Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч — у шорт-лісьце расейскай «Большой книги»


Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай
Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай

Расейскамоўная вэрсія кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» трапіла ў «кароткі сьпіс» чатырнаццатага сэзону найбуйнейшай расейскай літаратурнай прэміі «Большая книга». Пра гэта было абвешчана сёньня на Літаратурным абедзе ў маскоўскім ГУМе.

У «доўгім сьпісе» прэміі быў 41 твор 44 пісьменьнікаў. У шорт-ліст трапілі 12 зь іх.

Згодна з палажэньнем прэміі, штогод прысуджаецца тры прэміі. За першую пераможца атрымлівае каля 47 тысяч даляраў, другой прэміі — 23 тысячы, трэцяй — больш за 15 тысяч.

Расейскамоўная вэрсія раману выйшла сёлета ў маскоўскім выдавецтве «Время». У апісаньні кнігі на сайце выдавецтва гаворыцца:

«„Сабакі Эўропы“ Альгерда Бахарэвіча — раман аб чалавечай і нацыянальнай адзіноце, аб ілюзіях — пра дзяржаву, якой ня трэба мінулае і якая ўпэўненая, што ў яе сілах адмяніць будучыню, пра дыктатуру слова, ускраіну імпэрыі і пра яе эўрапейскую тугу».

Пры абвяшчэьніні кароткага сьпісу кіраўнік экспэртнай рады прэміі Міхаіл Бутаў асобна адзначыў, што аўтапераклад — кніга Альгерда Бахарэвіча «Собаки Европы» — сёлета ў прэміі бярэ ўдзел упершыню.

Пасьля абвяшчэньня сьпісу фіналістаў пачне працу журы прэміі - Літаратурная акадэмія. У складзе журы штогод працуе больш за 100 расейскіх прафэсійных літаратараў, дзеячоў культуры, навуковых работнікаў, грамадзкіх і дзяржаўных дзеячоў, журналістаў, прадпрымальнікаў.

Чакаецца, што імёны ляўрэатаў прэміі будуць вядомыя сёлета ў сьнежні.

Нацыянальная літаратурная прэмія «Большая книга» была заснавана ў 2005 годзе «Цэнтрам падтрымкі айчыннай славеснасьці». У 2018 годзе пераможцамі сталі Марыя Сьцяпанава, Аляксандр Архангельскі і Дзьмітрый Быкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG