У розных гарадах 11 траўня прайшлі суды над актывістамі, якія пратэставалі супраць правядзеньня параду 9 траўня або выступалі ў падтрымку блогера Ціхановіча. За кратамі ўжо сама меней 55 чалавек, зь іх 17 ужо асуджаныя на арышт ад 2 да 15 сутак.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» піша, што пасьля затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня затрымалі або выклікалі для складаньня пратаколаў каля 120 чалавек. Чакаюць судоў у ізалятарах 38 чалавек.
На цяперашні момант вядома пра наступныя выракі:
- Аляксандар Андрэеў — 10 сутак арышту (паводле арт. 23.34 КаАП),
- Ільля Ціханаў — 10 сутак,
- Павал Анціпкін — 15 сутак,
- Віталь Грыцкоў — 15 сутак,
- Аляксандар Ільінец — 5 сутак,
- Уладзімер Барэйша — 8 сутак,
- Сяргей Пятрухін — 15 сутак,
- Дзяніс Малышэнка — 810 рублёў штрафу,
- Іна Джумава — 3 сутак,
- Тацяна Сівачэнка — 675 рублёў штрафу,
- Міхась Аршынскі — 10 сутак,
- Станіслаў Паўлінковіч — 15 сутак,
- Стас Расінскі — 10 сутак,
- Юры Калько — 1080 рублёў штрафу,
- Дзяніс Малышэнка — 810 рублёў штрафу,
- Аляксандар Цуканаў — 25 сутак арышту,
- Уладзімер Неўмяржыцкі — 3 сутак арышту і штраф 810 рублёў
- Вячаслаў Удовенка — 10 сутак арышту,
- Ліза Пракопчык — 5 сутак арышту,
- Зьміцер Лупач — 10 сутак арышту,
- Даніла Лаўрэцкі — 13 сутак арышту,
- Барыс Огнеў — 7 сутак арышту,
- Мікіта Ігнашын — 10 сутак,
- Андрэй Зуеў — 7 сутак арышту,
- Алег Вялаў — 810 рублёў штрафу,
- Віталь Бялевіч — 216 рублёў штрафу,
- Людміла Барэйка — 270 рублёў штрафу,
- Данііл Ермаковіч — 270 рублёў штрафу,
Падрабязнасьці з судоў — чытайце ніжэй.
Прынамсі дваіх актывістаў «Моладзевага блёку» — Данілу Лаўрэцкага і Лізу Пракопчык — вырашылі судзіць дыстанцыйна па відэасувязі. Актывісты ладзілі акцыю з вынасам труны на рэпэтыцыю параду.
Лізу Пракопчык асудзілі на 5 сутак арышту, паведамляе «Прававая ініцыятыва».
Яшчэ аднаго актывіста «Моладзевага блёку» Пятра Маркелава затрымалі проста ў судзе Савецкага раёну Менску за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» (арт.23.34 КаАП РБ). Як расказвае «Прававая ініцыятыва», Маркелаў «ляжаў на лавачцы ў судзе» і чакаў, пакуль пачнецца працэс над ягонымі паплечнікамі. Да яго падышоў міліцыянт, які заявіў, нібы ён затрыманы да высьвятленьня абставінаў, бо «падобны ў прыкметах да чалавека ў вышуку», а Маркелаў не падпарадкаваўся.
Глыбокае
Судзьдзя задаволіў хадайніцтва Зьмітра Лупача, каб яму далі магчымасьць скарыстацца абаронай адваката. Журналіста вызвалілі з-пад варты, працэс прыпынілі да 16-й, пасьля перапынку ён працягнуўся. У выніку Зьміцер Лупач асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля прысуду ў Лупача падскочыў ціск, і хуткая забрала яго ў шпіталь.
Як паведамляе Радыё Рацыя, па 270 беларускіх рублёў штрафу атрымалі пэнсіянэры Людміла Барэйка і Данііл Ермаковіч за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Пэнсіянэраў вінавацілі ў тым, што быццам яны ўчынілі пікетаваньне і выказалі сваё меркаваньне без дазволу Глыбоцкага райвыканкаму. Барэйка і Ермаковіч зьбіраюцца абскарджваць пастановы Глыбоцкага раённага суду.
Судовы канвэер у Магілёве
Зноў запрацаваў судовы канвэер у Магілёве, дзе 7 траўня ўжо прысудзілі адміністрацыйныя арышты 5 удзельнікам сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
У Ленінскім райсудзе Магілёва пачалі судзіць магілёўца Ўладзімера Барэйшу. Ён падпісчык Youtube-каналу Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцьця», а 5 траўня, паводле пратаколу міліцыі, браў удзел у сустрэчы з блогерам на вуліцы Крупскай у Магілёве.
Па выніках суду Ўладзімера Барэйшу асудзілі на 8 сутак адміністрацыйнага арышту.
Другім у тым жа судзе пачнуць судзіць фрылянсэра Алеся Буракова. Буракова, як і Ўладзімера Барэйшу, затрымалі 8 траўня, журналіст адмаўляе, што браў удзел у сустрэчы зь Ціханоўскім. У ізалятары, дзе Буракова трымалі да суду, той бачыў дакумэнты, паводле якіх там знаходзіліся каля 25 чалавек, затрыманых за сустрэчу зь Ціханоўскім.
Актывістку «Маці 328» Іну Джумаву асудзілі на 3 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэты тэрмін у яе заканчваецца сёньня ў 18.30. Актывісткі «Маці 328», якія прыехалі яе падтрымаць, будуць чакаць яе выхаду на волю каля суду.
Актывістка АГП Тацяна Сівачэнка з Магілёва аштрафаваная на 675 рублёў. Віны Тацяна не прызнала, яна сьцьвярджала, што не прысутнічала на сустрэчы зь Ціханоўскім, а проста аказалася побач, калі ішла ў краму.
«На відэа, якое прагледзеў суд, Тацяна відаць цягам усяго 25 сэкундаў — гэта відавочная прафанацыя справы», — пракамэнтаваў прысуд былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які прыяжджаў на суд, каб падтрымаць Тацяну Сівачэнку. Журналістам Тацяна сказала, што ў ізалятары, дзе яна правяла 2 ночы, было надзвычай холадна.
Блогер Міхась Аршынскі асуджаны на 10 сутак, зь якіх 3 ужо адбыў.
Актывіста Стаса Расінскага, які нібыта «карміў галубоў», асудзілі на 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП. За сустрэчу з блогерам Ціханоўскім асудзілі таксама Барыса Огнева (7 сутак арышту) і Мікіту Ігнашына (10 сутак арышту), паведамляе mspring.online.
Суд над журналістам БелаПАН Алесем Асіпцовым адбудзецца 12 траўня, у першай палове дня, у Кастрычніцкім судзе Магілёва. Памочніца старшыні суду патлумачыла адкладаньне працэсу загружанасьцю судзьдзяў.
15.30. Цяпер усяго ў Кастрычніцкім раённым судзе Магілёва 8 спраў за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. Чакаецца, што 6 зь іх будуць завершаныя сёньня, 2 — адкладзеныя на заўтра. Гэта справы журналіста Алеся Асіпцова і экалягічнага актывіста Андрэя Бодзелева. Цяпер ідуць два працэсы, прысуды яшчэ ня вынесеныя.
Мазыр
Па інфармацыі мазырскага праваабаронцы Ўладзімера Целяпуна, у Мазыры асудзілі:
- адміністратара тэлеграм-суполкі «Мазыр для жыцьця» Аляксандра Цуканава – на 15 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП і яшчэ 10 сутак – за непавагу да суду (агулам 25 сутак арышту),
- актывіста Ўладзімера Неўмяржыцкага – на 3 сутак арышту (ён фактычна іх ужо адседзеў) і штраф 810 рублёў,
- Вячаслава Ўдовенку – на 10 сутак арышту.
Ворша
Каля трох дзясяткаў чалавек сабраліся ў будынку суду Аршанскага раёну, паведамляе «Вясна». Тут судзяць Аляксандра Андрэева і Ільлю Ціханава, якіх затрымалі 9 траўня і да суду зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Прысутных не пускаюць на паседжаньні, яны патрабуюць кнігу скаргаў і прапановаў, а таксама патрабуюць паклікаць старшыню суду. Як паведаміла жонка Аляксандра Андрэева, судзьдзя Дзьмітры Разумовіч асудзіў таго на 10 сутак арышту за адміністрацыйнае правапарушэньне паводле арт. 23.34 КаАП. Ільлю Ціханава таксама пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Ліда: Бацьку чатырох дзяцей асудзілі на 15 сутак
Жыхара Ліды Паўла Анціпкіна асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што браў удзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якую суд Лідзкага раёну палічыў масавым недазволеным мерапрыемствам. Пра гэта Свабодзе расказаў лідзкі актывіст Дзяніс Рудзевіч.
Анціпкін — бацька чатырох дзяцей, працуе мэханікам. Падтрымаць яго на суд зранку прыйшлі жонка, дачка, маці, знаёмыя. Аднак нікога на паседжаньне не пусьцілі. Спачатку прасілі пачакаць, нібыта няма інфармацыі пра пачатак суду. Перад закрыцьцём будынка суду на абед прысутныя даведаліся, што рашэньне ўжо вынесьлі.
Як сказала Свабодзе Лідзія Анціпкіна, жонка Паўла, яго затрымалі 8 траўня на лецішчы ў брудным працоўным адзеньні. Неўзабаве ад хваляваньня ў яго падскочыў ціск да 210, паднялася тэмпэратура. Сваякам удалося перадаць яму ў ізалятар лекі. Мужчыну не пасьпелі асудзіць перад выходнымі разам зь іншымі затрыманымі ў «справе блогераў».
Жлобін: 15 сутак за ўдзел у акцыі ў падтрымку блогера Ціханоўскага
11 траўня суд Жлобінскага раёну пакараў жыхара вёскі Стрэшын Віталя Грыцкова адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі падтрымкі блогера Сяргея Ціханоўскага, якая прайшла 7 траўня ў Гомлі.
На судзе прысутнічала жыхарка Жлобіна Ліяна Шуба. Суд пачаўся з прагляду відэазапісу акцыі, які быў знойдзены міліцыянтамі «падчас маніторынгу сацыяльных сетак». «Судзьдзя спытаўся ў Віталя, ці пазнае ён сябе на гэтым запісе. Той пазнаў. Вось і ўвесь суд. Хоць Віталь папраўдзе ня браў удзелу ў акцыі, а проста здымаў яе на тэлефон», — патлумачыла Ліяна Шуба.
Яна лічыць, што насамрэч такое суровае пакараньне зьвязана ня з гомельскай акцыяй, а са стрымам Сяргея Ціханоўскага зь вёскі Стрэшын. «Віталь удзельнічаў у тым стрыме, расказваў на камэру аб праблемах Стрэшына. Мая асабістая думка, што за гэта яго і пакаралі суткамі», — выказалася жыхарка Жлобіна.
У Жлобіне таксама асудзілі затрыманага ў пятніцу Віталя Грыцкова — на 15 сутак за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Віцебск: суд праз скайп
Віцебскага сябра Партыі БНФ Аляксандра Ільінца, зьмешчанага ў ІЧУ яшчэ 8 траўня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску праз скайп-сувязь асудзіў на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.
Берасьце: блогера Пятрухіна арыштавалі на 15 сутак
Першым у суд Ленінскага раёну прывезьлі затрыманага 6 траўня аднаго зь лідэраў пратэстаў у Берасьці, блогера Сяргея Пятрухіна. Першае пасяджэньне па яго справе адбылося 8 траўня, але судзьдзя Дзьмітры Куроўскі перанёс разгляд справы на 11 траўня, паведамляе «Вясна».
На Пятрухіна склалі пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у берасьцейскай акцыі «кармленьня галубоў» 19 красавіка і за тое, што вёў адтуль стрым.
Судзьдзя адмовіў адвакату і Пятрухіну ў тым, каб выклікаць частку сьведак, бо яны самі іх не прывезьлі. Пры гэтым пагадзіўся выклікаць тых, хто таксама затрыманы. Сяргей Пятрухін на судзе казаў, што ў яго тэмпэратура 37,3 і што разам зь ім у ізалятары былі людзі з тэмпэратурай, да якіх прыяжджала хуткая. Судзьдзя Куроўскі, разгледзеўшы справу, пастанавіў арыштаваць Пятрухіна на 15 сутак.
Берасьцейскі актывіст Дзяніс Малышэнка атрымаў 810 рублёў штрафу. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Шурын.
Актывіста Юрыя Калько даставілі ў суд зь перабінтаванай рукой. Кажа, што падчас затрыманьня яму паламалі пальцы. Судзьдзя Святаслаў Каліна пастанавіў аштрафаваць Калько агулам на 40 базавых велічыняў (1080 рублёў): 30 базавых — па арт. 23. 34 КаАП, і 10 базавых — за непадпарадкаваньне супрацоўнікам (арт 23.4 КаАП).
Дзяніс Малышэнка атрымаў 810 рублёў штрафу. Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Шурын. Па папярэдніх зьвестках, пасьля суду яго павезьлі ў РАУС складаць новы пратакол.
Таксама 810 рублёў штрафу атрымаў Алег Вялаў. Ён на волі.
Абнаўляецца.