Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль: “Мы вычарпалі ўсе спосабы...”


Амбасадары Ізраілю і Палестыны ў інтэрвію “Свабодзе” выказваюць сваё меркаваньне пра апошняе разьвіцьцё блізкаўсходняга канфлікту.

Адмова кіраўніцтва Палестынскай аўтаноміі ад пагадненьня аб прыпыненьні агню паміж Ізраілем і Палестынай прывяла да аднаўленьня ваенных дзеяньняў паміж ізраільскім войскам і групоўкай ХАМАС. Паведамляецца пра чалавечыя ахвяры: з 27 сьнежня, ад пачатку спэцапэрацыі, загінулі больш за 300 чалавек, пераважна супрацоўнікі паліцыі і баевікі ваенізаванага крыла ХАМАСу. Параненыя звыш 1000 чалавек. Сярод ізраільцаў — два загінулі і яшчэ сямёра параненыя. Сёньня кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў Ізраілю і Палестыны, акрэдытаваныя ў Беларусі, выказалі сваё стаўленьне да падзеяў у цэнтры канфлікту — паласе Газы.

Раніцай у панядзелак ваенна-паветраныя сілы Ізраілю абстралялі Ісламскі ўнівэрсытэт, дзе, паводле зьвестак ізраільскай выведкі, баевікі захоўвалі ракеты “Касам” і выбухоўку. У выніку абстрэлаў Газы загінулі 7 палестынцаў. Агульная колькасьць ахвяраў перавысіла тры сотні чалавек з абодвух бакоў.

Сёньня амбасада Дзяржавы Ізраіль у Беларусі распаўсюдзіла прэс-рэліз з нагоды падзеяў у зоне канфлікту: “Пасьля часовага спыненьня агню тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС, якая дзейнічае з Газы, нягледзячы на прапановы Ізраілю захаваць спакой, аднавіла стральбу і заявіла, што мае намер яшчэ больш узмацніць абстрэлы мірных ізраільскіх аб’ектаў… Мы доўга праяўлялі максымальную стрыманасьць, але ХАМАС не пакінуў нам ніякай магчымасьці, апрача ваенных апэрацый”, — гаворыцца ў заяве. Амбасадар дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зэеў Бен-Ар’е лічыць: усе размовы пра “неадэкватнасьць” сілавога адказу, на які пайшоў Ізраіль, беспадстаўныя:

На працягу многіх гадоў (і бесьперапынна цягам апошніх тыдняў) тэрарысты з арганізацыі ХАМАС абстрэльваюць нашы мірныя гарады, сельскагаспадарчыя паселішчы, не даючы ні жыць, ні працаваць, ні вучыцца людзям
“Цяжка адказаць на пытаньне: ці адэкватныя мэтады? Бо зусім не адэкватная сама праблема. На працягу многіх гадоў (і бесьперапынна цягам апошніх тыдняў) тэрарысты з арганізацыі ХАМАС абстрэльваюць нашы мірныя гарады, сельскагаспадарчыя паселішчы, не даючы ні жыць, ні працаваць, ні вучыцца людзям, якія толькі чакаюць сыгналу трывогі і ў лепшым выпадку пасьпяваюць дабегчы да бомбасховішча (а ў горшым — і такія выпадкі, на глыбокі жаль, ужо былі — дабегчы не пасьпяваюць, атрымліваючы цяжкія раненьні ажно да страты жыцьця).

Мы вычарпалі ўсе магчымыя спосабы, каб вырашыць гэты канфлікт, які каштуе нам чалавечых жыцьцяў, мірным шляхам — шляхам перамоваў. Мы прапаноўвалі прыпыненьне агню, якое цудоўна дзейнічала, пакуль ня скончыўся тэрмін дамовы, і тут жа было парушана тэрарыстамі з ХАМАСу. Таму гаворка ня йдзе пра адэкватнасьць, гаворка ідзе пра безвыходнасьць. Наш урад ня можа аддаць грамадзянаў нашых паўднёвых раёнаў цалкам на волю ХАМАСу і на забойства тэрарыстам. Мы павінны зьнішчыць інфраструктуру, мы павінны здушыць агнявыя кропкі ХАМАСу. У нас няма іншага выйсьця”.

Пазыцыя палестынскага боку, як і трэба было чакаць, цалкам супрацьлеглая. У інтэрвію Радыё Свабода амбасадар Палестыны ў Менску Мунтасер Абу Зэйд паведаміў, што дыпляматычнае ведамства атрымала афіцыйную рэакцыю на “ізраільскую агрэсію”. У заяве ўся адказнасьць за ўзнаўленьне канфлікту ўскладаецца на Тэль-Авіў:

“Гэта ёсьць ізраільская агрэсія супраць палестынскага народу. Дагэтуль, цягам двух дзён, 310 чалавек загінулі, у тым ліку дзеці і старыя. А таксама 1400 было паранена. Ізраіль у якасьці прычыны агрэсіі спасылаецца на наяўнасьць у Газе ракетаў мясцовай вытворчасьці. Аднак гэта проста адгаворка; Ізраіль гістарычна ніколі не паважаў рэзалюцыі ААН, Ізраіль адмаўляецца ад пагадненьня, якое было падпісанае ў Вашынгтоне паміж нашым былым лідэрам Ясірам Арафатам і былым прэм’ер-міністрам Рабінам. Ізраіль адмаўляецца выконваць усе рэзалюцыі Рады бясьпекі Генэральнай асамблеі — будаваць дзьве дзяржавы: дзяржаву Палестыну і побач дзяржаву Ізраіль на тэрыторыі Палестыны. Таму гэтую агрэсію мы асуджаем і просім міжнародную супольнасьць зрабіць на Ізраіль ціск з тым, каб той паважаў правы чалавека і спыніў сваю агрэсію”.

У Ізраілі і Палестыне жывуць некалькі тысячаў выхадцаў зь Беларусі, якія апынуліся ў самым цэнтры новай вайны. Аршанец Ігар Шнэйдэр амаль 10 гадоў пражыў у горадзе Бээр-Шэва і зьехаў, калі зразумеў: міру ў рэгіёне дачакацца амаль нерэальна. А трымаць у заўсёднай небясьпецы маленькую дачку не захацеў:

Там увогуле такая сытуацыя, што міру быць ня можа
“Там увогуле такая сытуацыя, што міру быць ня можа. Кожны лічыць гэтую тэрыторыю сваёй. Арабы кажуць, што ўсё гэта наша, практычна ўвесь Ізраіль. А ізраільцы перакананыя, што гэта тэрыторыя іхняя. Як іх у гэтым выпадку можна прымірыць? Падзяліць? Але чаго хочуць арабы, каб падпісаць мірную дамову? Найперш — каб ім аддалі ўсе тэрыторыі, акупаваныя ў 1967 годзе. Але тады ад Ізраілю ў лепшым выпадку застанецца 2/3 тэрыторыі. Дарэчы, калі Барак быў прэм’ер-міністрам, нібыта Ізраіль быў згодзен нават на гэта, але арабы выставілі новыя ўмовы — вярнуць уцекачоў палестынскіх, якія цяпер жывуць у Лібане, у Ярданіі. Іх там колісь быў мільён, а цяпер ужо каля чатырох мільёнаў! Калі яны зараз вернуцца, дык там ужо ізраільцаў не застанецца. Як на такое можна пайсьці? А іначай яны ня хочуць. І ўвогуле заяўляюць, што ўсіх ізраільцаў трэба скінуць у мора, утапіць. Таму там ніколі ня будзе міру, стопрацэнтна”.

Новая фаза эскаляцыі супрацьстаяньня можа спарадзіць чарговую хвалю ўцекачоў з канфліктнага рэгіёну. Прадстаўнікі шэрагу дыпляматычных ведамстваў ужо заявілі, што гатовыя да эвакуацыі сваіх суграмадзянаў, калі сытуацыя будзе разьвівацца “па нэгатыўным сцэнары”. Цяпер Ізраіль выкарыстоўвае толькі авіяцыю, аднак на службу ўжо прызваныя тысячы рэзэрвістаў, а на мяжы з Газай канцэнтруюцца ізраільскія танкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG