Сьцісла
- 10 траўня Беларусь паводле колькасьці на мільён насельніцтва новых выпадкаў захворваньня на COVID-19 была на першым месцы ў Эўропе.
- Мы лепш тэстуем, таму ў нас больш выяўленых захворваньняў — кажуць беларускія ўлады.
- 10 траўня ў сьвеце было 22 краіны (12 зь іх — у Эўропе), у якіх тэстаў на душу насельніцтва было зроблена больш, чым у Беларусі, а выпадкаў захворваньня на COVID-19 на душу насельніцтва — менш, чым у Беларусі.
- Беларусь — эўрапейскі лідэр па колькасьці новых захворваньняў на душу насельніцтва, і гэта не таму, ці прынамсі ня толькі таму, што ў ёй робіцца дастаткова шмат тэстаў.
На 10 траўня ў Беларусі быў 2431 інфікаваны на мільён насельніцтва. Гэта 28 месца ў сьвеце (сярод 214 краін і тэрыторый) і 22-е месца ў Эўропе (сярод 50 краін).
Першае месца ў Эўропе па новых захворваньнях адносна колькасьці насельніцтва
Але Беларусь трымае сумнае лідэрства па штодзённым павелічэньні колькасьці новых захварэлых. Яна нават і ў абсалютным «заліку» паводле гэтага паказьніку высока ў сьпісе: 10 траўня прырост складаў 921 новы выпадак захворваньня — 17-е месца сярод 214 краін і тэрыторый сьвету, чацьвёртае месца ў Эўропе — пасьля Расеі, Вялікай Брытаніі і Гішпаніі.
Яшчэ больш уражваюць падлікі прыросту на душу насельніцтва (дакладней, на мільён чалавек). На 10 траўня з 97 новымі выпадкамі захворваньня на мільён насельніцтва Беларусь была на 5 месцы ва ўсім сьвеце (пасьля Кувэйту, Сынгапуру, Катару і Бахрэйну) і на першым — у Эўропе. На другім месцы ў Эўропе была Расея, дзе налічвалі 75 новых захворваньняў на мільён насельніцтва.
Тлумачэньне гэтаму сумнаму лідэрству, якое даюць беларускія ўлады, — у Беларусі праводзіцца шмат тэстаў, больш, чым у іншых краінах, таму і шмат выяўленых выпадкаў захворваньня — больш, чым у іншых краінах. Паводле гэтага тлумачэньня, вялікая колькасьць выяўленых — паказьнік не вялікага распаўсюду хваробы, а эфэктыўнасьці беларускай сыстэмы аховы здароўя, у прыватнасьці — сыстэмы выяўленьня выпадкаў захворваньня. Мы больш тэстуем, таму ў нас больш выяўленых захворваньняў, — кажуць беларускія ўлады.
Чым больш тэстаў — тым больш выяўленых захворваньняў?
Тэорыя прыгожая, але не зусім адэкватная. Дакладныя падлікі на падставе дадзеных за 10 траўня паказваюць, што ў сьвеце было 22 краіны (12 зь іх — у Эўропе), у якіх тэстаў на душу насельніцтва было зроблена больш, чым у Беларусі, а выпадкаў захворваньня на COVID-19 на душу насельніцтва — менш, чым у Беларусі.
Вось некаторыя з гэтых краін.
Краіны |
Выпадкаў захворваньня, на 1 мільён насельніцтва |
Зробленыя тэсты, на 1 мільён насельніцтва |
Аб'яднаныя Арабскія эміраты |
1840 |
121330 |
Мальта |
1123 |
91708 |
Літва |
543 |
67558 |
Бэрмудзкія выспы |
1895 |
64549 |
Кіпр |
744 |
63062 |
Данія |
1801 |
54873 |
Ізраіль |
1904 |
52598 |
Эстонія |
1311 |
47773 |
Кувэйт |
2034 |
45988 |
Латвія |
498 |
40607 |
Новая Зэляндыя |
310 |
39468 |
Расея |
1437 |
37335 |
Брунэй |
322 |
36340 |
Нарвэгія |
1495 |
36140 |
Аўстрыя |
1762 |
35143 |
Нямеччына |
2051 |
32891 |
Аўстралія |
272 |
32466 |
Славенія |
701 |
30221 |
Канада |
1824 |
30099 |
Чэхія |
759 |
28247 |
Belarus |
2431 |
27890 |
Так што Беларусь — эўрапейскі лідэр па колькасьці новых захворваньняў на душу насельніцтва не таму, ці прынамсі ня толькі таму, што ў ёй робіцца дастаткова шмат тэстаў. Але і таму, што хвароба распаўсюджваецца хутка і шырока — ва ўсякім разе, хутчэй і шырэй, чым у некаторых іншых краінах.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.