Расейскамоўная вэрсія кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» трапіла ў «доўгі сьпіс» чатырнаццатага сэзона расейскай літаратурнай прэміі «Большая книга». Пра гэта было абвешчана сёньня ў бібліятэцы-чытальні імя Пушкіна ў Маскве.
Усяго ў «доўгім сьпісе» 41 твор 44 пісьменьнікаў, сярод якіх Віктар Пялевін, Чулпан Хаматава. Імёны фіналістаў стануць вядомыя 5 чэрвеня
Згодна з палажэньнем прэміі, штогод прысуджаецца тры прэміі. За першую пераможца атрымлівае каля 47 тысяч даляраў, другой прэміі — 23 тысячы, трэцяй — больш за 15 тысяч.
Расейскамоўная вэрсія раману выйшла сёлета ў выдавецтве «Время». У апісаньні кнігі на сайце выдавецтва гаворыцца:
«„Сабакі Эўропы“ Альгерда Бахарэвіча — раман аб чалавечай і нацыянальнай адзіноце, аб ілюзіях — пра дзяржаву, якой ня трэба мінулае і якая ўпэўненая, што ў яе сілах адмяніць будучыню, пра дыктатуру слова, ускраіну імпэрыі і пра яе эўрапейскую тугу».
Нацыянальная літаратурная прэмія «Большая книга» была заснавана ў 2005 годзе «Цэнтрам падтрымкі айчыннай славеснасьці». У 2018 годзе пераможцамі сталі Марыя Сьцяпанава, Аляксандр Архангельскі і Дзьмітрый Быкаў.