Вядома, аднак, што пры канцы кастрычніка чатыром прадпрыемствам Магілёўшчыны Рассельгаснагляд забараніў увозіць прадукцыю на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да сыстэмы кантролю харчовай прадукцыі на гэтых заводах. Сярод іх — і шклоўскі масларобны завод.
Днямі міністры сельскіх гаспадарак Беларусі й Расеі дамовіліся адкласьці ўступленьне рашэньня Рассельгаснагляду ў сілу. Тым часам, паводле ўправы эканомікі магілёўскага аблвыканкаму, на складах масла- й сыраробных заводаў назапасілася шмат гатовай прадукцыі.
Чыноўнікі вінавацяць у гэтым усясьветны фінансавы крызіс. Пра пазыцыю Рассельгаснагляду ня згадваюць. Але шукаюць выйсьця са складанага становішча.
У Шклове чыноўнікі вырашылі спыніць масларобны завод. У райвыканкаме кажуць, што зроблена гэта дзеля плянавай рэканструкцыі:
“Каб сёньня канкураваць зь вядучымі прадпрыемствамі рэспублікі, мы вымушаныя памяняць асобныя вузлы й агрэгаты, каб вырабляць малочную прадукцыю, якая б адпавядала ўсясьветным стандартам”, — патлумачыў “Свабодзе” намесьнік старшыні райвыканкаму Валер Гузаў.
Паводле чыноўніка, да канца наступнага году ў Шклове плянуюць пабудаваць яшчэ адзін масларобны завод. Ён паведаміў, што расейцы, якія спачатку выказалі жаданьне інвэставаць сродкі ў будаўніцтва, цяпер зацягваюць з выкананьнем сваіх абяцаньняў.
У прыватных гутарках спэцыялісты заводу кажуць, што назапашаную прадукцыю, хутчэй за ўсё, давядзецца перапрацаваць на сухое малако.
Больш за шэсьцьдзесят працэнтаў прадукцыі шклоўскага заводу, вядомай пад брэндам “Избушка молочника — сказка продукт”, пастаўляецца на расейскі рынак.
Сутнасьць канфлікту з продажам беларускай малочнай прадукцыі ў тым, што ў Расеі ўвялі новыя стандарты. Іх тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.
“У адпаведнасьці з гэтымі стандартамі ў Расеі малаком называецца і пад гэтай назвай прадаецца толькі таварны прадукт, атрыманы ад даеньня кароў. Гэта нармальнае жывое малако. Гэта не субстрат распушчальны з выкарыстаньнем вады й сухога малака. Расейскі спажывец павінен піць малако сапраўднае. А бачыць у гэтым палітычнае... ну, я бачу толькі палітычнае рашэньне ў тым, што Расея бароніць свой рынак”.