Мінздароўя Беларусі паведаміла пра 7 памерлых ад каранавірусу за суткі. Гэта антырэкорд

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 12 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 12 траўня:

  • агулам 24873 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 142 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (родзічы некаторых памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 6974 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 967 выпадкаў і прызналі яшчэ 7 сьмерцяў, выпісалі 443 чалавекі;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 284 445 тэстаў (плюс 10 385 за дзень), цяпер тэсты праводзяць у 38 лябараторыях, таксама ва ўсіх рэгіёнах наладзілі правядзеньне экспрэс-тэстаў на антыцелы да SARS-CoV-2 для выяўленьня тых, хто ўжо перахварэў;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе адказваюць галавой». Лукашэнка сабраў урад і «ўзяў на кантроль» сытуацыю з каранавірусам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маштабы тэставаньня на COVID-19 і маштабы пандэміі ў Беларусі. Ці тлумачыцца другое першым?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмяротнасьць ад COVID-19 сярод мэдыкаў у Беларусі ў 15-30 разоў вышэйшая за іншыя краіны Эўропы? Як такое атрымалася

Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 23 906 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 933 за дзень) і 135 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных (плюс 4 за дзень). Да 12 траўня шэсьць дзён запар міністэрства прызнавала па больш як 900 новых выпадкаў на дзень. Ад 25 красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень не была меншай за 800, штодзень прызнавалі 4 ці 5 новых сьмерцяў (толькі аднойчы, 3 траўня, прызналі толькі 2 сьмерці).

У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў (і выявілі 861 новы выпадак), хоць да і пасьля таго рабілі па 7–9 тысяч на дзень.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прасіў, каб расейскія тэлеканалы паказалі менскі парад. Не паказаў ніводзін, але напісалі іншыя СМІ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не бравада». Лукашэнка выказаўся пра адсутнасьць карантыну і парад падчас пандэміі

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арышты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Складаецца сьпіс загінулых ад COVID-19 мэдыкаў. У ім ужо тры асобы зь Беларусі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ