Праца над праектам канстытуцыйнага акту пачалася адразу пасьля падпісаньня апошняй саюзнай дамовы ў 1999 годзе. 9 гадоў – немалы тэрмін. Чаму ж гэтая праца завяршылася менавіта цяпер? Каб адказаць на гэтае пытаньне больш упэўнена, варта было б азнаёміцца з дакумэнтам. Але з камэнтароў спадара Папова вынікае, што наўрад ці праект акту прадугледжвае надта істотны крок да палітычнай інтэграцыі, калі прадугледжвае наагул. Паводле Папова, пры распрацоўцы былі розныя прапановы, у тым ліку аб стварэньні канфэдэратыўнай дзяржавы, аб увядзеньні пасады саюзнага прэзыдэнта, “але ўсе гэтыя пытаньні вырашаюцца ў праекце ў адпаведнасьці з дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы,” – паведаміў Вадзім Папоў.
Але дамова гэтых навацыяў якраз і не прадугледжвае, і ў перакладзе словаў спадара Папова на звычайную мову атрымліваецца, што гэтыя прапановы адкінутыя.
Нежаданьне Беларусі прызнаць незалежнасьць грузінскіх аўтаномій выклікала раздражненьне Крамля, апошнія рашэньні Эўразьвязу зьмяніць адносіны з Беларусьсю – насьцярогу. Каб залагодзіць гэтыя пачуцьці саюзьніка, Менск робіць крокі насустрач яму – можна прыгадаць учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра згоду на стварэньне нарэшце адзінай сыстэмы супрацьракетнай абароны саюзнай дзяржавы. Магчыма, менавіта гэтае рашэньне, якое, безумоўна, ўяўляе пэўную саступку сувэрэнітэту, і будзе тым рэальным інтэграцыйным крокам, які зафіксаваны ў канстытуцыйным акце. Каб не саступаць у больш істотных пытаньнях – скажам, у пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля, пра што расейскі прэм’ер Пуцін прыгадаў падчас свайго апошняга візыту ў Менск.
Аднак ня выключана, што ўся гэтая гісторыя з канстытуцыйным актам палягае больш у сфэры піяру, чым рэальнай палітыкі.
Для Масквы нейкая інтэграцыйная дэманстрацыя можа стаць псыхалягічнай кампэнсацыяй за той стан пэўнай міжнароднай ізаляцыі, у якім яна апынулася пасьля вайны на Каўказе. Для Менску – дэманстрацыяй ляяльнасьці, сродкам супакаеньня саюзьніка, каб таму пасьля крокаў Брусэлю насустрач Менску ня мроіліся НАТАўскія танкі пад Воршай.
Супраць вэрсіі, паводле якой акт – крок да рэальнага аб’яднаньня, гавораць менавіта падзеі гэтага тыдня: наўрад ці, атрымаўшы нарэшце нейкае падабенства “заходняга крыла” сваёй зьнешняй палітыкі, Лукашэнка зараз аддасьць Маскве тое, што не аддаваў усе папярэднія гады, ніякага такога заходняга апірышча ня маючы.