Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у Менску


Парад у Менску 9 траўня 2020 году.
Парад у Менску 9 траўня 2020 году.

«Беларусь падкупляе людзей для ўдзелу ў парадзе», «Беларускі парад адбываецца насуперак пандэміі і кідае выклік Пуціну», «Аляксандру Лукашэнку нішто не перашкодзіла правесьці парад у Менску» — парад у Менску трапіў у загалоўкі сусьветных СМІ.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Сьмяротная сусьветная пандэмія ня стала падставай для адмены параду»

«Беларусь праводзіць вайсковы парад, кідаючы выклік засьцярогам суседзяў», так пра вайсковы парад у Менску піша агенцтва Bloomberg, адзначаючы, што для аўтарытарнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі «сьмяротная сусьветная пандэмія ня стала падставай для адмены вайсковага параду ў гонар перамогі ў Другой сусьветнай вайне».

Bloomberg адзначае, што адмаўляючы папярэджаньні пра рызыку распаўсюду каранавірусу (а гэта ў сярэднім 800 новых выпадкаў у суткі), Лукашэнка выклікаў войскі ў Менск на парад, тым часам як суседнія дзяржавы, улучна з Расеяй, зьмянілі свае пляны, бо збор тысячаў гледачоў непазьбежна прывядзе да пашырэньня хваробы.
«Лукашэнка ўжо зрабіў Беларусь чужой сярод дзяржаваў, якія змагаюцца з распаўсюдам хваробы, адмаўляючыся зачыняць крамы і прадпрыемствы», канстатуе Bloomberg.

«Каб кінуць выклік пуцінскай Расеі»

«Беларусь „падкупляе людзей“ для ўдзелу ў парадзе з нагоды Дня Перамогі. Каб кінуць выклік пуцінскай Расеі, калі 5000 вайскоўцаў праходзяць маршам у сталіцы краіны, прэзыдэнт якой сьцьвярджае, што каранавірус — гэта масавы „псыхоз“, і яго можна вылечыць гарэлкай і лазьняй», — піша брытанскае выданьне Daily Mail.

Беларускі парад адбываецца насуперак пандэміі і кідае выклік Пуціну, піша BBC, зьвяртаючы ўвагу на тое, што ў цэнтры Масквы не было танкаў і парадаў салдат і вэтэранаў, прымеркаваных да 75-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Тым часам як парад на Краснай плошчы скасавалі праз пандэмію, у суседняй Беларусі ў цэнтры сталіцы ў рамках сьвяткаваньня — парад, канцэрт і сьвяточны фаервэрк.

«Аляксандар Лукашэнка хваліцца правядзеньнем адзінага параду на постсавецкай прасторы»

Тысячы людзей удзельнічалі ў парадзе ў Беларусі нягледзячы на засьцярогі з прычыны Covid-19, піша The Guardian. Лідэр краіны Аляксандар Лукашэнка хваліцца правядзеньнем адзінага параду на постсавецкай прасторы з нагоды паразы нацысцкай Нямеччыны, адзначае выданьне і дадае, што «нягледзячы на эпідэмію каранавірусу сьвяткаваць Дзень Перамогі ў цэнтры Менску выйшлі людзі, у тым ліку вэтэраны Вялікай айчыннай вайны».

The Guardian нагадвае, што Лукашэнка публічна адмаўляе эпідэмію, зьяўляецца на праваслаўных велікодных набажэнствах і іншых публічных мерапрыемствах, што Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, якая працягвае праводзіць футбольныя матчы падчас пандэміі.

«Трансьляцыю вайсковага параду нягледзячы на прапанову Аляксандра Лукашэнкі не паказалі расейскія каналы»

«Не сьпяшайцеся асуджаць нас — нашчадкаў Перамогі, беларусаў» — Аляксандру Лукашэнку нішто не перашкодзіла правесьці парад у Менску. Пра гэта піша расейскі «Коммерсантъ».

«Мяркуючы па трансьляцыі вайсковага параду, які нягледзячы на раней зробленую Аляксандрам Лукашэнкам прапанову не паказалі расейскія каналы (акрамя тэлеканалу „Мір“, які лічыцца тэлеканалам усяго СНД), сьвята прайшло менавіта так, як таго хацелі арганізатары... Людзей таксама было досыць шмат. Большая частка назірала за тым, што адбываецца, з абочыны, аднак для ганаровых гасьцей былі абсталяваныя спэцыяльныя трыбуны. Характэрна, што, нягледзячы на абяцаньне прэзыдэнта Лукашэнкі не запрашаць на парад саміх вэтэранаў Вялікай айчыннай вайны, пажылыя людзі ў вайсковай форме часта траплялі ў кадар» — піша расейскае выданьне.

«Украінская праўда» зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць: «8 траўня на рэпэтыцыі параду ў сталіцы Беларусі быў затрыманы мужчына з станоўчым тэстам на каранавірус, які ўцёк зь лякарні. «Лукашэнка просіць не асуджаць Беларусь за парад падчас пандэміі», — такі загаловак дае ўкраінскі партал.

Сусьветная арганізацыя здароўя заклікала Беларусь адмяніць мерапрыемствы ў Дзень Перамогі, але Лукашэнка заявіў, што адчувае сябе маральна абавязаным вэтэранам і краіне адзначыць паразу нацысцкай Нямеччыны. У суботу ён назваў назіраньне за Днём Перамогі «сьвятым дзеяньнем», піша U.S.News.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG