Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як становяцца беспрацоўнымі


Па выніках дзесяці месяцаў гэтага году аб’яднаньне “Гомельхлебпрам” апынулася ў ліку тых, хто зьнізіў вытворчасьць. Гэта адбілася на шараговых працаўніках. Некаторыя зь іх трапілі пад скарачэньне.


Рабочы гомельскага хлебазаводу № 2 Кастусь Стравінскі працуе сёньня на заводзе апошнюю сваю зьмену. Дырэкцыя прадпрыемства спыняе зь ім кантракт. Працаўнік ён, так бы мовіць, праблемны: вучыцца завочна ва ўнівэрсытэце, мае абмежаваньні ў фізычных нагрузках. Так што “нявыгадны”, зь якога боку ні вазьмі.

Дый пекары цяпер заводу менш патрэбныя.

“Выпякаем мы белабулачныя вырабы, — кажа спадар Стравінскі. — Яны, вядома, даражэйшыя, чымсьці чорны хлеб. Булку зараз ня кожны набывае. Калі дзесяць гадоў таму я прыйшоў на працу, аб’ёмы выпуску былі нашмат большыя, чым цяпер. У нас былі раней адмысловыя печы, якія выпякалі батоны й булкі кругласутачна. Пры рэканструкцыі іх замянілі на печы-шафы. Цяпер прадукцыі выпускаем мала, і гэта адчувальна”.

Зь пекараў Кастуся ня так даўно перавялі ва ўпакоўшчыкі. Цяпер і як упакоўшчык ён аказаўся непатрэбны.

На заводзе кажуць, што людзей тут імкнуцца працаўладкаваць. Прапаноўваюць ісьці калі не ўпакоўшчыкам, то нарэзчыкам. Гэта, маўляў, зьвязана з тым, што асартымэнт булачных вырабаў апошнім часам зьмяніўся. Болей пачалі вырабляць розных пірожных. Таму адпала патрэба ў ранейшай колькасьці пекараў.

Зь пераводам на ўпакоўку ці нарэзку мяняецца й заробак. Зразумела, ня ў бок павелічэньня.

Кастусь Стравінскі кажа, што ў верасьні яго заробак не дацягнуў нават да шасьцісот тысяч рублёў.

Апрача таго, адміністрацыя адмовілася аплачваць водпуск на час экзамэнацыйных сэсій:

“Па першым часе завод мне аплачваў вучобу. А пасьля ўсіх гэтых рэканструкцый і рэарганізацый адмовіліся гэта рабіць. Сказалі, што ня могуць аплачваць адпачынкі на час сэсій, бо іхняя фінансавая палітыка гэтага не прадугледжвае. А паводле свайго заробку аплаціць вучобу я не магу”.

Выглядае, што як зьменшылася рэальная пакупная здольнасць грошай — меней людзі купляюць і прадуктаў. Натуральна, і булак.

Аднак у прадстаўнікоў “Гомельхлебпраму” сваё бачаньне сытуацыі. Гаворыць галоўны тэхноляг аб’яднаньня Алена Ткачова:

“Адбылося пераразьмеркаваньне прадукцыі. Людзі сталі больш спажываць кандытарскіх, дробнаштучных вырабаў. Таму нельга казаць, што сталі менш есьці. Проста ёсьць грошы купіць даражэйшую прадукцыю. Мы цяпер жывём прыгажэй, чымсьці раней. І калі хлеб альбо булачныя вырабы не карыстаюцца попытам, мы, канечне, іх пераглядаем і мяняем. Ну, і культуру абслугоўваньня й культуру вытворчасьці паляпшаем. Упакаваны батон цяпер ніхто нідзе сто разоў ня мацае. Мы да гэтага ідзем”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG