Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 7 траўня ўсклаў кветкі да стэлы «Менск — горад-герой» і расказаў выданьню «СБ. Беларусь сегодня» пра стаўленьне да памяці пра вайну і парад 9 траўня. Пра тое, што парад будзе праходзіць ва ўмовах пандэміі каранавірусу, міністар не згадаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як адзначыў міністар Макей, з кожным годам «мы ўсё далей і далей аддаляемся ад тых страшных часоў» Другой усясьветнай вайны:
«Мы ведаем пра гэтую вайну з вуснаў людзей, якія ў ёй удзельнічалі, але, на жаль, нашых вэтэранаў становіцца ўсё менш і менш, — сказаў Макей. — Нашыя дзеці і ўнукі ўжо, напэўна, яшчэ менш ведаюць аб гэтай вайне.
Таму акцыі да Дня Перамогі і тыя мерапрыемствы, якія адбываецца па ўсёй краіне, накіраваныя на захаваньне памяці. Мы павінны зрабіць усё, каб вайна ніколі не паўтарылася, гэта адзін з самых галоўных прынцыпаў беларускай дзяржаўнай палітыкі.
І парад, і ўсе мерапрыемствы з нагоды 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — гэта сьвятая справа для кожнага грамадзяніна Беларусі».
Макей дадаў, што прадстаўнікі МЗС і дыпляматычнага корпусу, таксама як органы дзяржаўнага кіраваньня, возьмуць удзел у парадзе.
На 1 красавіка, як паведамляе Міністэрства працы, у Беларусі жывуць 4806 вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны (год таму было 6250); два Героі Савецкага Саюзу; 418 чальцоў сем’яў вайскоўцаў і партызанаў, загінулых у вайне; 12 591 былы вязень канцлягераў, нацысцкіх турмаў і гета; 518 інвалідаў зь дзяцінства, чые траўмы былі зьвязаныя з баявымі дзеяньнямі ў часы Другой усясьветнай.
Гісторык Ігар Мельнікаў казаў Свабодзе тры гады таму, што ў СССР вэтэранаў «па-за межамі Вялікай Айчыннай» (жаўнераў арміі Андэрса і Другога польскага корпусу; беларусаў, якія бралі ўдзел у бітве за Брытанію ў 1940 годзе або ўдзельнічалі ў вызваленьні Галяндыі ў 1944 годзе ў самастойнай паветрана-дэсантнай брыгадзе...) ня ўлічвалі, у незалежнай Беларусі ледзь не забылі. Такіх былі тысячы, калі не дзясяткі тысяч, але ніводнага ў жывых ужо не засталося.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць пандэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэсту на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя падзеі і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.