Як малявалі межы Беларусі. Частка ІІ У лістападзе 1939-га Берасьцейшчына ледзь не адышла да Ўкраінскай ССР
Як малявалі межы Беларусі
Частка ІІ
У лістападзе 1939-га Берасьцейшчына ледзь не адышла да Ўкраінскай ССР

БССР магла страціць амаль усю сучасную Берасьцейскую вобласьць, калі б у лістападзе 1939 году Сталін пагадзіўся на прапанову Хрушчова. Кіраўніцтва Ўкраінскай ССР адстойвала сваю мяжу паміж БССР і УССР, абгрунтоўваючы яе этнаграфічнымі мапамі ўкраінскага народу. Як БССР удалося захаваць Берасьцейшчыну, а якая частка Палесься ўсё ж адышла да Ўкраіны? Адказы на гэтыя пытаньні мы знайшлі ў мэмуарах Панцеляймона Панамарэнкі — кіраўніка БССР у 1938–1947 гадах.


Пазванілі з Масквы, сказалі, што Палесьсе зьбіраюцца перадаць УССР
photo
У верасьні 1939 года перастала існаваць Польшча. Сталін і Гітлер падзялілі краіну паміж СССР і Нямеччынай

Два ўкраінцы і адзін грузін, якія дагэтуль ніколі не жылі і нават не бывалі на беларускім Палесьсі, у сьцюдзёную восеньскую раніцу 22 лістапада 1939 году ў крамлёўскім кабінэце, па сутнасьці, прадвызначалі, у якой краіне апынуцца пасьля 1991 году жыхары Берасьця, Пінску, Дарагічына і Лунінца.

Менавіта так: у сераду 22 лістапада 1939-га кіраўнікі тагачаснай БССР (Панцеляймон Панамарэнка) і УССР (Мікіта Хрушчоў) былі выкліканыя да Сталіна, каб падзяліць паміж дзьвюма гэтымі рэспублікамі толькі што акупаваныя тэрыторыі Ўсходняй Польшчы

У міжваенны час Пінск уваходзіў у Палескае ваяводзтва Польшчы з цэнтрам у Берасьці

photo
У міжваенны час Пінск уваходзіў у Палескае ваяводзтва Польшчы з цэнтрам у Берасьці

Малады кіраўнік Беларусі Панамарэнка, бяз стомы аб’яжджаючы ў верасьні і кастрычніку 1939 году толькі што захопленыя тэрыторыі, ня надта зважаў на гэтае пытаньне — да таго часу, пакуль са званка ад кагосьці з ЦК ВКП(б) не даведаўся, што ўкраінскія таварышы просяць Маскву адрэзаць ладны кавалак тых зямель, якія ён ужо лічыў новымі беларускімі абласьцямі. Размова ішла пра занятае Чырвонай Арміяй былое Палескае ваяводзтва — цяперашнюю Берасьцейскую вобласьць. Гэтыя землі здаўна ўваходзілі спачатку ў Вялікае Княства Літоўскае (у складзе Рэчы Паспалітай), а потым у Гарадзенскую і Менскую губэрні (пры Расейскай імпэрыі).

panamarenka
Даведка:

Панцеляймон Панамарэнка (1902–1984) нарадзіўся ў Краснадарскім краі Расеі. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынэраў транспарту. З 1937 у апараце ЦК ВКП(б). У 1938–1947 гадах першы сакратар ЦК КП(б)Б. У 1939 браў удзел у кіраваньні войскамі, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху (1942–1944). З 1948 — сакратар ЦК ВКП(б), у 1952–1953 — член Прэзыдыюму ЦК КПСС, намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР. Існуе не пацьверджаная дакумэнтальна вэрсія пра тое, што Сталін перад сьмерцю рыхтаваў яго на пасаду кіраўніка савецкага ўраду. Пасьля сьмерці Сталіна быў паступова адхілены ад вышэйшага кіраўніцтва і накіраваны на дыпляматычную службу.

Паводле прапаноў, якія паступілі ў Крэмль з Кіева, мяжа паміж БССР і УССР, якая ў складзе даваеннага СССР дакладна паўтарала абрысы Менскай і Магілёўскай губэрняў, на заходніх тэрыторыях павінна была рэзка «скокнуць» угару, на поўнач, пакінуўшы на ўкраінскім баку Берасьце, Пружаны, Пінск, Столін, Кобрын, Лунінец і большую частку Белавескай пушчы.

З мэмуараў Панамарэнкі:

«Праект Хрушчова аб межах быў настолькі нечаканы, што ў той жа вечар было склікана паседжаньне бюро ЦК, каб абмеркаваць яго, выпрацаваць да яго свае адносіны і падрыхтаваць контрапрапановы.

...Мы з гэтым (прапановамі УССР) пагадзіцца не маглі — сталі рыхтаваць уласныя прапановы і абгрунтаваньні.

Давялося вывучыць вялікі гістарычны матэрыял: статыстыку насельніцтва па перапісах у дарэвалюцыйнай Расеі і Польшчы, дадзеныя польскіх архіваў (няхай і не заўсёды дакладныя адносна нацыянальнага складу, але непрадузятыя).»

photo
Мікіта Хрушчоў у 1936 годзе
Панамарэнка і Хрушчоў прыйшлі да Сталіна з рознымі мапамі

Раніцай 22 лістапада 1939 году Панамарэнка ў прыёмнай Сталіна сутыкнуўся з Хрушчовым. І ў аднаго, і ў другога ў руках — мапы і схемы. Пакуль чакалі выкліку да Сталіна, разгаварыліся. Панамарэнка выклаў Хрушчову ўласны варыянт разьмежаваньня, паводле якога мяжа павінна была пралегчы на поўдзень ад Берасьця, Пінску, Лунінца, Століна і Давыд-Гарадку.

А далей адбылося тое, што Панамарэнка назваў у сваім дзёньніку «драматычным інцыдэнтам, які прадвызначыў стаўленьне Хрушчова да мяне на доўгія гады».

З мэмуараў Панамарэнкі:

«...Хрушчоў ускіпеў і груба спытаў: „Хто вам „состряпал эту чепуху“, чым вы гэта можаце абгрунтаваць?“ Я адказаў, што прапановы, якія мы ўносім, склаў ЦК КПБ, і мы ня лічым іх „чепухой“ і гатовыя прывесьці абгрунтаваньні на падставе статыстыкі і гісторыі. Хрушчоў, у сваю чаргу, заявіў, што ўкраінскія навукоўцы маюць іншы пункт гледжаньня, і выказаў уласныя намёткі мяжы».

Этнаграфічныя мапы ўкраінскіх земляў, выдадзеныя ў 1917-1919 гадах. Імаверна, акурат на іх спасылаўся Хрушчоў

Пасьля таго як Панамарэнка аспрэчыў пазыцыю Хрушчова, адбылося наступнае:

«Хрушчоў разьюшыўся і стаў крычаць: „Ага, вы навукоўцам ня верыце! Вы што, больш за іншых ведаеце? А ці чулі вы пра тое, што пачынаючы зь сярэдніх вякоў на тэрыторыях, якія вы хочаце ўключыць у склад Беларусі, жылі і працягваюць жыць украінцы, што Налівайка, Багдан Хмяльніцкі і іншыя ўключалі насельніцтва гэтых тэрыторый у свае войскі, што гістарычныя кнігі ўвогуле ня згадваюць у сувязі з гэтымі раёнамі беларусаў“, і г.д.

Я сказаў, што мяне непакоіць тон, якім ён са мной размаўляе. Гэта ж ня наша асабістае пытаньне...»

photo
Панцеляймон Панамарэнка

Чаму Хрушчоў мог дазволіць сабе такі грубы тон у размове з Панамарэнкам? На той час ён ужо быў членам Палітбюро ЦК ВКП(б) — найвышэйшага кіраўніцтва краіны, узначальваў другую паводле эканамічнага патэнцыялу (пасьля РСФСР) савецкую рэспубліку, а раней кіраваў Масквой. Кім для яго быў Панамарэнка — учорашні інструктар ЦК, да таго ж на восем гадоў маладзейшы!

Сталін арыентаваўся на межы губэрняў Расейскай імпэрыі

Лёс Палесься вырашаўся ў Крамлі ў лістападзе 1939 года

photo
Лёс Палесься вырашаўся ў Крамлі ў лістападзе 1939 года

І вось Хрушчова і Панамарэнку выклікалі да Сталіна.

З мэмуараў Панамарэнкі:

«Ён сядзеў у кабінэце адзін і на наша прывітаньне адказаў: „Здарова, гетманы, ну, як з граніцай? Вы яшчэ не пабіліся? Не пачалі вайну? Не сканцэнтравалі войскі? Ці дамовіліся мірна?“

...Першым дакладваў Хрушчоў. Ён разгарнуў на стале схемы, але, расказваючы, ні разу на іх не спаслаўся.

Сталін выслухаў, устаў, прынёс сваю мапу і папрасіў Хрушчова паказаць на схеме, дзе пройдзе мяжа...»

Якія мапы маглі быць у той час на стале ў Сталіна? Мінула ўсяго два месяцы пасьля таго, як ён і Гітлер падзялілі паміж сабой Усходнюю Эўропу. Савецкія танкі ўжо стаялі ў Беластоку і Львове. Рыхтаваўся наступ на Фінляндыю. Ужо быў прадвызначаны лёс балтыйскіх краін, Малдовы і паўночнай Букавіны. Сталін аднаўляў межы колішняй Расейскай імпэрыі — і арыентаваўся ў сваіх рэваншысцкіх памкненьнях яўна на царскія мапы пачатку ХХ стагодзьдзя.

Наўрад ці яго надта турбавалі ўнутраныя адміністратыўныя межы.

photo

Калі зыходзіць з палітычнай вагі суразмоўцаў, голас Хрушчова павінен быў важыць непараўнальна больш, чым голас учорашняга маладога інструктара ЦК Панамарэнкі. Але Сталін любіў нечаканыя рашэньні. Да таго ж часта нацкоўваў адзін на аднаго сваіх нават самых блізкіх паплечнікаў, назіраючы потым збоку за жорсткім паядынкам.

Ня выключана, што ў Сталіна ў той момант была перад вачыма якраз мапа колішняй Расейскай імпэрыі. І ён бачыў, што тая мяжа паміж БССР і УССР, якая існавала да 1939 году, дакладна супадала зь межамі, з аднаго боку, паміж Менскай і Магілёўскай, а з другога — паміж Кіеўскай і Чарнігаўскай губэрнямі. Дык чаму павінна быць па-іншаму ў заходняй частцы Беларусі і Ўкраіны? Там беларускімі губэрнямі здаўна лічыліся Гарадзенская і Менская, украінскай — Валынская. Межы паміж імі сфармаваліся яшчэ ў 16 стагодзьдзі, пасьля Люблінскай уніі, як мяжа паміж ВКЛ і Каронай

Гэтую вэрсію даказвае дасьледчык Эмаунуіл Ёфэ ў сваёй кнізе “Панцеляймон Панамарэнка. “Жалезны” сталініст”. У Нацыянальным архіве Беларусі гісторык знайшоў сакрэтную пастанову ЦК КПБ ад 19 лістапада 1939 года, дзе напісана, што разьмежаваньне абласьцей і раёнаў паміж Беларускай і Ўкраінскай ССР варта ажыцьцявіць па мяжы былых Менскай і Горадзенскай губэрняў

Таксама ў Нацыянальным архіве Ёфэ знайшоў дакладную запіску гісторыка Ўладзімера Пічэты, якая пабачыла сьвет за тры дні да сустрэчы Сталіна з Панамарэнкам і Хрушчовым. Пічэта піша, што паўночнае Палесьсе - гэта адзіны геаграфічны і эканамічны рэгіён, гістарычна цесна зьвязаны зь Беларусьсю. А таму для разьмежаваньне БССР і УССР мусяць быць узятыя старыя адміністратыўныя межы.

Перадачу Берасьцейшчыны ў склад УССР Сталін назваў «дрэннай нацыянальнай палітыкай»
photo
Сталін і Хрушчоў (зьлева) у 1936 годзе

І вось надышла чарга дакладваць Панамарэнку.

«Задаўшы шэраг пытаньняў, Сталін заявіў: «Мяжа, якую прапануе таварыш Хрушчоў, зусім непрымальная, нічым не абгрунтаваная. Яе не зразумее грамадзкая думка. Немагчыма колькі-небудзь сур’ёзна гаварыць пра тое, што Берасьце і Белавеская пушча зьяўляюцца ўкраінскімі раёнамі. Калі прыняць такую мяжу, то заходнія вобласьці Беларусі, па сутнасьці, зьнікнуць. Гэта была б дрэнная нацыянальная палітыка».

Потым, зьвяртаючыся да Хрушчова, каб крыху зьмякчыць сваю заяву, ён заўважыў: «Скажыце прама: напэўна, вы, высоўваючы гэтыя прапановы, мелі на ўвазе іншае — вам хацелася б атрымаць лес, яго ж на Ўкраіне ня так шмат».

На гэта Хрушчоў адказаў: «Так, таварыш Сталін, уся справа ў лесе, якім так багата Палесьсе, а ў нас лесу мала».

«Гэта іншая справа, — заўважыў Сталін, — гэта можна ўлічыць. Беларусь, — сказаў ён далей, — прапануе правільную, абгрунтаваную мяжу. Аб’ектыўнасьць іхнай прапановы падкрэсьліваецца, у прыватнасьці, і тым фактам, што яны самі прапануюць раён Каменя-Кашырскага аднесьці да Ўкраіны. Мы зацьвердзім мяжу, якая ў асноўным супадае з прапановай т. Панамарэнкі, з папраўкай у адпаведнасьці з жаданьнем украінцаў атрымаць крыху лесу».

photo
Выгіб Сталіна. Заштрыхаваны “кавалак лесу” плошчай у 3 тысячы кв км Сталін перадаў Украіне

Ён узяў мапу і накрэсьліў лінію граніцы, якая супала з нашай прапановай, але ў адным месцы зрабіў на зялёным масіве мапы выгіб на поўнач і сказаў: «Няхай гэты раён адыдзе Ўкраіне».

Пра Камень-Кашырскі раён Сталін згадаў не выпадкова. З ужо згаданай сакрэтнай пастановы ЦК КПБ вынікае, што гэта была прапанова беларускага боку аддаць Украіне той раён.

«Лічыць неабходным Камень-Кашырскі павет, які раней уваходзіў у склад Валынскай губэрні, які мае ў складзе насельніцтва пераважную колькасьць украінцаў, аднесьці да Ўкраінскай ССР», — цытуе Эмануіл Ёфэ сакрэтную пастанову беларускай кампартыі.

Той «выгіб Сталіна» — гэта каля 3000 квадратных кілямэтраў, землі колішняга Пінскага павету Гарадзенскай губэрні, паміж рэкамі Прыпяцьцю і Стырам. Гэта пераважна лясістая і забалочаная мясцовасьць, без буйных гарадоў.

Нават за савецкім часам гэтыя тэрыторыі лічыліся ў Валынскай і Ровенскай абласьцях УССР найбольш дэпрэсіўнымі рэгіёнамі. Пасьля вайны моладзь зь мясцовых вёсак і мястэчак падавалася на вучобу і працу пераважна ў блізкія Пінск і Берасьце, а не ў аддаленыя на сотні кілямэтраў Луцк і Роўна.


Пераемнікам Сталіна ўсё ж стаў Хрушчоў, які адправіў Панамарэнку далей ад Масквы — амбасдарам у Польшчу

photo
Пераемнікам Сталіна ўсё ж стаў Хрушчоў, які адправіў Панамарэнку далей ад Масквы - амбасдарам у Польшчу

Натуральна, Хрушчоў вымушаны быў пагадзіцца з «выгібам Сталіна». Усе трое, накрэсьліўшы новыя межы Беларусі і Ўкраіны, мірна пайшлі абедаць на запрашэньне Ёсіфа Вісарыёнавіча.

Але таго свайго прыніжэньня перад Панамарэнкам Хрушчоў яўна не дараваў. Пасьля сьмерці Сталіна, калі Хрушчоў узначаліў СССР, кар’ера Панамарэнкі хутка пайшла ўніз. З пасады намесьніка кіраўніка савецкага ўраду, якую займаў пры Сталіну, ён быў накіраваны спачатку кіраваць культурай, потым на непрацяглы час стаў першым сакратаром ЦК КП Казахстана. А з 1955 году ўвогуле высланы з Масквы — амбасадарам у Польшчу.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.