Сёньняшняе васемнаццатае судовае паседжаньне ў разглядзе крымінальнай справы супраць кіраўніка мясцовай суполкі партыі БНФ Аляксандра Фёдарава доўжылася каля пятнаццаці хвілінаў. Аляксандар Фёдараў выступіў з апошнім словам. У сваім выступе ён прасіў суд не пазбаўляць яго волі.
“У зьняволеньні я знаходжуся ўжо дзесяць месяцаў. Гэта ўжо суворая кара для мяне. Я шчыра шкадую, што выкарыстоўваў у сваёй працы не дазволеныя законам мэтады, але я іх выкарыстоўваў дзеля вытворчасьці. Суду я намагаўся гэта давесьці. У мяне ёсьць сям’я, дзеці, састарэлая маці – я адзінае іх апірышча. Прашу не пазбаўляць мяне волі”.
На мінулым судовым паседжаньні дзяржаўны абвінаваўца заклікаў суд пакараць Аляксандра Фёдарава на сем гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Паводле абвінаваўцы, падсудны праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, парушэньне парадку выплаты заробкаў ды прысабечваньне дзяржаўнай маёмасьці нанёс дзяржаве шкоду ў памеры васямнаццаці мільёнаў рублёў. Віна Фёдарава, заявіў абвінаваўца, даказаная.
Адвакат, у сваю чаргу, заклікаў суд абмежавацца ўмоўным пакараньнем.
31 лістападу, на першым судовым паседжаньні, Аляксандар Фёдараў часткова сваю віну прызнаў, аднак зазначыў, што парушэньні ён рабіў праз вытворчую неабходнасьць. Ягоныя кацельні цэнтральныя, яны ацяпляюць важныя дзяржаўныя аб’екты — райвыканкам, пракуратуру, школы. Фінансаваньне кацельняў недастатковае, каб падтрымліваюць іх работу, казаў Фёдараў.
Аляксандра Фёдарава затрымалі летась 14 чэрвеня. Пакуль вялося сьледзтва, ён знаходзіўся ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ад 1994 году Аляксандар Фёдараў працуе майстрам кацельняў. Перад зьняволеньнем ён кіраваў трыма кацельнямі. Дзьве зь іх лічыліся ў раёне ўзорнымі.
Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора раёну, але хутка вызвалілі.
Заўтра, 1 красавіка, судзьдзя Аляксандар Тараканаў зачытае вырак Аляксандру Фёдараву.