Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 12 траўня заявіў, што ў цяперашніх эпідэміялягічных умовах галоўнае не статыстыка колькасьці хворых, а ўратаваньне жыцьця людзей.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Хачу катэгарычна папярэдзіць: галавой усе адказваюць за сьмяротнасьць насельніцтва. Усе гэтыя паказьнікі — ковідныя і нават пнэўманійныя — пройдуць, усё забудуць. А вось людзі, якія загінулі, якіх мы ня выратавалі, — гэта застанецца. Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і лекараў захаваньня жыцьця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур’ёзны кантроль», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Ён адзначыў, што чым больш шырока праводзіцца тэставаньне, тым больш фіксуецца выпадкаў захворваньня. Што тычыцца пнэўманій, Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі ўжо няма такога прыросту, як было некалькі дзён таму.
Ён таксама адрэагаваў на інфармацыю, што лекары выпісваюць пацыентаў на «далечваньне» ў санаторыі.
«Хачу, каб усе разумелі, у чым сутнасьць: мы лечым людзей у шпіталях, і маё жорсткае патрабаваньне да міністэрства і калектываў лякарняў: ні ў якім разе ў інфэкцыйных лякарнях не ператрымліваць людзей. Закрытая абстаноўка псыхалягічна цісьне, бо немагчыма нават выйсьці на вуліцу. Таму, калі ёсьць нармальная дынаміка, лекары бачаць, што чалавек сябе нармальна адчувае, мы яго пераводзім на санаторна-курортнае лячэньне».
Яшчэ адна група — тыя, хто назіраецца дома. Гэта тычыцца бессымптомных захворваньняў, калі няма рызыкі заразіць іншых.
«У Менску створана каля 270 брыгадаў, якія ў сваіх раёнах трымаюць на кантролі пэўную колькасьць гэтых людзей. І калі нейкае пагаршэньне, мы неадкладна іх шпіталізуем. Вось такое замкнёнае кола, гэта сябе апраўдала. Як толькі заўважылі, што дзесьці захварэў чалавек, неадкладна пачынаем тэставаць ягоныя кантакты і ізаляваць. Ачаговы мэтад барацьбы, а не франтальны на ізаляцыю», — падкрэсьліў Лукашэнка, заклікаўшы працаваць «без гістэрыі».
Ён таксама заявіў, што беларускім мэтадам змаганьня з каранавірусам «скарысталіся і іншыя дзяржавы». Якія, не сказаў, але заявіў, што заходнія краіны «паціху адкрыліся», і «багатая Расея» аднавіла працу прадпрыемстваў.
***
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 11 траўня, пацьверджаныя 23 906 выпадкаў COVID-19 (плюс 933 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 135 чалавека (плюс 4 за дзень), выпісалі здаровымі 6531 пацыентаў.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.