з Валерам Аляксандравым гэтыя хлопцы разгарнулі нацыянальныя сьцягі на плошчы Свабоды.
Спадара Аляксандрава неўзабаве адпусьцілі, бо ён мае інваліднасьць. Але адпусьцілі толькі да заўтрашняга суду. Спадароў Базарава, Аляксандрава і Каваленку будуць судзіць за правядзеньне недазволенай акцыі.
Яшчэ адно затрыманьне адбылося каля шостай гадзіны вечара. Леанід Аўтухоў, кіраўнік раённай суполкі Партыі БНФ з Гарадку, разгарнуў нацыянальны сьцяг ля мэмарыяльнай дошкі Васіля Быкава, куды грамадзкія актывісты прыйшлі, каб ускласьці кветкі. Леанід Аўтухоў таксама трапіў на ноч у віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Неўзабаве ў Кастрычніцкі РАУС даставілі і моладзевага актывіста Аляксандра Кузьняцова, які меў бел-чырвона-белую павязку.
Судзіць усіх затрыманых будуць заўтра а 10-й гадзіне раніцы ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Берасьце
Сьвяткаваньне Дня Волі ў Берасьці скончылася малітвай за Беларусь у грэка-каталіцкай царкве, што ў мікрараёне Рэчыца.
А перад гэтым на вуліцах абласнога цэнтру адбылася акцыя раздачы віншавальных паштовак. Іх атрымалі каля пяцісот берасьцейцаў. Са слоў арганізатара акцыі Зьмітра Шыманскага, на пачатку акцыі давялося па патрабаваньні міліцыянтаў узгадняць тэкст. Міліцыянтаў было шмат, аднак затрымліваць людзей яны не наважыліся.
У часе акцыі на вуліцы Савецкай у неба адпусьцілі вялікі балёнік, да якога быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяг.
І, як раней паведамляла “Свабода”, сёньня актывісты дэмакратычных партыяў наведалі вэтэранаў нацыянальнага руху ў Беларусі.
Горадня
Значная частка гарадзенскіх актывістаў паехала ў Менск, бо гарадзенскія ўлады не дазволілі адзначыць 25-га сакавіка масавым вулічным сходам. Пра гэта міліцыянты папярэдзілі кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Яму нават пагражалі прыцягненьнем да адказнасьці, бо заяву ў гарвыканкам падаваў менавіта Вадзім Саранчукоў.
А вось у Мастах адбылася сёньня беларуская дыктоўка, прычым з дазволу ўладаў. Удзельнічалі ў ёй шаснаццаць чалавек.
І яшчэ навіна: пры канцы дня стала вядома, што Гарадзенскую абласную арганізацыю партыі БНФ управа юстыцыі адмовілася рэгістраваць. Пра гэта нашаму радыё паведаміў кіраўнік партарганізацыі Сяргей Мальчык. Паводле яго, у дакумэнтах на рэгістрацыю працаўнікі юстыцыі назвалі тры парушэньні, а менавіта — ня вытрыманы інтэрвал паміж радкамі, памер шрыфту на адзін кегль меншы і няма зыходнага нумару ў выпісцы з пратаколу паседжаньня ўправы партыі БНФ, на якім было прынята рашэньне аб рэгістрацыі гарадзенскай суполкі.
Спадар Мальчык лічыць, што гэта проста зачэпкі, і зазначае, што ў рэгістрацыі гарадзенскім партыйцам адмоўлена шосты раз. Мы будзем аспрэчваць рашэньне ўправы юстыцыі праз суд, — сказаў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ, бо партыйцы лічаць, што адмова была беспадстаўнай.
Магілёў
А 18 гадзіне каля паўсотні магілёўцаў прыйшлі да будынку абласнога музэю, каб згадаць сход грамадзкасьці, які 12 ліпеня 1918 году прызнаў уладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве. У гэтым будынку, які 91 год таму належаў гарадзкому казначэйству, і адбыўся той сход.
Апазыцыйная акцыя доўжылася каля паўгадзіны. Да макета інфармацыйнай шыльды, якую магілёўскія дэмакраты намагаюцца ўсталяваць на сьцяне музэю, былі ўскладзеныя кветкі беларускіх нацыянальных колераў. Пасьля невялікай прамовы аднаго з арганізатараў акцыі Рыгора Кастусёва грамада разышлася.
Акцыя прайшла без інцыдэнтаў. За ёй назіралі шасьцёра міліцыянтаў, сярод іх былі два палкоўнікі і маёр. Акцыю здымаў апэратар Беларускага тэлебачаньня.
Летась у сьнежні Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў усталяваць інфармацыйную шыльду. Сваё рашэньне чыноўнікі матывавалі адсутнасьцю дакумэнтальнага пацьверджаньня факту прызнаньня магілёўскай грамадзкасьцю ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі ў горадзе.
Гомель
Супольным сьпяваньнем гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” завяршылася сёньня ў Гомелі ўскладаньне вянкоў і кветак на месцы дома, дзе жыла выбітная дзяячка БНР Палута Бадунова.
Гучыць гімн: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...”
Пра жыцьцёвы шлях народнага сакратара Рады БНФ Палуты Бадуновай распавялі старшыня культурніцка-краязнаўчай арганізацыі “Талака” Ларыса Шчыракова, а таксама гісторык Святаслаў Шапавалаў.
Акцыю здымалі апэратары 1-га тэлеканалу й людзі ў цывільным.
З Навабеліцы прадстаўнікі АДС паехалі ў вёску Раманавічы Гомельскага раёну, дзе ўсклалі кветкі на магілу знанага дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Цімоха Вострыкава.
Гэта была ўжо трэцяя імпрэза пасьля раздачы жыхарам абласнога цэнтру віншавальных улётак у гонар Дня Волі.
Гаворыць сябра рэгіянальнай рады АДС, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:
“Гэта была агульная ініцыятыва каардынацыйнай рады АДС Гомельскай вобласьці. Падчас паседжаньня мы абмеркавалі гэты сцэнар і зараз яго прытрымліваемся. Безумоўна, Дзень Волі, БНР — гэта найперш людзі, якія паклалі жыцьці на тое, каб была ў свой час абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, каб потым яе аднавіць. Таму і Палута Бадунова, і Цімох Вострыкаў заслугоўваюць таго, каб іх памяць мы сёньня ўшанавалі”.
Увечары дзесяткі гамельчукоў у офісе АГП напісалі другую нацыянальную дыктоўку.
Менск
Каб папярэдзіць магчымыя папрокі, што Дзень Волі ў некаторых рэгіёнах ня быў адзначаны масавымі акцыямі, паслухаем тлумачэньні аднаго з арганізатараў акцыі ў Менску Віктара Гарбачова:
“У Менск прыехалі нашы прадстаўнікі з Магілёва, з Бабруйску, Крупак, Барысава, Беразіно, Віцебску і іншых мясьцінаў. Праўда, не настолькі, як раней, рэгіёны падцягнуліся. Прычына? Магчыма, што ў межах Беларусі была недастатковая інфармацыя. Нельга таксама скідаць з рахунку і фінансавы крызіс. Усё-ткі дарагі праезд. Людзі крыху стаміліся”.