Як Сталін і Гітлер малявалі беларускія межы ў 1939-м. Літва зь Вільняй — немцам, Польшча да Варшавы — беларусам
Літва зь Вільняй — немцам,
Польшча да Варшавы — беларусам
Як Сталін і Гітлер малявалі беларускія межы ў 1939-м

Увосень 1939 году заходняя мяжа Беларусі магла прайсьці каля самай Варшавы. Свабода тлумачыць, як дзялілі польска-літоўска-беларускае памежжа ў сакрэтных дакумэнтах і на лініі фронту. І што ўсё ж стала зь Віленскім краем, перадачы якога Літве зьдзівіліся нават савецкія акупацыйныя ўлады і НКВД.

photo
Праз тыдзень пасьля падпісаньня дамовы Молатавым і Рыбэнтропам пачнецца Другая ўсясьветная вайна

Сакрэтны пратакол, па якім Усходнюю Польшчу аддавалі Беларусі. І гэта рэальна

23 жніўня 1939 году, за тыдзень да пачатку Другой усясьветнай вайны, у Маскве была падпісаная дамова аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР. Дакумэнт, вядомы як пакт Молатава-Рыбэнтропа, разьвязваў рукі Гітлеру ў ягоных плянах уварваньня ў Польшчу. У сакрэтным пратаколе да дамовы два таталітарныя рэжымы дамаўляліся пра падзел Усходняй Эўропы.

На банкеце ў гонар падпісаньня дамовы Сталін прамовіў тост: «Я ведаю, як нямецкі народ любіць фюрэра. Таму я хачу выпіць за ягонае здароўе!»

Калі б межы склаліся так, як было замацавана ў сакрэтным пратаколе да Пакту Молатава-Рыбэнтропа ад 23 жніўня 1939 году, то заходняя мяжа сфэры інтарэсаў СССР пралягала б па рэках Нараў, Вісла і Сан (аж да Варшавы). Такім чынам, у савецкую зону трапілі б Люблінскае і ўсходняя частка Варшаўскага ваяводзтваў.

Зусім магчыма, што яны былі б далучаныя да БССР — гэтак жа, як у склад Украінскай ССР былі ўключаныя ўсе акупаваныя Савецкім Саюзам паўднёвыя тэрыторыі Польшчы.

У 1939 годзе, пасьля акупацыі савецкімі войскамі Ўсходняй Польшчы, да Ўкраінскай ССР адышлі тэрыторыі паўднёва-ўсходніх ваяводзтваў Польшчы — землі цяперашніх Львоўскай, Валынскай, Ровенскай, Цярнопальскай і Івана-Франкоўскай абласьцей.

«Я ведаю, як нямецкі народ любіць фюрэра. Таму я хачу выпіць за ягонае здароўе!»

Сталін

photo

Як дзялілі Літву паміж Нямеччынай і СССР

Па тым жа сакрэтным пратаколе 23 жніўня Літва ўваходзіла ў сфэру ўплыву Нямеччыны. Прычым разам зь Віленскім краем, які на час падпісаньня дамовы паміж СССР і Нямеччынай уваходзіў у склад Польшчы. Як было напісана ў дамове, «інтарэсы Літвы ў адносінах да Віленскай вобласьці прызнаюцца абодвума бакамі».

photo
Сакрэтны пратакол да пакту Молатава-Рыбэнтропа аб падзеле Літвы і Польшчы

Але ў верасьні 1939 году нямецкія і савецкія войскі падзялілі Польшчу і Літву іначай, чым гэта прадугледжвалася папярэднімі дамоўленасьцямі.

З аднаго боку, Чырвоная Армія заняла Віленскі край, хоць і меркавалася, што ён пяройдзе да Літвы, якую мелася акупаваць Нямеччына.

Зь іншага боку, нямецкія войскі не спыніліся на лініі рэк Вісла, Сан і Нараў. Яны прасунуліся далёка на ўсход ад меркаванай мяжы і акупавалі ўсходнія раёны Польшчы, якія нібыта павінны былі адысьці да зоны СССР.

photo
Выразка з газэты “Савецкая Беларусь”

Відавочна, два агрэсары былі вартыя адзін аднаго і «саюзьнікам» ні ў Маскве, ні ў Бэрліне асабліва не давяралі. Лёгіка акупантаў была аднолькавая: што акупаваў — тое тваё.

Каб зацьвердзіць новы падзел Польшчы і Літвы, 28 верасьня паміж СССР і Нямеччынай быў падпісаны новы сакрэтны пратакол: Літва (за выключэньнем невялікай тэрыторыі каля Сувалак) пераходзіла ў сфэру ўплыву СССР, а акупаваныя Нямеччынай Люблінскае і частка Варшаўскага ваяводзтваў заставаліся ў нямецкай зоне.

Што сабой уяўляла Віленшчына ў першай палове 20 стагодзьдзя?

Да 1917 году Віленскі край уваходзіў у Віленскую губэрню (гэта пераважным чынам Сьвянцянскі, Віленскі і Троцкі паветы)

Каля паловы насельніцтва гэтых паветаў складалі беларусы. Літоўцы, палякі і габрэі — значна меней

Напрыклад, у Віленскім павеце беларусаў было 60% ад усяго насельніцтва, літоўцаў — 18%, габрэяў — 12%, палякаў — 10% (паводле перапісу 1897 году)

photo Што сабой уяўляла Віленшчына ў першай палове 20 стагодзьдзя?
Да 1917 году Віленскі край уваходзіў у Віленскую губэрню (гэта пераважным чынам Сьвянцянскі, Віленскі і Троцкі паветы). Каля паловы насельніцтва гэтых паветаў складалі беларусы. Літоўцы, палякі і габрэі — значна меней. Напрыклад, у Віленскім павеце беларусаў было 60% ад усяго насельніцтва, літоўцаў — 18%, габрэяў — 12%, палякаў — 10% (паводле перапісу 1897 году).

Саветы адпачатку зьбіраліся займаць Вільню — успаміны сьведак

Увосень 1939 году савецкая ўлада пратрывала ў Вільні пяць тыдняў. Тут была створана савецкая акупацыйная адміністрацыя, галоўным чынам зь ліку беларусаў. Арганізоўваліся беларускія школы, іншыя ўстановы. Віленскі край рыхтаваўся да выбараў у «Нацыянальны сход» Заходняй Беларусі. Сярод мясцовых беларусаў нават хадзілі чуткі, што сталіца БССР можа пераехаць зь Менску ў Вільню.

Цалкам выглядала, што захоп савецкімі войскамі Віленскага краю ня быў выпадковым, хоць першапачаткова на гэтую тэрыторыю СССР быццам бы і не прэтэндаваў.

photo
Сход у Вільні ў кастрычніку 1939 году, на які прыйшлі 75 тысяч чалавек — траціна насельніцтва Вільні

Вось што распавядаў Іван Клімаў, адзін з кіраўнікоў савецкай акупацыйнай адміністрацыі Вільні ў верасьні-кастрычніку 1939 году («Звязда», 18.10.1989):

«У пачатку верасьня нас, вялікую групу партыйных і савецкіх работнікаў, выклікаў П.К.Панамарэнка — папярэдзіў, што, магчыма, у хуткім часе давядзецца пераходзіць разам з Чырвонай Арміяй граніцу, параіў рыхтавацца».

Як распавядаў Клімаў, ён прыбыў у Вільню 18 верасьня. На той час там ужо быў старшыня Часовага ўпраўленьня гораду і ваяводзтва — Акім Аляксандравіч Жылянін, загадчык аддзелу ЦК КП(б)Б. Клімаву даручылі займацца сацыяльна-палітычнымі і культурнымі пытаньнямі ў горадзе.

З таго, што не ўвайшло ў інтэрвію:

Паводле Клімава, уся савецкая акупацыйная адміністрацыя была прызначаная зь ліку беларускай партыйна-савецкай намэнклятуры, і яны былі ўпэўненыя, што неўзабаве будзе ўтворана Віленская вобласьць. З разьлікам на гэта і пачыналася праца ў сацыяльнай і культурнай галінах: які быў сэнс разгортваць такую дзейнасьць, калі было б вядома, што гэтая тэрыторыя неўзабаве пяройдзе Літве?

photo Савецкая Чырвоная Армія ўваходзіць у Вільню 19 верасня 1939 года


24 верасьня з ініцыятывы Клімава ў будынку Беларускай гімназіі быў праведзены сход работнікаў беларускіх устаноў культуры і асьветы. Беларуская мова фактычна была прызнаная афіцыйнай. Пачала выходзіць беларускамоўная газэта «Віленская праўда»

Нават у НКВД зьдзівіліся, што Вільню перадаюць ад БССР Літве

Менш як празь месяц пасьля заняцьця Вільні выйшла рашэньне савецкага ўраду — перадаць Літве шэраг паветаў. Як распавядаў у інтэрвію Клімаў, часовае ўпраўленьне працягвала працаваць да 24 кастрычніка. У той дзень беларусы здалі горад і павет дзяржаўнай дэлегацыі Літвы, што прыбыла з Коўна.

photo
З 22 верасьня па 18 кастрычніка ў Вільні выходзіла беларускамоўная газэта «Віленская праўда»

Як піша гісторык Захар Шыбека ў сваёй кнізе «Нарыс гісторыі Беларусі» (2003 г.), у Івана Клімава была магчымасьць перадаць Літве разам з горадам і беларускіх дзеячоў.

«Але адданы сталініст не зрабіў гэтага. Ён меў загад цэнтру арыштаваць іх у адпаведнасьці са складзеным у НКВД сьпісам», — піша Шыбека.

Такім чынам, 27 кастрычніка 1939 году тэрыторыя Літвы за кошт Віленскага краю стала большай на 6880 квадратных кілямэтраў, а камісар Клімаў замест пасады сакратара Віленскага абкаму партыі (якой чакаў) атрымаў пасаду першага сакратара Вілейскага абкаму партыі і вымушаны быў пераехаць зь Вільні ў Вілейку.


З таго, што не ўвайшло ў інтэрвію:

Навіна пра тое, што Вільню трэба здаваць буржуазнаму літоўскаму ўраду, прагучала для ўсіх як гром сярод яснага неба. Гэта азначала, што ўся іхная папярэдняя праца па ўсталяваньні савецкай улады і стварэньні беларускіх і савецкіх інстытуцыяў выявілася марнай. Зьнянацку былі засьпетыя нават органы НКВД, якія толькі-толькі разгарнулі тут кампанію ў справе выяўленьня шпіёнаў і дывэрсантаў.

photo

Дакумэнт аб разьдзеле Эўропы 50 год быў засакрэчаны ў СССР

У Савецкім Саюзе факт існаваньня сакрэтных пратаколаў катэгарычна адмаўлялі ажно да 1989 году. На Захадзе іх існаваньне ніколі ня ставілі пад сумнеў і менавіта іх лічылі асновай савецкай акупацыі краінаў Балтыі.

24 сьнежня 1989 году Зьезд народных дэпутатаў СССР, заслухаўшы высновы адмыслова створанай камісіі, якую ўзначальваў Аляксандар Якаўлеў, асудзіў факт падпісаньня сакрэтных пратаколаў і адзначыў, што «рашэньне аб іх падпісаньні было па сутнасьці і па форме актам асабістай улады і ніяк не адлюстроўвала волю савецкага народу, які не нясе адказнасьці за гэтую змову».

Па сутнасьці, гэта была сакрэтная змова двух дыктатараў, якія падзялілі паміж сабой Усходнюю Эўропу, акупаваўшы шэраг краін і пазбавіўшы іх незалежнасьці. Нягледзячы на тое, што тая дамова ў хуткім часе была скасаваная, многія межы, якія сфармаваліся ў працэсе яе рэалізацыі, захоўваюцца і цяпер, ператварыўшыся з адміністратыўных межаў былых савецкіх рэспублік у дзяржаўныя межы незалежных краін.

photo

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.



23.08.2019 © Радыё Свабода