«Віленская праўда» была штодзённай газэтай, якую савецкія ўлады стварылі пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР. Плянавалася, што яна стане абласной газэтай Вільні і Віленскай вобласьці ў складзе Савецкай Беларусі.
Першы нумар газэты выйшаў 22 верасьня 1939 году. Спачатку выданьне было пазначана як «Орган Часовага Упраўлення Віленскай Акругі», пазьней — як «Орган Часовага Упраўлення гор. Вільно» і «Орган Часовых Упраўленьняў Віленскай обласці і горада Вільна».
У «Віленскай праўдзе», як і ў іншай беларускай савецкай прэсе таго часу, друкаваліся тэксты пра гістарычныя правы беларускага народа на Вільню і Віленшчыну. Але ўжо празь некалькі дзён пасьля рэпартажаў пра тое, як на мітынгу ў Вільні людзі ўхвалілі далучэньне Заходняй Беларусі да БССР, зьявілася паведамленьне пра перадачу Віленскага краю Літве.
Некаторыя нумары «Віленскай праўды» захоўваюцца ў Аддзеле старой пэрыёдыкі Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, і іх можна пабачыць на сайце «Беларуская палічка». У гэтай кароткай падборцы — пра што пісала газэта за месяц свайго існаваньня.
У першым нумары «Віленскай праўды», акрамя падзяк Ёсіфу Сталіну і матэрыялаў пра тое, што ў Заходняй Беларусі «пачалося радаснае жыцьцё», быў апублікаваны верш Петруся Броўкі «Заходнім беларусам»:
Даволі мучыў вас пракляты польскі кат!
Руку братэрскую прымі, таварыш — родны брат!
Хай згіне польскі пан! Прабіў рашучы час!
Чырвоны, вольны сцяг навек з'еднае нас!
Газэта рэгулярна публікавала допісы пра гераічнае змаганьне з польскімі войскамі. Так, у другім нумары, у матэрыяле ТАСС расказваецца пра малодшага лейтэнанта Галакоўскага, які зьнішчыў гранатамі польскі пост. «Задача выканана, — далажыў Галакоўскі, знімаючы кавалкі гразі з расчырванеўшага твару».
А ў дзясятым нумары малодшы палітрук М. Умывакін піша, як «Чырвонаармеец Сідараў затрымаў двух афіцэраў»:
«— Ці не вораг гэта? — падумаў сам сабе Сідараў.
— Так, гэта ён, вораг, — канчаткова рашыў ён.
Сідараў моцна націснуў на педалы машыны і хутка выскачыў з яе.
— Стой! Рукі ўверх! — скамандаваў чырвонаармеец.
Збянтэжаныя са страху польскія ваякі, трымаўшыя ў руках бомбы і пісталеты, ціхенька паклалі іх на землю. Гэта былі два польскія афіцэры».
У міжнародных навінах даволі рэгулярна без камэнтароў друкаваліся зводкі нямецкага вайсковага камандаваньня. У нумары 15 таксама без камэнтароў была надрукаваная вялікая прамова Адольфа Гітлера ў Рэйхстагу. У прамове Гітлер, сярод іншага кажа пра «спробу урэгуліравання і вырашэння яўрэйскай праблемы», «забеспячэнне і гарантыю безапаснасці ўсёй гэтай вобласці» і «стварэнне польскай дзяржавы, якая па сваёй будове і кіраўніцтву, з’явілась бы гарантыяй таго, што яна не будзе ні ваенным ачагом супроць Германіі, ні цэнтрам інтрыг супроць Германіі і Расіі».
Але галоўнай тэмай таго самага 15-га нумару за 8 кастрычніка былі паведамленьні пра агульнагарадзкі мітынг, зь якіх фактычна вынікала, што Віленшчына будзе далучаная да БССР. Тэлеграма таварышу Сталіну, рэзалюцыя мітынгу, прамовы прадстаўнікоў рабочых, вайскоўцаў, інтэлігенцыі і моладзі, «усенародная радасьць і лікаванне».
Пры гэтым сярод міжнародных навінаў на апошняй старонцы было караценькае — літаральна двума сказамі — паведамленьне пра прыезд у Маскву 7 кастрычніка літоўскай урадавай дэлегацыі.
Праз чатыры дні — ў 19-м нумары за 12 кастрычніка быў апублікаваны дагавор аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы Вільні і Віленшчыны.
Апошні нумар «Віленскай праўды» выйшаў 25 кастрычніка 1939 году, рэдакцыйнае абсталяваньне перавезьлі зь Вільні ў Вялейку, а газэту перайменавалі ў «Вілейскую праўду» — «орган Часовага ўпраўлення Вілейскай вобласці». Вобласьць праіснавала з 1939 па 1944 год, калі была перайменаваная ў Маладэчанскую. А ў 1960 годзе Маладэчанскую вобласьць расфармавалі — яе раёны перадалі ў Віцебскую, Горадзенскую і Менскую вобласьці.