Пудзілы, ігра на дудах, карагод. За які крэатыў садзілі беларусаў

Дудары на маршы пратэсту ў Менску

Апошнія паўтара года паказалі, што беларускі пратэст ня толькі мірны, але і творчы. Успомнім, за якія праявы крэатыву беларусы траплялі ў турму.

Залез на дуб

Аляксандар Дзямчук, Палесьсе, 15 дзён арышту

Калі на Палесьсі пачалі сьпілоўваць 300-гадовыя дубы, палешукі сталі бараніць дрэвы сваімі целамі. Некалькі мясцовых бабуляў сьпінамі закрылі старажытныя дубы.

Малады дырэктар Дому культуры ў аграгарадку Ахова на Піншчыне Аляксандар Дзямчук залез на дуб, спадзеючыся так яго ўратаваць. Дубы ўрэшце сьпілавалі. Дзямчук атрымаў 15 содняў арышту за «непадпарадкаваньне міліцыянтам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на пярэчаньні батанікаў і мясцовых жыхароў, у Пінскім раёне сьпілоўваюць векавыя дубы

Прынёс жалобныя вянкі пад дамы судзьдзі і міліцыянта

Андрэй Рунцо, Стаўпецкі раён, 3 гады калёніі

40-гадовы жыхар Стаўпецкага раёну Андрэй Рунцо прынёс пад дамы міліцыянта Калкоўскага і судзьдзі (прозьвішча невядомае) рытуальныя кошыкі з цыдулкамі, у якіх нібыта былі пагрозы. Суд палічыў гэта «пагрозай гвалту» судзьдзю і міліцыянту.

Рунцо 14 сьнежня далі 3 гады калёніі, таксама ён мусіць заплаціць 1,5 тысячы рублёў пацярпеламу міліцыянту. Кошыкі суд пастанавіў зьнішчыць.

Андрэй Рунцо — грузчык, бацька дваіх дзяцей. Мае інваліднасьць трэцяй групы. У апошнім слове ён папрасіў прабачэньня ў пацярпелых, суду і прысутных у залі людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 сьнежня: затрымалі тэставальніцу «Яндэксу»; далі калёнію за 7 камэнтароў

Вешаў пудзілы-міліцыянтаў

Віктар Царыкевіч, Масты, 1 год калёніі

Лялькі ў форме міліцыянтаў зьявіліся ў Мастоўскім раёне год таму. Некаторыя віселі на прыпынках прыгарадных аўтобусаў, яшчэ адна ляжала ў труне, у полі нехта стварыў імправізаваныя могілкі, дзе пахаваў беларускую Канстытуцыю, суд, эканоміку, сумленныя выбары.

За гэта асудзілі жыхара Мастоў Віктара Царыкевіча. Ён атрымаў год калёніі агульнага рэжыму. Мужчына ўжо адбыў тэрмін і выйшаў на волю сёлета ў жніўні.

Віктару 39 гадоў, у яго трое малых дзяцей, ён будаўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўсьміхнуўся, могуць прыйсьці са „шмонам“». Як жыве вязень, які адседзеў за пудзілы міліцыянтаў


Намаляваў карціну

Алесь Пушкін, вёска Бобр Крупскага раёну, 9 месяцаў у СІЗА

Мастак Алесь Пушкін сядзіць за сваю карціну — партрэт антысавецкага падпольніка Яўгена Жыхара. Яе паказвалі на выставе ў Горадні сёлета ў сакавіку. Пушкіна абвінавацілі ў «наўмысных дзеяньнях, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Пазьней сьледчых зацікавілі іншыя творы Пушкіна: партрэты яшчэ двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі, а таксама ягоны імаверны ўдзел у фільме «Праклятыя і забытыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака Алеся Пушкіна абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму і зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў

Пафарбаваў хату

Анатоль Каханчык, Полаччына, 25 дзён арышту

Цяпер адзін з самых вядомых у Беларусі дамоў — гэта бел-чырвона-белая хата ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну. Ейны гаспадар Анатоль Каханчык атрымаў 25 содняў арышту за тое, што адмовіўся перафарбоўваць фасад. Суд 20 сьнежня вырашыў, што ён так «незаконна пікетаваў».

Мужчына абвясьціў сухую галадоўку. Празь некалькі дзён у яго значна пагоршыўся стан здароўя, пачаліся сутаргі, ціск падскочыў да 220. Каханчыка паклалі ў шпіталь. Спачатку яму сказалі, што зь яго зьнялі арышт, але пазьней высьветлілася, што яго ў кожны момант могуць ізноў затрымаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаспадар бел-чырвона-белай хаты ля Полацку, які трымаў сухую галадоўку, трапіў у шпіталь

Гралі музыку

Аляксей Санчук, Менск, 6 гадоў калёніі
Надзея і Ўладзімер Калачы, Менск, па 2 гады калёніі
Пятро Марчанка, Юлія Юніцкая, Антон Шніп, Менск, па 1,5 года калёніі

Музыкі Irdorath, пратэсты-2020

Шэраг музыкаў зьняволілі за музыку на маршах пратэсту ў Менску. Так, стала папулярным відэа, дзе песьню «Перамен» Цоя граюць на беларускіх дудах.

Выканаўцам Надзеі і Ўладзімеру Калачам, лідэрам фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath, далі па 2 гады калёніі за «музычнае суправаджэньне» пратэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вернемся. Слухайце нашую музыку». Што пішуць затрыманыя музыкі гурту Irdorath

Яшчэ траім паплечнікам Калачоў — Пятру Марчанку, ягонай жонцы Юліі Юніцкай, іхняму сябру Антону Шніпу — прысудзілі 1,5 года калёніі. Марчанка і Шніп — былыя ўдзельнікі гурту Irdorath, Пятро граў на струнных, Антон быў бубначом. Юлія — сьпявачка і ў нядаўнім мінулым кіраўніца дзіцячага хору, удзельнічала ў выступах Irdorath як бэк-вакалістка. Іх затрымалі адначасова з Калачамі сёлета 2 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ траіх музыкаў з гурту Irdorath асудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму

Мянчуку Аляксею Санчуку далі 6 гадоў калёніі, бо прысутнічаў на рэпэтыцыі каманды бубначоў «Патрабуем разысьціся», якія гралі на вулічных шэсьцях і ў дварах Менску. Аляксей сядзіць ужо больш за год. Яму 31 год, у яго ёсьць маленькая дачка.

Выступіла на выпускным вечары

Кацярына Віньнікава, Менск, 15 дзён арышту

Выдатніца журфаку БДУ Кацярына Віньнікава праславілася, калі выступіла з прамовай на выпускным вечары. Яна падзякавала сваім выкладчыкам, у тым ліку палітвязьню Максіму Знаку.

На наступны дзень яе затрымалі і асудзілі на 15 содняў арышту. Прамову студэнткі суд палічыў «пікетаваньнем шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпускніцу юрфаку БДУ асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары»

Правёў урок

Андрэй Пятроўскі, Смаргоні, 1,5 года калёніі

Андрэй Пятроўскі

Настаўніка гімназіі са Смаргоняў Андрэя Пятроўскага пасадзілі за ўрок. Перад Днём Канстытуцыі ён паказваў 11-й клясе відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю» зь лягатыпам, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Да таго ж настаўнік расказваў пра бел-чырвона-белы сьцяг, бо дзеці задавалі пра яго пытаньні.

Яго «здаў» вучань, сын чыноўніцы. За «паклёп на Лукашэнку» Пятроўскага асудзілі на паўтара году калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніка са Смаргоняў асудзілі на 1,5 года калёніі за «няправільны» урок. Мы пагаварылі зь ім

Чытала Васіля Быкава ў электрычцы

Галіна Гулянкова, Менск, 20 дзён арышту

Восем жанчын чыталі ў электрычцы беларускую літаратуру: Янку Купалу, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, Уладзімера Караткевіча. На выхадзе з электрычкі іх затрымалі «людзі ў адзеньні рыбакоў». Сямі жанчынам далі штрафы, а адной зь іх — Галіне Гулянковай, якая чытала Быкава, — 20 содняў арышту. Чытаньне суд палічыў «несанкцыянаванай акцыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы». Выйшла з 20 сутак пэнсіянэрка, якую асудзілі за кнігу Быкава

Вадзілі карагод

Больш за сто фігурантаў, Берасьце

Карагоды ў Берасьці

«Карагодная справа» у Берасьці стала адной з самых масавых палітычных справаў сучаснай Беларусі. У ёй праходзяць больш за сто фігурантаў. Іх судзяць партыямі. Ужо асудзілі 114 чалавек у 11 групах. Многія ў гэтай справе атрымліваюць «хімію» або «хатнюю хімію», аднак, ёсьць і асуджаныя на калёнію.

Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру сьвята». Іх разагналі вадамётам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвясьцілі прысуды 11-й групе фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці. У яе рамках асудзілі ўжо 114 чалавек

Станцаваў перад міліцыянтам

Ігар Банцэр, Горадня, 1,5 году «хіміі»

Летась у верасьні рок-музыкант Ігар Банцэр станцаваў ноччу перад машынай міліцыі, пры гэтым сьцягнуў зь сябе шорты. Ён сьцьвярджаў, што заставаўся пры гэтым у стрынгах. Суд палічыў ягоны ўчынак «хуліганствам» і даў мужчыну паўтара году «хіміі». Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Банцэр ужо адбыў пакараньне і сёлета ў сьнежні выйшаў на волю. Ён стаў вядомы тым, што двойчы за гэты час трымаў працяглыя галадоўкі за кратамі.