Пра такія факты ў Горадні і Бабруйску “Свабода” паведамляла напярэдадні. А сёньня такія ж зьвесткі прыйшлі ўжо з Барысава.
Жыхар Барысава Аляксандар Давыдаў, які працуе на заводзе “Аўтагідраўзмацняльнік”, паведаміў сёньня, што дырэкцыя прадпрыемства адмаўляе шараговым працаўнікам у матэрыяльнай дапамозе:
”Ніякай дапамогі людзям, бо няма прыбытку!”
“У нас цяпер рэжым жорсткай эканоміі. Раней, у адпаведнасьці з калектыўнай дамовай, былі сацыяльныя выплаты з прыбытку. І сёньня адбываўся савет дырэкцыі, на якім звычайна такія заявы разглядаюцца. Дык назапасілася шмат просьбаў. Але дырэктар заявіў: “Ніякай дапамогі, бо няма прыбытку!” Адкінулі гэтую кучу заяваў”.
Унітарнае прадпрыемства “Аўтагідраўзмацняльнік” вырабляе рулявыя мэханізмы, цыліндры і іншыя кампанэнты для аўтамабільнай тэхнікі. 80 працэнтаў прадукцыі адгружаецца ў Расею. З-за гэтага цяпер і праблемы. ГАЗ, ПАЗ, КамАз і іншыя заводы церпяць ад фінансавага крызісу і адмаўляюцца ад паставак камплектуючых зь Беларусі.
Крызіс чакае і БАТЭ
У крызіс паступова ўцягваецца і найбуйнейшае прадпрыемства ў Барысаве — завод аўтатрактарнага абсталяваньня. Паводле прагнозу старшыні прафсаюзнага камітэту БАТЭ Сяргея Бузо, найгоршая сытуацыя чакаецца ў сьнежні-студзені:
“Расейцы сыдуць у адпачынак 25 сьнежня, і ўсё: парадку там ня будзе цэлы месяц. Банкі расейскія працаваць ня будуць. Ніякія плацяжы праходзіць ня будуць. Вось і думаем, як нам выходзіць з гэтай сытуацыі?”
А вось як суразмоўца тлумачыць, чаму церпяць менавіта партнэры расейскіх прадпрыемстваў:
“Аўтазавод ГАЗ, да прыкладу, зьмяншае свае аб’ёмы на 30 працэнтаў. А барысаўскі “Аўтагідраўзмацняльнік” пастаўляе на ГАЗ да 90 працэнтаў сваёй прадукцыі. Вось такім чынам гэты ланцужок цягнецца. І ў таго ж БелАЗа ўсе двары застаўленыя самазваламі…”
“Цяперашні кіраўнік Беларусі можа пайсьці на інфляцыю”
У эканамічнага крызісу, які набірае сілу, ёсьць і палітычны аспэкт. Над ім разважае Сяргей Антончык — лідэр рабочых страйкаў у 1990-я гады.
“Крызісу, пасьля якога сотні тысяч людзей застануцца бяз працы, у Беларусі ня будзе. Цяперашні кіраўнік краіны можа пайсьці на інфляцыю, можа запусьціць станок і ўкідаць пустыя грошы, каб усе людзі не апынуліся ў галечы ў адзін дзень. А калі такога ня здарыцца, то актыўнага супрацьстаяньня чакаць не даводзіцца”.
“Гэта маё суб’ектыўнае меркаваньне”, — падкрэсьлівае Сяргей Антончык.