Ці сапраўды травеньскі парад у Менску — глыбокая традыцыя, якая ўкаранілася ў сьвядомасьці многіх пакаленьняў вэтэранаў, і цяпер яны (нават дзевяностагадовыя) патрабуюць, каб іх прывезьлі паглядзець на гэтую «глыбока ідэалягічную рэч?»
Магчыма, гэта здасца дзіўным, але факт ёсьць факт: да Лукашэнкі, у савецкі час, вайсковых парадаў у Менску 9 траўня (як, зрэшты, і 3 ліпеня) не праводзілі (за рэдкім выключэньнем). Неяк абыходзіліся.
На працягу 17 гадоў 9 траўня быў звычайным працоўным днём
Вакол гэтай даты — 9 траўня — у пасьляваенныя гады ў СССР увогуле адбываліся дзіўныя рэчы. З 1947 году на працягу наступных 17 гадоў у Савецкім Саюзе гэта быў звычайны працоўны дзень. Ня тое што парадаў — нават вялікіх урачыстасьцяў не было.
Кажуць, прычына ў тым, што Сталін моцна зайздросьціў народнай папулярнасьці маршала Жукава і бачыў у гэтым непасрэдную пагрозу сваёй уладзе. Ну а потым ужо Мікіта Хрушчоў не без падстаў асьцерагаўся, што надта вялікія ўрачыстасьці 9 траўня маглі паўплываць на актыўнасьць сталіністаў: імя Сталіна ў сьвядомасьці многіх франтавікоў было моцна зьвязана з памяцьцю пра вайну.
І толькі вялікі аматар рознага кшталту юбілеяў і адзначэньняў Леанід Брэжнеў у 1965 годзе зноў зрабіў 9 траўня сьвяточным непрацоўным днём. Але і пры ім парады 9 траўня былі праведзены толькі двойчы — у юбілейныя 1965 і 1975 гады.
У пасьляваеннай БССР вайсковыя парады 9 траўня (як і 3 ліпеня) не праводзіліся ні за Патолічавым, ні за Мазуравым, ні за Машэравым, якія ў розны час узначальвалі рэспубліку ў 1950-1970-я гады… Зразумела, шмат што тлумачыцца дыктатам Масквы: не магло быць так, што на Краснай плошчы параду няма, а ў Менску ці Кіеве наважыліся правесьці.
Але ёсьць тут, на маю думку, і іншыя істотныя фактары. Маштаб асобы тых кіраўнікоў быў такі, што ім не было патрэбы падмацоўваць уласны аўтарытэт бразганьнем бронемашын і дэманстрацыяй уласнай улады і значнасьці.
За плячыма ў кожнага была вялікая ваенная біяграфія, у якой хапала і выпрабаваньняў, і зьдзяйсьненьняў, і сапраўднай людзкой павагі. У кожнага на грудзях — дзясяткі баявых узнагарод, франтавых ордэнаў, а на плячах — рэальныя генэральскія пагоны, заслужаныя распрацоўкай і правядзеньнем баявых апэрацый.
Але ці бачыў хто Машэрава ў тыя часы, калі ён узначальваў БССР, у генэральскім мундзіры і з ордэнамі на пінжаку? Калі і насіў ён узнагароды, то хіба што «Залатую Зорку» Героя Савецкага Саюзу, якой быў адзначаны падчас вайны. Гэта датычылася ў тым ліку і парадаў, якія ў савецкай Беларусі праводзіліся, але не 9 траўня, а 7 лістапада (як, зрэшты, і ва ўсіх іншых рэспубліках тагачаснага СССР).
Без патасу і літаўраў
У пакаленьняў, якія вынесьлі на ўласных плячах цяжар той вайны, увогуле было іншае стаўленьне і да памяці пра яе, і да ўсяго, што зь ёй зьвязана.
У 70-я, гады майго дзяцінства, 9 траўня ўся наша Савіцкая васьмігодка штогод накіроўвалася ў суседнюю вёску Якубавічы, на магілу 30 закладнікаў, расстраляных фашысцкімі карнікамі ў якасьці помсты за дзейнасьць партызанаў. Туды ж прыходзілі вэтэраны вайны, мясцовыя жыхары, многія зь якіх памяталі вайну. Было шмат успамінаў, сьлёз, смутку.
Нешта падобнае тады адбывалася паўсюль у Беларусі. І ў вялікіх, і ў малых гарадах зьбіраліся вэтэраны на лаўках у сквэрах і парках, танцавалі пад гармонік, выпівалі, сьпявалі песьні…
Не было ў тым ні дурнаватага патрыятычнага патасу, ні імпэрскага надзіманьня шчок ад усьведамленьня ўласнай велічы і значнасьці. Былі настальгічныя ўспаміны ўжо тады немаладых людзей, якія смуткавалі па ўласным юнацтве і па страчаных сябрах і блізкіх…
Болей скрухі і сьлёз было ў тых сьвяткаваньнях, а зусім не дэманстрацыі ўласных подзьвігаў і заслуг.
Водбліск чужой славы на маршальскім мундзіры
Парады 9 траўня сталі абавязковымі спачатку ў ельцынскай Расеі: там, пачынаючы з 1995 году, яны сталі штогадовымі, з часам нарошчваючы размах і прапагандысцкую моц, што ўрэшце вылілася ў зьяву, якую многія ў Расеі называюць «победобесием». (Гэта калі жывая памяць і жалоба па ахвярах былі замененыя мілітарысцкай гістэрыкай і дэманстрацыяй вайсковай магутнасьці).
Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, пераняў расейскі ўзор. Першы парад 9 траўня адбыўся ў Менску ў 2000 годзе на плошчы Незалежнасьці. З таго ж часу цягнецца кепска прыхаванае суперніцтва паміж ім і Пуціным за тое, хто больш удала выкарыстае тэму перамогі ва ўласных прапагандысцкіх мэтах.
У Пуціна, зразумела, болей грошай: таму ў яго і танкі навейшыя, і самалёты хутчэйшыя, і ракетаў болей. Здавалася, крамлёўскі парад 9 траўня заўсёды будзе самым галоўным і самым пагрозьлівым. Але вось нечакана на сьвет абрынулася пандэмія — і ўзьнік зусім іншы расклад, і зьявіліся іншыя шанцы.
Усе наўкол баязьліўцы і панікёры, пахаваліся ў бункеры і сховішчы, але ёсьць на сьвеце адзін военачальнік — круты і бясстрашны. Блішчыць кукарда на маршальскай фуражцы, зьзяюць маршальскія пагоны. І што з таго, што за плячыма — ніводнай выйгранай бітвы і ніякай пераможнай вайны, а з савецкіх дзяржаўных узнагарод хіба што нейкі юбілейны мэдаль…
Ня маючы нічога ваенна-гераічнага ва ўласнай біяграфіі, ён прыхінецца да чужой славы, чужога гераізму, і іхны водбліск так прынадна зазіхаціць на залатым пазумэнце…
Казёл на парадзе
Як бы ні было, беларускі парад 2020 году ўвойдзе ў гісторыю. Магчыма, гэтак жа адметна, як парад 16 ліпеня 1944 году — першы з парадаў у толькі што вызваленым Менску і фактычна першы ў гісторыі ўласна беларускі парад, бо ўдзельнічалі ў ім выключна беларускія партызаны Менскага і Магілёўскага партызанскага злучэньняў. І нават трыбуны былі аформлены на беларускай мове.
Архіўныя здымкі дагэтуль захавалі нечаканую і эмацыйную атмасфэру таго відовішча. Не разгледзіш там ні патасу, ні ўзвышанай патэтыкі, ні дэманстрацыі ваеннай магутнасьці. Апранутыя хто ўва што людзі; разнашэрсныя мундзіры і сялянскія сьвіткі; рознага ўзору зброя; марш партызанскай коньніцы… А тут яшчэ сівабароды казёл па мянушцы Малыш у парадным партызанскім разьліку: у фуражцы нямецкага афіцэра, з фашысцкімі ордэнамі на шыі. Болей буфанады і карнавалу было ў тым парадзе, чым дэманстрацыі вайсковай моцы.
А якія шчырыя і шчасьлівыя твары гледачоў на тых здымках! Людзі толькі што перажылі найцяжэйшую акупацыю. І прасякнутыя бесклапотнай радасьцю проста таму, што выжылі і цяпер вераць, што будуць жыць далей.
І ці думаў хто зь іх тады, што праз шмат дзесяцігодзьдзяў для іхных унукаў і праўнукаў, якія хто па добрай волі, а хто па настойлівай просьбе начальства, будуць зьбірацца на афіцыйны вайсковы парад 2020 году, гэтыя словы «выжыць» і «жыць далей» будуць мець зусім іншыя і падтэкст, і сэнс.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.