Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар абароны Казлоўскі: «Пры мне каранавіруснага параду не было б»


Экс-міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, архіўнае фота 2010 году
Экс-міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, архіўнае фота 2010 году

«Гэтую дзею (парад) спакойна можна перанесьці на 3 ліпеня — аб’яднаць незалежнасьць і перамогу. І тады ўжо зрабіць парад, шэсьце, што заўгодна. Усё мусіць карэктавацца бягучай сытуацыяй, ад якой нельга адмахнуцца, як ад нябачнага мікроба». Былы міністар абароны Павал Казлоўскі — пра жыцьцё і страхі ва ўмовах пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Павал Казлоўскі — першы міністар абароны незалежнай Беларусі, зацьверджаны на гэтай пасадзе дэпутатамі Вярхоўнага Савету 22 красавіка 1992 году. Фактычна ствараў беларускае войска на падмурку, які застаўся ў спадчыну ад савецкага часу. Пад яго кіраваньнем адбылося скарачэньне вайсковых структураў і раззбраеньне арміі. Пры ім Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай.

«На час пандэміі дзеці выправілі на лецішча»

Працягнуць рэформы з розных прычынаў не ўдалося. У ліпені 1994-га разам з кабінэтам прэм’ера Вячаслава Кебіча пайшоў у адстаўку пасьля прыходу да ўлады першага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Гэтым гісторыя ня скончылася. У верасьні таго ж году антыкарупцыйным загадам кіраўніка краіны генэрал-палкоўнік быў паніжаны ў званьні да генэрал-лейтэнанта.

Фармальная прычына — карыстаньне службовым становішчам у асабістых мэтах. Нібыта вясельле ягонага сына з дачкой Мечыслава Грыба не абышлося без злоўжываньня высокай пасадай. Зрэшты, сьледзтва фактаў урону казьне ня выявіла. Папраўдзе канфлікт Казлоўскага і Лукашэнкі сыходзіць каранямі яшчэ ў дапрэзыдэнцкі час, калі апошні быў дэпутатам.

Міністар абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павал Казлоўскі
Міністар абароны Рэспублікі Беларусь у 1992–1994 гадах Павал Казлоўскі

Пасьля пераходу ў цывільнае жыцьцё Павал Казлоўскі стаў у мяккую апазыцыю да рэжыму. Уступіў у шэрагі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2001 годзе вылучаўся прэтэндэнтам на кандыдата ў прэзыдэнты, аднак не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў. На аналягічнай кампаніі 2010 году быў даверанай асобай лідэра «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава.

Апошняе дзесяцігодзьдзе прысьвячае сям’і, з грамадзкай нагрузкі засталася толькі Міжнародная фундацыя рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў. Ва ўмовах разгулу каранавірусу такая дзейнасьць можа быць запатрабаваная, хоць практычнай падставы стаць на абарону колішніх саслужыўцаў пакуль не было. Сам адстаўны генэрал з жонкай Натальляй Рыгораўнай перабраўся зь Менска на лецішча ў Раўбічах. Тут яны і чакаюць, пакуль міне вірусная навала.

«Паплюю тры разы: дзякуй Богу, і ў сям’і, і сярод сяброў-знаёмых усе здаровыя, — гаворыць Павал Казлоўскі. — Мы з жонкай цяпер на лецішчы — звычайны тыповы драўляны дамок. Але добра, што ёсьць такі куточак, дзе можна схавацца ад мітусьні. Прызнаюся, гэта дзеці нас сюды „камандзіравалі“ на час пандэміі. Наколькі ўсё зацягнецца, як будзем вяртацца да звыклага жыцьця — хто яго ведае, складана прадбачыць».

Казлоўскі схільны давяраць пэсымістычнаму сцэнару разьвіцьця падзеяў, які прадугледжвае досыць працяглы час выхаду «на плато». Таму зьмірыўся, што амбітныя пляны летняй паездкі да мора «пойдуць прахам».

Беспадстаўная бравада ці беларуская абыякавасьць

У сакавіку Паўлу Казлоўскаму споўнілася 78 гадоў. Ён стараецца падтрымліваць фізычную форму, сядае за руль аўтамабіля, калі трэба выбрацца ў краму ці вярнуцца па справах у горад. Гэта дазваляе заставацца мабільным і быць незалежным ад дзяцей.

Сёлета 55 гадоў, як яны ў шлюбе з Натальляй Рыгораўнай. Кожны дзень, праведзены разам, успрымае за шчасьце. Прынамсі гэта ня іхны выпадак, калі хатні карантын прыводзіць да скандалаў і нават разводаў, сьмяецца галава сям’і.

«Мы дружна пражылі больш за паўстагодзьдзя разам — чаго сварыцца? Дый часу на гэта няма. У нас тут плошча нармальная — участак 10 сотак. Таму хапае клопатаў. Цяпер вось пасяўная, потым трэба паліваць, траву ўсюды павыкошваць. Яблыняў шмат — пабялі, здымі ўраджай. Пастаянна ў справе, сумаваць не прыходзіцца. Цяпер стараемся выконваць захады бясьпекі: з суседзямі вітаемся, але зьбіраемся ўжо меней, як некалі».

У Казлоўскіх трое дзяцей, натуральна, і ўнукі. Пакуль кантакты зь імі мінімізавалі — той выпадак, калі лепей перастрахавацца, чым потым шкадаваць пра хвілінную слабасьць.

«Так, мы тут удваіх, дзеці сядзяць у сваіх кватэрах, працуюць, наколькі гэта сёньня магчыма. — працягвае ён. — Шчыра кажучы, мы іх сюды не асабліва і пускаем: як прысьпічыць, сам куды трэба падскочу на машыне. Цяпер важна засьцерагацца, нікуды не падзенесься. Але ж на дварэ ХХІ стагодзьдзе, зусім ізалявацца немагчыма. Журналісты тэлефануюць, калі трэба камэнтар, я не цураюся. Блізкіх, сяброў віншуем са сьвятамі, з нараджэньнямі. Праблемы нейкія тэрмінова вырашыць — сядаю і еду».

Пры гэтым Павал Казлоўскі не разумее глыбінных прычын бравады, калі некаторыя лічаць сябе «несьмяротнымі». І такіх «адважных» нямала, можа, нават і бальшыня, кажа ён.

«Выехаў днямі ў Менск, гляджу праз акно: мора машын на дарозе, у масках на вуліцы адзінкі людзей. Што гэта за беларуская абыякавасьць? Прычым беспадстаўная. Жонка пытае: „Дык што, вірусу зусім няма?“ У нас зь ёй і маскі, і пальчаткі, мы ўсё ж навучаныя старой школай: трэба выконваць правілы — значыць, трэба. Нават у Расеі, дзе звычайна ўсім усё да лямпачкі, больш адказна ставяцца да пагрозы. А тут і ў транспарце народу поўна, і ў футбол гуляюць, і на суботнікі ходзяць. Абсурд».

Ці варта праводзіць парад

Кульмінацыяй ігнараваньня «вірусу, якога не відаць, мусіць стаць вайсковы парад 9 траўня. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня можа яго адмяніць, бо гэта падзея «высокага ідэалягічнага парадку».

«У маю бытнасьць міністрам нічога падобнага не было б, — перакананы Казлоўскі. — Рашэньне, мякка кажучы, няўдалае. Хацелася б верыць, што ў апошні момант нешта зьменіцца. Можна ж інакш зрабіць, навошта няславіць сябе ў вачах усяго сьвету? Над нашым дамком на горад ідуць самалёты — авіяцыя трэнуецца. Сьцямнела, калёна ляцела з уключанымі ліхтарамі. Прагнеце сьвята, ну дык зрабіце начны авіяпарад, падсьвяціце пражэктарамі, скончыце фаервэркам. Як сьветлавое шоў. Дайце жывую трансьляцыю па БТ. Але бяз масавага збору людзей! І было б нармальна».

Зрэшты, ён і сам ня верыць, што ўлады пойдуць насуперак сваёй жа ідэі прадэманстраваць сьвету «веліч беларускай нацыі». Затое, як сумна цытуе Павал Казлоўскі кагосьці з народных жартаўнікоў, па колькасьці ўдзельнікаў можна будзе дакладна вылічыць вар’ятаў, якія жывуць у гэтай краіне.

Асабліва яго бянтэжыць, што, як і раней, дзяржаўныя ўстановы, прадпрыемствы, ВНУ атрымалі заданьні забясьпечыць масоўку — узамен за адгулы, залікі, адпрацоўкі, лепшыя ўмовы ў інтэрнаце і г. д. Пры тым, што Лукашэнка публічна абяцаў прынцып «добраахвотнасьці».

«Я не хачу рабіць пасьпешлівыя высновы, бо раптам вялікага збору ня будзе, а астатнія прыйдуць у масках і пальчатках. Але ў маім разуменьні гэтую дзею спакойна можна было адкласьці на 3 ліпеня — аб’яднаць незалежнасьць і перамогу. І вось тады ўжо зрабіць парад, шэсьце, што заўгодна. Бо ўсё мусіць карэктавацца бягучай сытуацыяй, ад якой нельга адмахнуцца, як ад нябачнага мікроба. Калі я сёньня заходжу ў інтэрнэт, то бачу страшныя лічбы ў Беларусі. Хворых шмат, нават пра „псыхоз“, як пару тыдняў таму, ужо не крычаць з трыбунаў».

Каранавірус не зазірае ў пашпарт пацыента

Казлоўскі не сумняваецца, што праз два гады адзначыць 80-гадовы юбілей. А вось бестурботным суайчыньнікам раіць больш пільна вывучыць статыстыку. Нягледзячы на пашыраную думку пра пагрозу каранавірусу для групы рызыкі — старыя людзі ад 70 і вышэй — насамрэч хвароба выкошвае і куды маладзейшых. Спадзяваньне на ўзрост ня лепшы супярэчыць інстынкту самазахаваньня.

«Паглядзіце, колькі нават у Беларусі адышло маладых — крыху за 50, 40, нават 30 гадоў. Каранавірус арыентуецца не на пашпарт, гэта ілюзія, — перакананы суразмоўца. — Пры тым, што мы яшчэ дакладна ня ведаем, наколькі дакладная нам спускаецца статыстыка. Не дапускаць лішніх кантактаў, не хадзіць на суботнікі і парады — вось найлепшае рашэньне. Я самаізаляваўся, займаюся фізычнай працай, нармальна харчуюся і адчуваю сябе выдатна».

Гэткага прынцыпу трымаецца ўся сям’я Казлоўскіх, пачынаючы ад самых малых — унукаў, расказвае дзед-генэрал.

«Многія беларусы самаарганізаваліся, не чакаючы нейкіх рашэньняў з боку ўлады, і гэта правільна. Напрыклад, мае ўнучкі ў школу ня ходзяць, вучацца дома. Наладзілі онлайны, зь імі займаюцца дыстанцыйна. У цяперашняй сытуацыі гэта адзінае магчымае выйсьце. Як той казаў, лепш перадбаць, чым недадбаць. Хто сьцьвярджае адваротнае, проста рызыкуе і можа моцна пашкадаваць. Але каб не было позна».

Павал Казлоўскі пажадаў усім мэдыкам, якія цяпер на пярэднім краі змаганьня з эпідэміяй каранавірусу, пазьбегнуць яго наступстваў, уратаваць як мага больш жыцьцяў, засьцерагчы сябе і сваіх блізкіх.

Як незалежнасьць давяла да пасады міністра

Павал Казлоўскі нарадзіўся 9 сакавіка 1942 году ў Нямеччыне, куды ягоныя бацькі-сяляне былі вывезеныя на прымусовыя работы зь вёскі Ваўкаўня на Пружаншчыне.

Па вызваленьні войскамі саюзьнікаў сям’я вярнулася на радзіму, акрамя бацькі — яго кінулі на фронт, і пад канец вайны ён загінуў пад Кёнігсбэргам. Маці адна гадавала пяцёх дзяцей, памерла ў 1977-м. Усе браты і сёстры засталіся ў Беларусі.

Павал пасьля школы паступіў у Ташкенцкую агульнавайсковую камандную вучэльню. Служыў у Сярэднеазіяцкай, Закаўкаскай, Паўночна-Каўкаскай, Маскоўскай вайсковых акругах на пасадах камандзіра роты, начальніка штабу палка, камандзіра палка, начальніка штабу дывізіі, камандзіра дывізіі. Скончыў вайсковыя акадэміі імя Фрунзэ і Генштабу СССР. У канцы 1970-х быў дарадцам камандзіра брыгады ў Анголе.

У 1987 годзе накіраваны ў Беларускую вайсковую акругу на пасаду першага намесьніка камандуючага арміяй. Ад 1991-га — начальнік штабу, першы намесьнік камандуючага войскамі. Налета быў прызначаны міністрам абароны ўжо незалежнай Беларусі. Але гэтаму папярэднічалі пэўныя падзеі.

11 сьнежня 1991 году, праз тры дні пасьля канстатацыі распаду СССР у Белавескай пушчы, паўстала часовае ведамства — Міністэрства ў справах абароны Беларусі. Яго ўзначаліў генэрал-лейтэнант Пётра Чавус. Яшчэ празь месяц Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб Узброеных сілах, якія дысьлякуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Кантроль над імі (акрамя стратэгічных) даручаўся камандуючаму Беларускай вайсковай акругай генэрал-палкоўніку Анатолю Кастэнку.

20 студзеня 1992 году Чавус быў прызначаны выканаўцам абавязкаў міністра абароны. Толькі ў красавіку на пасадзе галоўнага вайсковага кіраўніка парлямэнтары зацьвердзілі генэрал-лейтэнанта Паўла Казлоўскага, які набраў 215 дэпутацкіх галасоў пры кворуме 174.

Казлоўскі ў той час працаваў начальнікам штаба Беларускай вайсковай акругі. Разам з Кастэнкам дэмакратычныя сілы абвінавачвалі яго ў падтрымцы путчыстаў у жніўні 1991 году. У выніковым дакладзе часовай камісіі Вярхоўнага Савету ў ацэнцы дзеяньняў чальцоў ГКЧП, а таксама грамадзка-палітычных аб’яднаньняў, органаў улады, службовых асобаў, якія іх падтрымалі, канстатавалася «немагчымым знаходжаньне Паўла Казлоўскага на пасадзе». Але тыя рэкамэндацыі ўлічаныя не былі.

Таксама ў кадэнцыю Казлоўскага звольнілі з войска афіцэраў зь Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў на чале зь Міколам Статкевічам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG