Алесь Анціпенка і Аксана Спрынчан вырашылі, што ў эпоху панаваньня мабільных сродкаў сувязі пісьменьнікам непатрэбныя папера і асадка. А калі яны пішуць супольны твор, то ім неабавязкова быць побач. “Дарогу і шлях” яны напісалі ў форме SMS-ліставаньня дзьвюх галоўных дзейных асобаў -- Філёзафа і Паэткі. Героі выступаюць пад сапраўднымі імёнамі аўтараў.
У п’есе дзьве дзеі і васямнаццаць зьяваў. Месцы дзеяньня -- Менск, Лунінец і Вільня. Героі зьяўляюцца на сцэне адначасова, але ні разу не сустракаюцца. Гэта твор пра непераадольную адзіноту сучаснага чалавека.
Алесь Анціпенка і Аксана Спрынчан напісалі гэты твор два гады таму. Новае недзяржаўнае выдавецтва “Галіяфы” адразу ж зацікавілася драматургічным экспэрымэнтам знанага філёзафа і маладое паэткі. Гаворыць адзін зь кіраўнікоў выдавецтва Зьміцер Вішнёў:
“Гэтая кніжка ўнікальная тым, што гэта SMS-п’еса. Гэта незвычайны фармат для напісаньня твору. І паколькі яго напісалі філёзаф і паэтка, то і твор атрымаўся філязофска-паэтычным. А літаратуразнаўца Пятро Васючэнка і рэжысэрка Карына Анціпенка напісалі канцэптуальныя ўступ і пасьляслоўе да кнігі”.
У рамках гэтай імпрэзы будзе гэта ўсё прадстаўлена ў такой нязвыклай форме
“У рамках гэтай імпрэзы будзе гэта ўсё прадстаўлена ў такой нязвыклай форме. Будуць выступаць розныя музычныя гурты, “Жаба ў каляіне”, да прыкладу. Імпрэзу будзе весьці мэнэджэр пазытыўнай творчай энэргіі непараўнальны Віктар Шалкевіч”.
Прэзэнтацыя адбудзецца, нагадаем, у Менску ў канфэрэнц-залі Палацу мастацтва. Пачатак а васямнаццатай гадзіне.