Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня зьмяніў склад ураду. Калі ён даваў наказы новаму ўраду, пачаў абурацца заявамі сваіх патэнцыйных апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія мэты Лукашэнкі — такі і ўрад. Чаму рыначніка Румаса замянілі сілавіком ГалоўчанкамЛукашэнка расказаў, што ў яго «зьяўляецца ўражаньне», што ягоныя апанэнты прыйшлі «за чыесьці грошы» «перавярнуць краіну і дэстабілізаваць абстаноўку». Лукашэнка паабяцаў, што «краіну яны не атрымаюць».
Далей ён пачаў разважаць пра «трыццаць дзявяты год». На відэа, якое апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, гэта чуваць ад 2:32:
«Мы не дазволім ім падзяліць краіну, як гэта было ў 39-м годзе! — казаў Лукашэнка. — Прыгадайце: там былі „сьвядомыя“, „незалежныя“, ваявалі за незалежнасьць, пад Менскам была мяжа заходняя, ведаеце, дзе была гэтая частка.
Усходняя знаходзілася хай крыху, але ў Расейскай імпэрыі, а нам засталася палосачка, і мы ваявалі за „незалежнасьць“. За якую незалежнасьць? За гэтую палосачку змагаліся?
Нам дасталася краіна, мы стварылі першую дзяржаву, незалежную, адносна яшчэ пакуль незалежную, сувэрэнную. І мы гэтую краіну нікому не аддамо, каб зь яе зьдзекаваліся, каб яе дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на шматкі і камусьці аддалі».
Пра які 39-ы год кажа Лукашэнка?
Лукашэнка не ўдакладніў, у якім стагодзьдзі адбываліся згаданыя ім падзеі. Але, верагодна, гаворка можа ісьці пра 1939 год.
У 1839 годзе маштабных падзей, зьвязаных з вайной за незалежнасьць беларускіх земляў, не было. Але ў 1830–31 гадах у Расейскай імпэрыі было паўстаньне, вядомае ў Расеі як «польскае», а ў Польшчы як «лістападаўскае»; а ў 1863–64 — паўстаньне, вядомае ў Польшчы як «студзеньскае», а ў Беларусі — як паўстаньне Каліноўскага.
У 1739 годзе тэрыторыя сучаснай Беларусі была ў складзе Рэчы Паспалітай, паўстаньняў ці войнаў за гэтыя землі не ішло. У 1639 годзе таксама не было такіх войнаў (але ў 1654 годзе пачалася вайна Масквы з Рэччу Паспалітай, якая прывяла да «крывавага патопу»). Не было істотных канфліктаў і ў ранейшыя «трыццаць дзявятыя».
Што было ў 1939 годзе
Землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гады), заставаліся ў яе складзе да канца імпэрыі ў 1917 годзе, потым сталі полем бітвы ў вайне Саветаў з Польшчай. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году тэрыторыя сучаснай Беларусі аказалася адной паловай у Польшчы, другой — у СССР. Так было да 1939 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ад Браслава да Берасьця. 100 гадоў таму бальшавікі аддалі «на вечныя часы» частку БеларусіУ канцы 1939-х кіраўнікі нацысцкай Нямеччыны і Савецкага Саюзу Адольф Гітлер і Ёсіф Сталін дамовіліся аб падзеле сфэраў уплыву ў Эўропе, у тым ліку аб падзеле Польшчы (Лукашэнка казаў, за гэта Сталіну «трэба паставіць помнік»). 1 верасьня 1939 году нацысты напалі на Польшчу (гэта лічыцца пачаткам Другой усясьветнай вайны). Савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы 17 верасьня.
Пасьля гэтага амаль усе землі, дзе жылі этнічныя беларусы, аказаліся ў складзе БССР — толькі частку Віленшчыны перадалі Літве, Смаленшчыну і Браншчыну пакінулі ў Савецкай Расеі. Па заканчэньні Другой усясьветнай вайны Беласточчыну перадалі Польшчы.
Далучэньне да СССР Заходняй Беларусі суправаджалася масавымі рэпрэсіямі, але значных антысавецкіх паўстаньняў у тым годзе не было. Нашмат часьцей згадваюць пасьляваенны антысавецкі супраціў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Сталін і Гітлер малявалі беларускія межы ў 1939-м
Раней Лукашэнка ня раз блытаў гістарычныя падзеі
Тыдзень таму Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Славаччына «разам ваявалі супраць нацызму», хоць Славаччына ўдзельнічала ў Другой усясьветнай на баку нацыстаў, афіцыйна абвяшчала вайну СССР (у складзе якога былі беларускія землі). Раней ён расказваў пра «беларускі Калінінград», «акупацыю ленінградзкага народу», «вершы Быкава», «Скарыну Піцерскага» і іншую «альтэрнатыўную» гісторыю, хоць у 1970-х адвучыўся на гістарычным факультэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьмянялася плошча беларускай дзяржавы за апошнія 100 год. ІНФАГРАФІКА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад прамовы Гітлера да перадачы Вільні Літве. Пра што пісала ў 1939-м беларускамоўная «Віленская праўда»