Літва ад Браслава да Берасьця. 100 гадоў таму бальшавікі аддалі «на вечныя часы» частку Беларусі
Як малявалі
межы Беларусі
Частка VIІ
Літва ад Браслава да Берасьця.
100 гадоў таму бальшавікі аддалі «на вечныя часы» частку Беларусі

У 1920 годзе Літва разьлічвала атрымаць у свой склад траціну сучаснай Беларусі: ад Браслава і Паставаў на поўначы да Берасьця і Драгічына на поўдні. Менавіта пра гэта ішла гаворка падчас савецка-літоўскіх перамоваў. Атрымалі літоўцы нашмат менш: Горадню, Ліду, Ашмяны і Браслаў. Хоць і зусім ненадоўга, але гэты кавалак беларускіх земляў перайшоў у склад Літоўскай Рэспублікі. Валянцін Жданко расказвае, як гэта здарылася.

Як Савецкая Беларусь за паўгода зьнікла з мапы сьвету

З 1918-га па 1921 год на тэрыторыі сучаснай Беларусі межы мяняліся раз на некалькі месяцаў. І гэта ня вобразны выраз. Адна з найбольш важных дамоваў таго часу, якая магла вызначыць будучыню Беларусі – Маскоўскі мірны дагавор паміж савецкім і літоўскім урадамі ў ліпені 1920 году.

Беларусь у пачатку 1919 года і ў 1920-м

Што на той час адбывалася на гэтай тэрыторыі? Мінуў год пасьля абвяшчэньня Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (1 студзеня 1919 году). Два тыдні яна праіснавала ў межах, якія амаль супадалі з мапай БНР. Потым Віцебская і Магілёўская губэрні перайшлі да РСФСР. А рэшту беларускіх земляў аб’ядналі зь літоўскімі і стварылі Літоўска-Беларускую ССР. Аднак ад сярэдзіны 1919 году большая частка сучасных беларускіх земляў была акупаваная Польшчай. Фактычна беларускай дзяржавы па стане на 1920 год не існавала.

У гэты самы час Масква распачынае мірныя перамовы з балтыйскімі краінамі, якія абвясьцілі пра сваю незалежнасьць ад Расеі яшчэ ў 1918 годзе. 2 сьнежня 1919 году Ленін прызначае Адольфа Іофэ як паўнамоцнага прадстаўніка РСФСР, які будзе весьці перамовы з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой, прызнаваць іх незалежнасьць і падпісваць мірныя пагадненьні.

Даверанасьць для Іофэ ад Леніна на заключэньне мірных дамоваў з краінамі Балтыі
Даверанасьць для Іофэ ад Леніна на заключэньне мірных дамоваў з краінамі Балтыі

Падобныя перамовы з БНР, нягледзячы на яе звароты, Масква распачынаць адмовілася. Бальшавікі на той час зь піетэтам ставілася да нацыянальных памкненьняў эстонцаў, латышоў, літоўцаў, а такія ж памкненьні беларусаў дэманстратыўна ігнаравалі.


Паплечнік Леніна, які пахаваў беларускую дзяржаўнасьць

Ці не найбольш важную ролю ў перадачы беларускіх земляў Літве ў 1920 годзе адыграў менавіта Адольф Іофэ. Гэты паплечнік Леніна і Троцкага быў самай злавеснай постацьцю для лёсу беларускай незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ў 1918–1921 гадах. Там, дзе патрабавалася адрэзаць кавалак населеных беларусамі земляў на карысьць суседніх краін і народаў, нязьменна зьяўляўся Адольф Іофэ.

Іофэ (другі зьлева) на падпісаньні Рыскага міру
Іофэ (другі зьлева) на падпісаньні Рыскага міру

Так было падчас Берасьцейскага міру ў 1918-м, калі Іофэ з Троцкім пагадзіліся перадаць Нямеччыне палову Горадзеншчыны.

Так было ў студзені-лютым 1919-га, калі Іофэ кіраваў перадачай у склад РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губэрняў, якія былі часткай абвешчанай Савецкай Беларусі.

Так было падчас падпісаньня Рыскага міру 1921 году, калі пад кіраўніцтвам Іофэ расейская дэлегацыя аддала Польшчы Заходнюю Беларусь.

І той самы Іофэ ў траўні 1920-га, калі Масква падпісвала мір зь Літвой, пагадзіўся на перадачу паўночна-заходніх земляў Беларусі ў склад Літвы.

Іоффе
Даведка:

Адольф Іофэ (1883–1927) — нарадзіўся ў Сімферопалі ў сям’і купца-мільянэра. Вучыўся ў Бэрлінскім і Цюрыхскім унівэрсытэтах.

Быў сярод ключавых фігураў савецкай дэлегацыі пры заключэньні Брэсцкага міру, паводле якога бальшавіцкі ўрад пагадзіўся перадаць Нямеччыне захад Горадзенскай губэрні, а Ўкраіне — усё Палесьсе ад Берасьця да Гомля.

З 1912-га — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Льва Троцкага. З 1923 належаў да «левай апазыцыі». З умацаваньнем Сталіна страціў усе ранейшыя ключавыя пасады. Выкладаў у МДУ.

Застрэліўся ў 1927 годзе — пасьля таго як ЦК РКП(б) адмовіў яму ў грошах для лячэньня за мяжой.

Падчас перамоваў зь літоўскай дэлегацыяй Адольф Іофэ ўвогуле не ўжываў словаў «Беларусь» і «беларускі» – нібы размова ішла не пра Горадзеншчыну, населеную пераважна беларусамі, а пра нейкія расейскія губэрні. На гэту адметнасьць паводзінаў Іофэ зьвярнуў у сваім выступе на перамовах у Маскве сябра літоўскай дэлегацыі Дамінік Сямашка.

Са стэнаграмы паседжаньня літоўска-расейскай мірнай дэлегацыі 9-12 траўня 1920 году

«Самае галоўнае, заўважанае мною ў гэтых дэбатах, гэта тое, што да гэтага часу ні ў адной са сваіх прамоваў спадар старшыня расейскай дэлегацыі не згадаў ніводным словам пра Беларусь, старанна пазьбягаючы гэтай назвы. Упарта раячы літоўскай дэлегацыі не спасылацца на свае гістарычныя правы, паважаны старшыня расейскай дэлегацыі Літоўска-Беларускае дзяржаўнае суіснаваньне называе «Руска-Літоўскім». Я маю права меркаваць, што, выкрэсьліваючы слова «Беларусь», спадар старшыня расейскай дэлегацыі мае намер выкрасьліць гэтую назву таксама з мапы Эўропы».

Дамінік Сямашка
Даведка:

Дамінік Сямашка (1878–1932) — беларускі і літоўскі палітычны дзеяч. У 1918–1919 уваходзіў у Літоўскую Тарыбу як прадстаўнік беларускіх арганізацый, прыхільнік фэдэрацыі Беларусі і Літвы.

У складзе літоўскай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы Парыскай мірнай канфэрэнцыі ў 1919–1920 гадах.

У 1920 –1922 гадах кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы. Падтрымліваў ідэю «вялікай Літвы» за кошт беларускіх этнічных тэрыторый.

У выніку Дамінік Сямашка зрабіў выснову пра «нядобразычлівую палітыку Савецкай Расеі ў дачыненьні да Беларусі».

Адольф Іофэ ў сваім шматслоўным выступе ў адказ называў самавызначэньне беларускага народу «так званым», а сваё ігнараваньне слова «Беларусь» растлумачыў наступным чынам:

«…Вялізная маса беларускага насельніцтва неаднаразова заяўляла сваю волю застацца ў межах Расеі, а іншыя часткі казалі то пра стварэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы, то пра стварэньне самастойнай Беларускай дзяржавы. Мы ня маем таму да цяперашняга часу падставаў лічыць самавызначэньне беларускага народу зьдзейсьненым».

Гэтаму выслоўю сто гадоў. Даўно абрынуліся і камуністычны рэжым, і савецкая імпэрыя. Памянялася не адно пакаленьне палітыкаў. А ў Маскве, падобна, дагэтуль не ўспрымаюць беларускую дзяржаву як нешта трывалае і зьдзейсьненае.

Эканамічна абгрунтавана. Як у Вялікую Літву хацелі ўключыць траціну сучаснай Беларусі

Зусім натуральна, што ўрады маладых балтыйскіх дзяржаў імкнуліся максымальна выкарыстаць слабасьць бальшавіцкага рэжыму і адарваць ад колішняй імпэрыі як мага большыя кавалкі. Літва магла пашырыць свае межы пераважна за кошт беларускіх тэрыторый. І бацькі літоўскай незалежнасьці спрабавалі вытаргаваць у Масквы максымум.

photo

Што сабой уяўляла Літва на 1920 год

На пачатку 1920 году літоўскія ўлады кантралявалі пераважна колішнюю Ковенскую губэрню – этнічныя літоўскія тэрыторыі. Кіраўніцтва краіны разьмяшчалася ў Коўне. Вільню і Віленскі край з красавіка 1919-га займалі палякі. Але Літва настойліва патрабавала перадачы іх пад свой кантроль, паколькі лічыла сваімі спрадвечнымі землямі.

Апроч таго, маладая літоўская дзяржава прэтэндавала на Клайпеду (Мемель), якую ўрэшце і атрымала ў 1923 годзе ад Нямеччыны.

Літоўская дэлегацыя на маскоўскіх перамовах 1920 году дамагалася ўключэньня ў склад сваёй краіны Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Горадзенскай губэрняў (з гарадамі Беласток, Бельск, Горадня, Берасьце, Кобрынь, Пружаны, Наваградзкага павету Менскай губэрні і часткі Курляндзкай губэрні. Іншымі словамі, размова ішла прыкладна пра траціну тэрыторыі сёньняшняй Рэспублікі Беларусь.


15 траўня 1920 дэлегацыя РСФСР прадставіла этнаграфічную мапу, зь якой было відаць, што этнічныя літоўцы насялялі толькі Ковенскую, Сувалкаўскую і заходнюю частку Віленскай губэрні. На ўсіх астатніх тэрыторыях, на якія прэтэндавала Літва, этнічныя літоўцы не жылі ўвогуле альбо былі ў мізэрнай колькасьці.

photo

Літоўская дэлегацыя не магла не прызнаць гэта, але апэлявала галоўным чынам да гістарычнага мінулага і эканамічных чыньнікаў. З выступу на перамовах Дамініка Сямашкі:

З выступу на перамовах Дамініка Сямашкі:

«Горадзенская зямля – старое месца жыхарства літоўскага племені яцьвягаў… Зыходзячы з эканамічных меркаваньняў, указаныя ў межах Літвы беларускія часткі ўжо паводле свайго геаграфічнага становішча зьяўляюцца прыбалтыйскімі краямі, і ўсе рэкі, чыгункі, а таксама і шашэйныя дарогі цягнуцца да Балтыйскага мора. Адрываючы гэтыя часткі ад Літвы і далучаючы іх да Расеі ці Польшчы, яны асуджаюцца на многія вякі стаць краем эканамічна неразьвітым, ад якога карысьці ні Расеі, ні Польшчы, ні самой Беларусі ня будзе. Што ж датычыць паўднёвай часткі Горадзенскага краю, то крэпасьць Берасьце ў руках мацнейшай дзяржавы будзе служыць крэпасьцю нападу, тады як у руках слабейшай літоўскай дзяржавы гэтая крэпасьць зьяўляецца толькі пунктам абароны ўсяго Горадзенскага краю».

photo

Да перадачы Берасьця і Пружанаў справа не дайшла, а вось населеныя пераважна беларусамі Горадня, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда разам з 60-кілямэтровым пасам Горадзеншчыны і заходняй Віцебшчыны станавіліся літоўскімі. Паводле Маскоўскай дамовы, усходняя мяжа Літоўскай рэспублікі павінна была пралегчы блізу Мастоў, Іўя, Маладэчна, Вілейкі. На літоўскім баку заставалася возера Нарач.

«Вечныя часы» працягваліся тры месяцы
vilnia
Дзякуючы дамове з бальшавікамі Вільня на пару месяцаў перайшла да Літвы. Фота Яна Булгака

Масква шчодра адрэзала Літве каля 30 тысяч квадратных кілямэтраў сучасных беларускіх земляў. Не ў апошнюю чаргу з той прычыны, што бальшавікі рыхтавалі контранаступ супраць Польшчы і хацелі заручыцца падтрымкай Літвы. Паводле дамовы, Літва спрыяла праходу Чырвонай арміі праз свае землі ў наступе на Польшчу, а таксама абавязвалася спыніць на сваёй тэрыторыі «дзейнасьць антысавецкіх арганізацый», у тым ліку кіраўніцтва БНР.

У расейска-літоўскай мірнай дамове, падпісанай у Маскве 12 ліпеня 1920 года, патасна абвяшчалася, што ўсе гэтыя тэрыторыі перадаюцца Расеяй «па добрай волі і на вечныя часы». Аднак «вечныя часы» працягнуліся нядоўга. 14 ліпеня, калі Чырвоная армія пачала паход на Польшчу, бальшавікі занялі Вільню. Але ўжо праз пару месяцаў сюды вярнуліся польскія вайскоўцы.

Калісьці ў юнацтве я размаўляў пра той час са сваёй бабуляй Эміліяй 1899 году нараджэньня. Яна нарадзілася і жыла акурат у тых мясьцінах, якія расейскія бальшавікі перадалі Літве – недалёка ад Друскенікаў, у цяперашнім Шчучынскім раёне. Паводле яе ўспамінаў, літоўскія чыноўнікі і паліцыянты летам 1920-га ў навакольных вёсках нават не зьявіліся. Двойчы прайшлі бальшавікі: спачатку на захад, потым на ўсход. Але за тыя некалькі тыдняў, што трымалі ўладу, асабліва разгарнуцца не пасьпелі. Яны запомніліся хіба толькі спробай рэквізыцыі фуражу ды збожжа. Мясцовыя жыхары масава хавалі свой набытак у навакольных лясах. Ужо ў верасьні-кастрычніку 1920-га сюды вярнулася польская ўлада.

krylou
Горадня па савецка-літоўскай дамове пераходзіла таксама да Літвы. Фота Яна Булгака

Такім чынам аддадзеныя бальшавікамі беларускія землі праіснавалі ў складзе Літвы ня больш за тры месяцы. Пасьля няўдалай спробы Чырвонай Арміі зрабіць паход на Польшчу ўжо на пачатку кастрычніка 1920 году ўсе вытаргаваныя Літвой у Масквы тэрыторыі былі занятыя польскімі войскамі. Літва пратэставала, разарвала з Польшчай дыпляматычныя стасункі і варагавала аж да пачатку Другой сусьветнай вайны.

І хоць увесь гэты край на пачатку 20-х гадоў быў уключаны ў склад Польшчы, і Масква, і Каўнас лічылі дамову ад 12 ліпеня 1920 года дзейнай. І на літоўскіх, і на савецкіх мапах у міжваенныя дзесяцігодзьдзі гэтая тэрыторыя пазначалася як акупаваная Польшчай. У 20-я і 30-я гады СССР неаднаразова падпісваў і падаўжаў дамовы зь Літвой аб ненападзе. І кожны раз (у 1926, 1931, 1934 гадах) па настойлівай просьбе літоўскага боку Масква пацьвярджала і прызнавала правы Літвы на гэты рэгіён. Тое, што ў 1939–1940 гадах Масква перадала Вільню і Віленшчыну Літве, а не Беларусі, у пэўнай ступені было адгалоскам 1920 году. Літоўскі бок нязьменна апэляваў да той дамовы і дамагаўся яе выкананьня.

Краіна зь няпэўнымі межамі

А што ж Беларусь узору ліпеня 1920-га? Праз два з паловай тыдні пасьля перадачы Літве паўночнага Панямоньня Масква пагадзілася на паўторнае абвяшчэньне «незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі». Хоць пэўныя межы яе не акрэсьліваліся, было відавочна, што яна апынулася моцна абрэзанай з усіх бакоў. Паўночны захад з Горадняй, Лідай і Ашмянамі былі перададзены Літве. На захадзе ў Беластоку ўжо 1-га жніўня было абвешчана аб пачатку стварэньня Савецкай Польшчы (такім чынам, Беласточчыну бальшавікі плянавалі перадаць палякам). На ўсходзе (за Барысавам і Бабруйскам) пачыналася РСФСР. А тым часам легіёны Пілсудзкага, атрымаўшы перамогу над бальшавіцкай арміяй пад Варшавай, перайшлі ў наступ і ў жніўні-верасьні 1920-га імкліва рухаліся па беларускай тэрыторыі на ўсход.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.