Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія мэты Лукашэнкі — такі і ўрад. Чаму рыначніка Румаса замянілі сілавіком Галоўчанкам


Аляксандар Лукашэнка і Раман Галоўчанка, 3 чэрвеня 2020 году
Аляксандар Лукашэнка і Раман Галоўчанка, 3 чэрвеня 2020 году

Новы прэм’ер Раман Галоўчанка да свайго прыходу ва ўрад ня меў практычна ніякага дачыненьня да рэальнай эканомікі. Дарэчы, такое здарылася ўпершыню за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі.

Напэўна, дзеля раўнавагі, каб не ствараць поўнага ўражаньня, што да кіраўніцтва ўрадам прыйшлі сілавікі, на першага віцэ-прэм’ера прызначаны Мікалай Снапкоў, які мае рэпутацыю рыначніка.

Як вядома, урад у Беларусі тэхнічны. У тым сэнсе, што ён не вызначае эканамічнай палітыкі, а працуе ў рэчышчы задач, пастаўленых Лукашэнкам.

У гэтым сэнсе фігура прэм’ера мала што кажа пра эканамічную палітыку. Вось эканамічны блёк ураду Сяргея Румаса складаўся з маладых тэхнакратаў, якія мелі, паводле беларускіх мерак, адносна лібэральныя погляды. І што? Ніякіх памкненьняў да рынкавых рэформаў за два гады працы гэтага складу Савету Міністраў мы ня ўбачылі.

На мой погляд, сэнс гэтых пераменаў ва ўрадзе палягае ў тым, каб узяць сытуацыю ў кіроўных колах пад жорсткі кантроль. Ня тое каб яна зусім захісталася. Але — тым ня менш. Напрыклад, новы прэм’ер ня мог быць зь фінансавага сэктару. Бо былы кіраўнік ураду Сяргей Румас — прафэсійны банкір. А вось жа супадзеньне, і галоўны апанэнт Лукашэнкі на выбарах, Віктар Бабарыка, таксама банкір. Дробязь, а непрыемна. Тым больш што ў незалежных мэдыя загаварылі пра раскол намэнклятуры.

Відаць, таму пазбавіліся ад тых чальцоў ураду, адносна якіх былі сумневы ў абсалютнай ляяльнасьці. І наадварот, прызначылі людзей, да якіх ёсьць большы давер.

У гэтым сэнсе Раман Галоўчанка, які быў амбасадарам Беларусі ў ААЭ з 2013 па 2018 год, паводле службовых абавязкаў быў датычны да даволі далікатных момантаў у адносінах беларускага кіраўніцтва і ААЭ. Там і продаж зброі, і шмат што іншае, што мала вядома грамадзкасьці. Тым і заслужыў давер.

На цяперашнім этапе палітычная ляяльнасьць важнейшая, чым прафэсійныя якасьці новых чыноўнікаў. Мяркую, далей за дату 9 жніўня Лукашэнка плянаў цяпер не складае.

І яшчэ. За выключэньнем старшыні Камітэту дзяржкантролю, увесь сілавы блёк застаўся нязьменны. Менавіта на яго прыпадзе асноўная нагрузка ў перадвыбарчы пэрыяд. А вось тут коней на пераправе Лукашэнка не мяняе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG