Сёньняшняе судовае паседжаньне было 19-м па ліку ў разглядзе крымінальнай справы Аляксандра Фёдарава. Яго арыштавалі яшчэ летась 14 чэрвеня. За 9 месяцаў сьледзтва назьбірала некалькі тамоў доказаў, у судзе фігуравалі дзясяткі прозьвішчаў. Выснова — у Шклоўскай камунальнай гаспадарцы пры тэхнічным абнаўленьні вытворчасьці выкарыстоўваюцца незаконныя мэтады, парушаецца працэдура выплаты заробкаў. Былы начальнік Шклоўскай ЖКГ Рыгор Кастусёў гаворыць:
“Калі пачаць капаць глыбей, то трэба садзіць у турму вялікую кучу людзей. Трэба было ў камунгасе пачынаць яшчэ адзін судовы працэс. Некаторыя факты Аляксандар Фёдараў прызнаў асабіста. Але ён заявіў, што рабіў такое дзеля таго, каб падтрымліваць аб’екты, за якія ён адказваў, у рабочым стане. Таму што законнымі мэтадамі ні сродкаў, ні матэрыялаў, ні патрэбнага абсталяваньня атрымаць на рамонт і абслугоўваньне не было магчымасьці. Але я магу ўпэўнена сьцьвярджаць, што такія спосабы выкарыстоўваюць многія кіраўнікі і прадпрыемстваў, і вытворчых падразьдзяленьняў прадпрыемстваў”.
Рыгор Кастусёў нагадвае, што перад зьняволеньнем майстар Фёдараў кіраваў у Шклове трыма кацельнямі, і ўсе яны лічыліся ўзорнымі. Пры гэтым Фёдараў ня меў права подпісу фінансавых дакумэнтаў, не распараджаўся наяўнымі грашыма, над ім была яшчэ высокая вэртыкаль рознага начальства. У чым жа тады сапраўдная віна Аляксандра Фёдарава? Меркаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі:
“У Беларусі на сёньня, бадай, няма аніводнага гаспадарніка, на якога нельга было б знайсьці праўна-фінансавага кручка. І таму вялікае мноства талковых гаспадарнікаў якраз марнуе цяпер свае дні ў беларускіх турмах і лягерах. І Аляксандар Фёдараў тут абсалютна не вынятак. Я не сумняваюся, што ён быў змушаны, як цяпер кажуць, круціцца дзеля таго, каб гэтая ўся гаспадарка магла спраўна функцыянаваць у ненармальных эканамічных умовах. Ён усё ж быў на сваім працоўным месцы. Іншая рэч, што сыстэма не нармальная. Ён апынуўся ў першую чаргу ахвярай гэтай сыстэмы. За тое, што ён — актывіст, кіраўнік арганізацыі БНФ — за гэта яго пасадзілі”.
Вінцук Вячорка таксама адзначыў, што Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора, але неўзабаве вызвалілі.