Раб Дзьмітрый Быкаў

  • Аляксандар Лукашук

Дзьмітрый Быкаў

Яго называюць геніем — таму так апякло, калі ён назваў беларусаў рабамі.

Сьцісла

  • Сэнтэнцыю наконт рабства можна аднесьці і да пуцінскай Расеі, і як усе падобныя абагульненьні, яна справядлівая і непраўдзівая адначасна.
  • Быкаў элемэнтарна ня ведае, што гаворыць пра апазыцыю Лукашэнку: яна сфармавалася ў Беларусі задоўга да таго, як ён стаў прэзыдэнтам, і працягвае дзейнічаць.
  • Адчуваньне, што Быкаў не разумее цану і сутнасьць супраціву, хоць сам выступаў на мітынгах, хадзіў на суд удзельніка маскоўскіх пратэстаў Ягора Жукава.
  • Галоўная сіла і галоўная праблема Быкава-публічнага прамоўцы ў яго літаратурацэнтрычнасьці. Спробы эстэтыкай замяніць этыку, законамі мастацтва законы жыцьця сканчаюцца плачэўна, як любыя ілюзіі.
  • Яшчэ мне падабаецца Быкаў за супярэчлівасьць: раптам ён можа абарваць сябе на паўслове і сказаць: хто я такі, каб вам нешта раіць.

«Быкаў кажа пра сваю веру і сваё адчуваньне — не пра факты, нават не пра прадуманае меркаваньне»

Эрудыцыя шырокая, памяць фэнамэнальная, рэакцыя маланкавая, энэргія нечалавечая, якой хапае на штодзённую сатыру і інтэлектуальную паэзію, наватарскія раманы і нон-фікшн біяграфіі, на пэдагагічную працу, начныя жывыя эфіры, паездкі і лекцыі ад Прынстана да Прагі, урэшце на каханьне, на трох жонак, з усімі зь якіх добрыя адносіны. Усё гэта — 50-гадовы Дзьмітрый Быкаў, адзін з самых бліскучых расейскіх сучасьнікаў і аўтараў — і самае на гэтым тыдні скандальнае імя для многіх у Беларусі.

У ноч зь мінулага чацьвярга на пятніцу ў начным жывым эфіры «Эха Москвы» у перадачы «Один» Быкаў адказваў на пытаньне пра менскія пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Чытачы бачылі гэтую цытату ў нядзелю на Свабодзе:

«Я бачыў у Беларусі ў апошнія 25 гадоў жахлівую дэградацыю на ўсіх узроўнях. І вялікай літаратуры за апошні час я там ня бачыў, хоць аддалена параўнальнай з Караткевічам і нават з Алексіевіч. Я ня бачыў за апошні час там сур’ёзнай драматургіі, кінэматографу. Ня бачыў я там нічога, што магло б неяк справакаваць культурны выбух. А раз гэтага няма, то няма і апазыцыі ніякай».

Потым быў грунтоўны адказ паэта Ўладзімера Някляева, а затым безапэляцыйная адмова Быкава неяк пракамэнтаваць свой вэрдыкт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў спрачаецца з расейскім пісьменьнікам Быкавым пра «спалоханую Беларусь» 

Водгукі ў сеціве зьявіліся і ў падтрымку Быкава (праўду сказаў), і ў падтрымку Някляева (слушна паправіў), і больш агульныя высновы — што стэрэатыпы па прыродзе сваёй выглядаюць слушнымі, але ня маюць сэнсу, як любыя спробы падмяніць сутнасьць формай.

Я слухаў тую перадачу Быкава. Цалкам яго адказ гучыць так:

«Галоўная праблема ў тым, што рабства не праходзіць дарма. І 25 гадоў фактычнага рабства Беларусі, якое мы назіралі, яно таксама там дарэмна не прайшло. Я ня веру, што там пры Лукашэнку пасьпела сфармавацца выразная апазыцыя. Канечне, Лукашэнка, стылёва цэласны, і пры ім можа ўзьнікнуць стылёва цэласны пратэст, як пры Сталіне ўзьнікалі выкаваныя сталінізмам дысыдэнты. Але пакуль я гэтага ня бачу».

Затым ідзе другая частка — пра дэградацыю і літаратуру. Якая сканчаецца ўдакладненьнем пра апазыцыю: «Вялікае адчуваньне, што няма».

Быкаў кажа пра сваю веру і сваё адчуваньне — не пра факты, нават не пра прадуманае меркаваньне. На гэтым можна б і скончыць. Як кажуць, хто любіць піва, хто любіць квас, а нехта нават кантрабас. Частка праўды ёсьць у гэтым і ў супрацьлеглым выказваньні, ісьцін увогуле шмат. Цікавым, аднак, уяўляюцца стэрэатыпы і аргумэнты, якімі апэруе адзін зь лідэраў расейскай лібэральнай
думкі.

«Раб, канечне, Божы, як і ўсе мы»

Сэнтэнцыю наконт рабства можна аднесьці і да пуцінскай Расеі, і як усе падобныя абагульненьні, яна справядлівая і непраўдзівая адначасна. Але няпраўда ня можа быць справядлівай.

***

Быкаў элемэнтарна ня ведае, што гаворыць пра апазыцыю Лукашэнку: яна сфармавалася ў Беларусі задоўга да таго, як ён стаў прэзыдэнтам, і працягвае дзейнічаць. Калі бярэсься выносіць такія ацэнкі, варта трохі пацікавіцца прадметам.

***

Дзіўна, што Быкаў не разумее цану і сутнасьць супраціву, хоць сам выступаў на мітынгах, хадзіў на суд удзельніка маскоўскіх пратэстаў Ягора Жукава, студэнта, які выступіў з палкай прамовай на судзе, і якога Быкаў называе надзеяй Расеі, свабоды, унікальным прамоўцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Дашкевіч: «Каб абараніць незалежнасьць, трэба проста размаўляць па-беларуску. Паўсюль»

Што ж, дай Бог, каб гэты малады чалавек наблізіўся па маштабу асобы, па стойкасьці і мужнасьці да, напрыклад, Зьмітра Дашкевіча (сьпіс можна доўжыць і доўжыць). Справа ня ў тым, у Беларусі ці Расеі раней пачаліся палітычныя забойствы і турэмныя пакараньні за іншадумства.

Рэч у тым, што ў Беларусі тысячы людзей, ад прэзыдэнцкіх кандыдатаў да глуханямых прайшлі праз арышты, турмы — і каралі і караюць іх менавіта за супраціў, за пазыцыю, за апазыцыю, а не за яе адсутнасьць. У Расеі былі свае героі супраціву, якія, як Паліткоўская і Нямцоў, заплацілі жыцьцём, і ня варта хваліцца, чые лепшыя, рабіць выгляд, што іх няма — паскудзтва.

***

Адчуваньне, што расейскія літаратары часам ня бачаць розьніцы паміж выразамі «праўда пераможа» і «хто перамог, таго і праўда».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шкада Расею


***

«Цэласны» стыль Лукашэнкі — цэласнасьць не этычнае, а эстэтычнае паняцьце, і забойца і сьвяты могуць быць цэласнымі. Але тут цэласнасьць ужытая як пазытыўная характарыстыка, і таму адразу пачынае пахнуць серай: цэласны Сталін, цэласны савецкі артпраект, цэласны мэнэджмэнт Асьвенціма.

***

Выкаваныя Сталіным дысыдэнты — гэта хто, Троцкі, Бухарын, Тухачэўскі? Берыя, Жукаў, Хрушчоў? Пры сталінізьме дысыдэнтаў не бывае, яны альбо ў зямлі, альбо ў турме, і называюцца палітвязьнямі. Дысыдэнты магчымыя пры адноснай свабодзе — партыі, выбары, незалежныя палітыкі яшчэ немагчымыя, але асабісты выбар ужо магчымы, як было пры Хрушчове і Брэжневе і ёсьць пры Пуціне і Лукашэнку.

***

Галоўная сіла і галоўная праблема Быкава-публічнага прамоўцы ў яго літаратурацэнтрычнасьці. Ён заяўляе пра наўпроставую, прычынна-выніковую сувязь свабоды і вялікага мастацтва. Гэта заява так даўно скампрамэтаваная, што нават цяжка сказаць, гэта шчырая наіўнасьць ці сьвядомы цынізм. Спробы эстэтыкай замяніць этыку, законамі мастацтва законы жыцьця сканчаюцца плачэўна, як любыя ілюзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдат Уладзімір Войнавіч

Напрыклад, як творчасьць Пушкіна, Лермантава, Гогаля зьвязаная з прыгонным правам, рабствам, якое панавала ў сучаснай ім Расеі? Як са сталінскім рабствам зьвязаны шэдэўры савецкага мастацтва, пра якія Быкаў часта і ахвотна гаворыць.

***

Можна задаць пытаньне і наадварот: на постсавецкай прасторы рэвалюцыі апошнім часам адбыліся ва Ўкраіне, Кіргізстане, Грузіі, Армэніі — якія творы і творцы стварылі там пасьпяховую апазыцыю?.. Які кінэматограф, драматургія, паэзія стаяць за пратэстамі ў Ганконгу?.. Як сёлетняя Нобэлеўская прэмія зьвязана з роляй апазыцыі ў Аўстрыі і Польшчы?..

***

Быкаў — пасьлядоўны і жорсткі антыпуцінец. Таму дарэчы яшчэ адно пытаньне: як сучасная расейская літаратура стварае апазыцыю сучаснай расейскай уладзе? Што 20 год Пуціна сьведчаць пра стан расейскага кіно, тэатра, прозы?.. Што цынічная ракіроўка ў Крамлі ў 2008 сьведчыла стан цыркавога мастацтва?

***

У Быкава ёсьць формула свабоды для Расеі: нічога ня трэба рабіць. Расея пабудавана так, што ўлада сама падае пад сваім цяжарам, ня трэба ёй перашкаджаць. Быкаў ня раз, з варыяцыямі, паўтарае гэтую думку, і яна не пазбаўлена пэўнага «изящества». Але хто казаў, што формула рабства абавязкова павінна быць каструбаватай?

***

Падобныя заявы суседнічаюць у Быкава, напрыклад, з прынцыповай, настойлівай абаронай чыну дзекабрыстаў ад цяперашніх расейскіх дзяржаўнікаў, з захапленьнем адначасна Салжаніцыным і Сіняўскім, што па-расейску звычайна апісваецца выразам «каша в голове». Так і хочацца дадаць — «из топора».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў апрытомнеў


***

Быкаў ня бачыць сёньня ў Беларусі літаратуры, нават аддалена параўнальнай з Караткевічам і Алексіевіч. Гэта пытаньне густу, але ня толькі — бо гэта і пытаньне зроку. За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі ўзьнікла ўнікальная для постсавецкай прасторы турэмная літаратура.

Каб выказвацца пра замежную літаратуру, яе трэба чытаць. І памятаць пра прачытанае. Напрыклад, «Сабакі Эўропы», якія выйшлі па-расейску, Быкаў прачытаў і нават прызнаўся, што заўзеў за Альгерда Бахарэвіча на галоўным расейскім літконкурсе «Большая книга». Прызнаньне гэтае ён зрабіў на «Эхе Москвы» за тыдзень да свайго новага выказваньня пра пустату ў полі свайго зроку.

***

І пра Сьвятлану Алексіевіч у кантэксьце адказу варта б трохі больш зьмястоўна. Адзіную Нобэлеўскую ляўрэатку з постсавецкай прасторы лукашэнкаўская ўлада на дух не пераносіць, што цалкам узаемна. Быкаў ахвотна прабачае сваёй улюбёнай паэтцы Навэле Мацьвеевай нават «крымнаш», а пасьлядоўную гуманістычную і палітычную пазыцыю сусьветна вядомай пісьменьніцы зь Беларусі што да дыктатуры ў Менску ці Маскве, у падтрымку Украіны, не заўважае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць ручак Алексіевіч

***

Усё ж пра густ: часам ён Быкаву відавочна здраджвае. Немагчыма ўсур’ёз прымаць яго поўнае захапленьне аж да пабудовы ўласнага сьветапогляду, асабістай філязофіі на творчасьці братоў Стругацкіх. Стругацкія — цікавыя аўтары і прыстойныя людзі (Барыс Стругацкі чытаў імёны беларускіх вязьняў Плошчы-2010 у нашай перадачы «Галасы салідарнасьці) — але верніку і хрысьціяніну, як характарызуе сябе сам Быкаў, трэба ўсё ж бачыць хоць аддалена маштаб Эвангельля і «Сьлімака на схіле».

Яго дакучлівае імкненьне аднесьці да аўтараў «другога ці трэцяга шэрагу» Сяргея Даўлатава, адзінага з сучасьнікаў Быкава, дарэчы, якога рэгулярна публікаваў элітны «New Yorker» і любілі мільёны чытачоў, можна патлумачыць толькі асабістай непрыязьзю, якую посьпех Даўлатава выклікаў у некаторых ленінградзкіх пісьменьнікаў — сяброў Быкава.

***

Рэкамэндацыі, якія Быкаў сьмела дае ў эфіры, нешта паслухаць ці пачытаць, часам выклікаюць атарапеласьць. Разгаворлівы бязь меры, напорысты бязь межаў і занудлівы адначасна Міхаіл В. як узор празаіка і мысьляра, аднакурсьніца Зоя Я. як вяршыня бардаўскай песьні?.. Сome on, Dmitry, you must be joking.

***

Быкаў у сваіх выступах рэгулярна падкрэсьлівае, што не зважае на сваіх крытыкаў, ігнаруе іх, але робіць гэта так эмацыйна, так рэзка рэагуе на падступная пытаньні ад сваіх нядобразычліўцаў, што яго ўразьлівасьць ня можа ня ўразіць. «Ніякіх адказаў вы не дачакаецеся» — адказ дастаткова поўны, больш нічога і дадаваць ня трэба.

***

За што я люблю Дзьмітрыя Быкава: за Быкава Васіля, напрыклад. Быкаў кажа, што з усіх сваіх цёзак па прозьвішчы яму бліжэй за ўсіх Васіль Быкаў — ён рабіў зь ім інтэрвію, нярэдка спасылаецца на яго аповесьці, называе геніяльным. За захапленьне, зь якім ён успамінаў «Чорны замак Альшанскі» Караткевіча, які чытаў падлеткам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Свабода" прэзэнтуе "Галасы салідарнасьці"

За тое, што ён таксама ўдзельнічаў у той гістарычнай перадачы Свабоды 2010 году, чытаў імёны беларускіх вязьняў. За адданасьць культуры, за бясстрашнасьць, за шчырасьць, за прастату (часам да лёгкай вульгарнасьці: «Жрать хочу», кажа ён жонцы ў тым самым эфіры на «Эхе» пад час перапынку на навіны). За гатовасьць правесьці на свае імпрэзы слухачоў безь білета, за арыгінальнасьць думак пра літаратуру, кіно, гісторыю. За тое, што ён ніколі больш не паедзе ў сваё любімае месца на зямлі — бо яго Крым «нянаш».

***

Яшчэ мне падабаецца Быкаў за супярэчлівасьць: раптам ён можа абарваць сябе на паўслове і сказаць: хто я такі, каб вам нешта раіць.

***

Хто ён такі?

Раб, канечне, Божы, як і ўсе мы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.