Чэскі студэнт Ян Палах коштам уласнага жыцьця на доўгія гады прыцягнуў увагу да гвалтоўнага здушэньня «праскай вясны». 16 студзеня 1969 году ён спаліў сябе на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 году. Празь некалькі дзён, 19 студзеня, ад апёкаў Ян Палах памёр.
Самаспаленьне як форму пратэсту супраць несправядлівасьці і ўціску абіралі некаторыя людзі ў Савецкім Саюзе, краінах сацлягеру, Віетнаме, Кітаі, Тунісе. Працягнулася такая практыка і ў 21 стагодзьдзі. У большасьці выпадкаў гэтым людзям не ўдалося зьмяніць сытуацыю, якая выклікала іх пратэст, але было і некалькі выключэньняў.
2010. Туніс
Падзеі, сёньня вядомыя як «арабская вясна», пачаліся пасьля самаспаленьня ў Тунісе 17 сьнежня 2010 году гандляра садавіной Мухамада Буазізі. Нагодай для самагубства стаў канфлікт на рынку з чыноўніцай, якая аштрафавала Мухамада за гандаль без дазволу і публічна дала яму поўху. Ён зьвярнуўся ў мэрыю, але там яго ня выслухалі. Буазізі не стрываў прыніжэньня, абліў сябе гаручым перад мэрыяй і падпаліў. Яго ўчынак выклікаў хвалю масавых выступаў туніскай моладзі супраць палітыкі прэзыдэнта Зін эль-Абідзіна Бэн Алі, які нічога не рабіў для барацьбы з карупцыяй і скарачэньня беспрацоўя. Гэта прывяло да адстаўкі Бэн Алі 14 студзеня 2011 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часопіс Time назваў чалавекам году «пратэстоўца»2013. Азэрбайджан
Заур Хасанаў падпаліў сябе перад урадавым будынкам у Баку на знак пратэсту супраць абыякавасьці чыноўнікаў. Хасанаў быў удзельнікам вайны ў Нагорным Карабаху на пачатку 1990-х і пратэставаў супраць несправядлівасьці, зь якой сутыкнуўся ў адносінах да сябе з боку ўраду. Самападпал прывёў да сьмерці. Азэрбайджанскія актывісты спрабавалі пасьля пахаваньня Хасанава зладзіць у Баку акцыю пратэсту, але гэтую акцыю спыніла міліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баку: Самаспаленьне перад домам урада2013. Кіргізстан
Жыпаркан Амурава падпаліла сябе перад будынкам кіргіскага парлямэнту ў Бішкеку, пратэстуючы супраць прысуду свайму сыну. За год да гэтага Нарынскі гарадзкі суд апраўдаў сына Амуравай, якога вінавацілі ў зьбіцьці чалавека. Але пазьней абласны суд прыгаварыў яго да 13 гадоў зьняволеньня. 31 студзеня Жыпаркан Амурава абліла сябе бэнзінам і падпаліла. У выніку Вярхоўны суд адмяніў прысуд яе сыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаспаленьне перад парлямэнтам (відэа)2016. Беларусь
28 красавіка 2016 году ў цэнтры Менску, на Кастрычніцкай плошчы падпаліў сябе 56-гадовы мужчына. Ён пакінуў запіску, у якой патлумачыў, чаму пайшоў на самападпал. Пасьля разводу з жонкай яму абмежавалі сустрэчы зь дзіцем. Суд вызначыў пэрыядычнасьць гэтых сустрэч, але іх колькасьцю бацька быў не задаволены. Спрабаваў абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе, але марна. Зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, але і гэта не дало выніку. Ён памёр у шпіталі 22 траўня 2016 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спаліць сябе каб болей быць зь дзіцём2016. Армэнія
Падчас пратэстаў у Ерэване на перакрытым дэманстрантамі праспэкце Баграмяна мужчына сярэдніх гадоў, абліўшы сябе бэнзінам, зьдзейсьніў спробу самаспаленьня. Аднак іншыя ўдзельнікі акцыі пратэсту зьбілі зь яго полымя. Дэманстранты праводзілі акцыю ў падтрымку ўзброенай групы «Сасна црэр», якая два тыдні ўтрымлівала будынак палку патрульна-паставой службы паліцыі ў сталічным раёне Эрэбуні, патрабуючы адстаўкі ўладаў і вызваленьня свайго лідэра Жырайра Сэфіляна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан чалавека, які зьдзейсьніў спробу самаспаленьня ў Ерэване, вельмі цяжкі2016. Казахстан
У сталіцы Казахстану Астане ля будынку генэральнай пракуратуры 48-гадовая жанчына ўчыніла самаспаленьне. Прычынай праваахоўнікі называюць яе нязгоду з прысудам 28-гадоваму сыну. У 2015-м яго асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў захоўваньні наркотыкаў. Пазьней ягоную апэляцыйную скаргу не задаволілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Астане жанчына спаліла сябе ля пракуратуры2017. Беларусь
9 чэрвеня 2017 году 55-гадовая прыбіральніца гомельскага прадпрыемства «Камінтэрн» абліла сябе гаручай вадкасьцю, якую падпаліла запальнічкай. «У мяне скралі 18 гадоў стажу», — крычала самападпальніца. Агонь з жанчыны ўдалося зьбіць, яе адвезьлі ў шпіталь, але там уратаваць не змаглі, бо ў пацярпелай быў моцны апёк 50% цела. Праз 10 дзён жанчына памерла.
На прадпрыемстве прызналі, што ў яе былі цяжкасьці з афармленьнем пэнсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу, каб высьветлілі, хто вінаваты ў гэтай трагедыі», — гендырэктар «Камінтэрну» на хаўтурах працаўніцы, якая спрабавала сябе спаліць2017. Беларусь
У Жлобіне мужчына падпаліў сябе, бо ня мог выплаціць крэдыт. Трагедыя адбылася 27 верасьня 2017 году. Пра яе напісала раённая газэта «Новы дзень». Згодна з газэтай, сям’я ўзяла крэдыт, каб дапамагчы дзецям пабудаваць кватэру. Пасьля аказалася, што вяртаць грошы цяжка, штомесяц трэба было плаціць больш, чым яны зараблялі.
Самагубца атрымаў апёкі 80% цела, памёр у лякарні.
2019. Іран
Футбольная заўзятарка ўчыніла самаспаленьне, пратэстуючы супраць дыскрымінацыі жанчын на стадыёнах.
Сахар Гадаяры арыштавалі, калі яна спрабавала прайсьці на стадыён, дзе пачынаўся футбольны матч з удзелам яе любімай каманды. Праз тры дні арышту яе вызвалілі пад заклад, і яна паўгода чакала разгляду справы ў судзе. Калі даведалася, што ёй пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі, выйшла на плошчу перад судом і падпаліла сябе. Праз тыдзень Гадаяры памерла ў бальніцы ад цяжкіх апёкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране футбольная заўзятарка ўчыніла самаспаленьне2019. Расея
У Іжэўску 10 верасьня каля будынка Дзяржаўнага савету Ўдмуртыі (рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі) падпаліў сябе былы дырэктар Інстытуту чалавека Ўдмурцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Альбэрт Разін. Зь ім былі транспаранты: «І калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці» і «Ці ёсьць у мяне Айчына?» Альбэрту Разіну было 79 гадоў. Ён быў кандыдатам філязофскіх навук, дацэнтам, заслужаным дзеячом навукі Ўдмуртыі. Актыўна ўдзельнічаў ва ўдмурцкім нацыянальным руху «Ўдмуртыя Кенеша».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У самаспаленьні навукоўца супраць дыскрымінацыі ўдмурцкай мовы вінаватых не знайшлі2020. Расея
Галоўная рэдактарка незалежнага выданьня KozaPress Ірына Славіна 2 кастрычніка падпаліла сябе каля МУС у Ніжнім Ноўгарадзе. Яна загінула.
У сацыяльных сетках Славіна пакінула паведамленьне: «У маёй сьмерці прашу вінаваціць Расейскую Фэдэрацыю».
У сакавіку 2019 году суд у Ніжнім Ноўгарадзе прызнаў яе вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця памяці Барыса Нямцова і аштрафаваў. Пасьля гэтага восеньню 2019 году суд Ніжняга Ноўгараду зноў аштрафаваў Славіну паводле адміністрацыйнага артыкула аб непавазе да ўлады і грамадзтва. Напярэдадні самагубства да Славінай прыйшлі зь ператрусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У маёй сьмерці прашу вінаваціць Расейскую Фэдэрацыю». Журналістка падпаліла сябе ля будынку МУС у Ніжнім Ноўгарадзе2020. Беларусь
18 верасьня ў Смалявічах 36-гадовы Сяргей Радчэня зьдзейсьніў спробу самаспаленьня на ганку Смалявіцкага РАУС. Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пракамэнтавала, што ён «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё сьпіртовых напояў, а таксама выказваўся пра спробы суіцыду».
У тэлеграм-каналах, якія апублікавалі відэа спробы самаспаленьня ў Смалявічах, камэнтатары выказвалі здагадку, што ён зрабіў гэта на знак пратэсту супраць дзеяньняў сілавікоў. Аднак сапраўдныя прычыны, якія штурхнулі яго на такі крок, засталіся невядомымі.
Радчэня атрымаў апёкі 95% цела, памёр у шпіталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя: Мужчына, які спрабаваў спаліць сябе на ганку Смалявіцкага РАУС, у вельмі цяжкім стане2021. Беларусь
2 студзеня на плошчы Незалежнасьці ў Менску падпаліў сябе 35-гадовы Павал Банькоўскі. Ён атрымаў апёкі галавы 4 ступені, былі пашкоджаныя 72% цела. Мужчына быў у разводзе, з былой жонкай меў дваіх дзяцей. Больш за месяц Павал Банькоўскі правёў без прытомнасьці, у чэрвені 2021 году яго выпісалі са шпіталя. Прычыны, чаму ён наважыўся на самападпал, засталіся невядомымі грамадзкасьці. Сваякі адзначалі, што ў яго быў цяжкі пэрыяд у жыцьці, але некаторыя не выключалі і таго, што самападпал быў зьвязаны з палітычнай сытуацыяй у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэст коштам уласнага жыцьця: 50 гадоў таму спаліў сябе Ян Палах