Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пакаленьне джынс" у Празе


"Наша асноўная аўдыторыя – гэта расейскамоўнае насельніцтва, якому неабходна зьмяніць мазгі", -- кажа прадстаўніца "Свабоднага тэатру" Натальля Каляда. 8 сьнежня ў праскай літаратурнай кавярні “Манмартр” адбыліся дэбаты на тэму “Тэатар у несвабодзе” і дэманстрацыя спэктаклю “Пакаленьне джынс” “Свабоднага тэатру”.


Культурная фундацыя чэскага экс-прэзыдэнта Вацлава Гаўла праводзіць у Празе Беларускі дзень


Юрась Бушлякоў:
Спэктакль завяршыўся гадзіну таму, і зь яго толькі што прыйшла наша карэспандэнтка Ганна Соўсь. Ганна, як публіка прыняла спэктакль “Пакаленьне Джынс”?

Ганна Соўсь: Вельмі цёпла. У невялікім памяшканьні кавярні “Манмартр”, спэцыяльна прыстасаваным для такіх камэрных імпрэзаў, паглядзець “Свабодны тэатар” прыйшлі больш за паўсотню чалавек.




І па завяршэньні імпрэзы яны воплескамі падзякавалі галоўнаму і адзінаму выканаўцу спэктаклю “Пакаленьне джынс”, кіраўніку “Свабоднага тэатру” Мікалаю Халезіну. Гэта былі і кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, і былы кіраўнік дыпляматычнай місіі Чэхіі ў Беларусі Ўладзімер Румл, і Ондржэй Граб, мастацкі кіраўнік праскага тэатру “Арха”, і Ян Румл – сябра чэскага таварыства “Грамадзянская Беларусь”, прадстаўнікі беларускай грамады ў Чэхіі, журналісты.




П'еса “Пакаленьне джынс” мела выразны публіцыстычны характар, заснаваная на рэальных падзеях, якія, як і пэрсанажы, лёгка пазнаюцца: гэта і родныя зьніклых палітыкаў, і знакаміты змагар Валеры Шчукін, дзякуючы якому ў сьледчым ізалятары на вуліцы Акрэсьціна зьявіліся нармальныя лыжкі, і актывісты “Хартыі 97”.




Сцэна, як і належыць ва ўмовах падпольнага тэатру, была аформленая проста, але выразна – краты, слоік з марынаванымі агуркамі, падстаўкі пад сьцягі – а цягам спэктаклю на іх залунае шэсьць сьцягоў: літоўскі, брытанскі, амэрыканскі, чэскі, польскі і беларускі.




У турме нельга быць у джынсах
Цягам паўтары гадзіны гучыць споведзь чалавека ў джынсах , для якога джынсы ёсьць тэрыторыяй свабоды. Ён пачынаў з непрыманьня савецкай несвабоды і з фарцоўкі джынсамі ў 1970-я, а на пачатку XXI стагодзьдзя адчуваў сябе нязручна ў джынсах у камэры ізалятару на вулцы Акрэсьціна, бо, як кажа Мікалай Халезін, “у турме нельга быць у джынсах”.




Спэктакль дубляваўся праз праектар на сьцяне на ангельскую мову, і, як сказаў мне пасьля спэктаклю кіраўнік дыпляматычнай місіі ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, які першы раз бачыў спэктакль у кавярні ў Менску, а вось цяпер другі раз у Празе, ён ганарыцца тым, што ў спэктаклі быў амэрыканскі аспэкт – джынс як пазытыўная рэч і сымбаль, які ЗША прынесьлі ў сьвет.




Як сказаў Джонатан Мур, гэты спэктакль своеасабліва глядзіцца ў Празе, паколькі ў ім выразна перадаецца лёс Яна Палаха, хлопца, які спаліў сябе на знак пратэсту супраць уводу савецкіх танкаў у Чэхаславаччыну, помнік-крыж яму Джонатан Мур бачыў на Вацлаўскай плошчы ў Празе .

Партрэт Яна Палаха


Бушлякоў: Ганна, вы казалі, што спэктаклю папярэднічалі дэбаты ў кавярні “Манмартр”, хто на іх выступаў і якое ўражаньне яны на вас зрабілі?

Уладзімер Шчэрбань, Мікалай Халезін і перакладчыца.


Соўсь: У дэбатах бралі ўдзел прадстаўнікі “Свабоднага тэатру” дырэктар Мікалай Халезін і прадусар Натальля Каляда, рэжысэр Уладзімер Шчэрбань, з чэскага боку Ондржэй Граб, мастацкі кіраўнік праскага тэатру “Арха”, дарэчы ў ім цяпер ідзе апошняя п'еса Вацлава Гаўла, Ян Румл – сябра чэскага таварыства “Грамадзянская Беларусь”. Яны расказвалі пра вопыт падпольных тэатраў у Чэхіі, пра спэктаклі на прыватных кватэрах шмат гадоў таму і пра тое, як гэта паўплывала на сучасны чэскі тэатар. Выступы прадстаўнікоў “Свабоднага тэатру" былі вельмі амбіцыйнымі і патаснымі.

Наша асноўная аўдыторыя – гэта расейскамоўнае насельніцтва, якому неабходна зьмяніць мазгі
Натальля Каляда
Вось як Натальля Каляда патлумачыла тое, чаму яны граюць п'есы па-расейску. Паводле яе, як толькі ў краіне будзе дэмакратыя, беларуская мова вернецца. Натальля кажа, што яны выкарыстоўваць расейскую мову, каб мяняць мэнталітэт тых людзей, якія яшчэ не падрыхтаваныя да зьменаў. Паколькі беларускамоўным тлумачыць ня трэба, яны ўжо гатовыя, каб улада зьмянілася ў Беларусі яшчэ 14 гадоў таму. “Наша асноўная аўдыторыя – гэта расейскамоўнае насельніцтва, якому неабходна зьмяніць мазгі", – кажа Натальля Каляда. – І калі сытуацыю магчыма памяняць на расейскай мове, каб у краіне дыктатура саступіла дэмакратыі, то мы будзем гаварыць і выкарыстоўваць расейскую мову для зьмены сытуацыі”.

Паводле прадстаўнікоў “Свабоднага тэатру”, у Беларусі яны працуюць у надзвычай складаных і жорсткіх умовах. Актораў, якія ў іх граюць, пазбаўляюць працы, ім даводзіцца маскаваць паказы пад дні народзінаў, вясельлі. Паводле Мікалая Халезіна, чарга на іхнія спэктаклі дасягае часам 2 тысячаў чалавек, бо не хапае месца ў кватэрах, і маладыя людзі перад тым, як ісьці ў турму, глядзяць начамі спэктаклі “Свабоднага тэатру”.

Мікалай Халезін так вызначыў сутнасьць “Свабоднага тэатру”: гэта адзіны тэатар у Беларусі, які ня мае дачыненьняў зь дзяржавай, гэта адзіны тэатар у Эўропе, які працуе падпольна, і гэта адзіны тэатар, акторы якога былі арыштаваныя разам з гледачамі.

Дарэчы, прадстаўнікі “Свабоднага тэатру” зрабілі і шэраг палітычных заяваў. Напрыклад, каб прысутныя на дэбатах паспрыялі таму, каб Аляксандар Лукашэнка ня трапіў на саміт у Празе ў наступным годзе.


Яшчэ раз скажу, заявы былі патасныя, амбіцыйныя, што, як мне сказаў пасьля дэбатаў Онджэй Граб, мастацкі кіраўнік тэатру “Арха”, і ўласьціва людзям творчым.

Кіраўнік тэатру "Арха" Онджэй Граб


Ян Румл, сябра аб'яднаньня "Грамадзянская Беларусь"


Перад спэктаклем частавалі беларускім баршчом


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG