Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казаў, што яму прапанавалі прымаць кітайскія таблеткі». Памёр 43-гадовы супрацоўнік ААТ «Пеленг»


ААТ «Пеленг», архіўнае фота
ААТ «Пеленг», архіўнае фота

На менскім ААТ «Пеленг» памерлі двое супрацоўнікаў, якія мелі станоўчыя тэсты на COVID-19 — Андрэй Фурс і Анатоль Тарэеў. Яшчэ пяцёра супрацоўнікаў захварэлі на каранавірус, яны цяпер дома і ў шпіталях.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік гендырэктара прадпрыемства Сяргей Паддубоцкі.

«Абодва былі хворыя на каранавірус, яны ляжалі ў бальніцы. У 67-гадовага Анатоля Тарэева была двухбаковая пнэўманія. 43-гадовы Андрэй Фурс самотны, бацькі памерлі, у яго засталася сястра. Быў машыністам рэзальных машын. Ён ляжаў у бальніцы тыдні два, для ўсіх было нечакана».

Сяргей Паддубоцкі зьдзівіўся, што прэса гэтым цікавіцца.

«Навошта перажоўваць трагедыю чалавека? У нас звычайнае прадпрыемства, не сакрэтнае. Чаму такі ажыятаж і пытаньне да нашага прадпрыемства?» — сказаў ён.

ААТ «Пеленг» — вядучае прадпрыемства оптыка-мэханічнай і оптаэлектроннай прамысловасьці ў краіне, уваходзіць у склад Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. На прадпрыемстве вырабляюць мэтэаралягічнае абсталяваньне, прыборы для касьмічных апаратаў, тэхніку і вайсковае абсталяваньне.

Андрэй Фурс памёр 8 траўня, сказаў карэспандэнту Свабоды ягоны сябар Валеры.

«Я дакладна ня памятаю, калі яго паклалі ў 5-ю лякарню. Яго хутка забралі, ён нават не пасьпеў узяць з сабой нейкія рэчы. У яго была высокая тэмпэратура, цяжка было дыхаць, задышка. Яму было цяжка размаўляць праз тэлефон, ён нават хвіліну ня мог нармальна пагаварыць, прасіў часта не тэлефанаваць. Ён казаў, што яму прапанавалі прымаць кітайскія таблеткі і ўзялі зь яго пра гэта росьпіс, што ён пагаджаецца. Здаецца, 4 траўня ён сказаў, што ў яго станоўчы тэст на каранавірус. Потым я даведаўся ад яго сваякоў, што прычынай сьмерці пазначылі цыроз печані. І гэта пры тым, што ён не ўжываў алькаголь. Яго крэміравалі».

Андрэй Фурс адпрацаваў на «Пеленгу» 12 гадоў. Ён быў парафіянінам менскай катэдры, сьпяваў у хоры Gloria. Паводле сяброў, «быў прыкладам сапраўднага ціхага хрысьціянства».

Анатоль Тарэеў, які працаваў начальнікам аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг», памёр 27 красавіка. У менскай раённай бальніцы ў Бараўлянах, куды яго паклалі з пнэўманіяй, ён правёў каля трох тыдняў, яго падключалі на ШВЛ. Пахавалі ў закрытай труне, паведамляе «Наша Ніва». Анатоль Тарэеў займаўся лазэрнымі прыцэламі, у базе патэнтаў Беларусі на яго імя зарэгістравана больш за сто адзінак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG