Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў апрытомнеў


Дзьмітры Быкаў
Дзьмітры Быкаў

Пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў, які застаецца сёньня ў адным з маскоўскіх шпіталёў, апрытомнеў, пра што паведаміў 21 красавіка старшыня рэдакцыйнай рады «Новой газеты» Дзьмітрый Муратаў.

Раней у нядзелю стала вядома, што пацыента, які быў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, перавялі на самастойнае дыханьне.

«Сёньня каля 14 гадзін у сувязі з паляпшэньнем самаадчуваньня Быкаў быў пераведзены на самастойнае дыханьне, ён рэагуе на зварот лекараў і блізкіх», — расказаў Муратаў.

Паводле жонкі пісьменьніка Ірыны Лук’янавай, Быкаў ўсё яшчэ «вельмі слабы» і «вельмі дрэнна сябе адчувае».

Раней у гэтым месяцы 51-гадовы Дзьмітрый Быкаў, які 15 красавіка прыляцеў ва Ўфу зь лекцыяй «Расейскі анэкдот як літаратурны жанр», быў дастаўлены ў мясцовы шпіталь: у самалёце ён адчуў сябе дрэнна. Паводле блізкіх, прычынай дрэннага самаадчуваньня стаў «цукар» (высокі ўзровень глюкозы ў крыві).

18 красавіка пісьменьніка даставілі з Уфы ў маскоўскую лякарню. Рашэньне пра перавоз Быкава ў Маскву было прынята мэдыкамі ўзгоднена зь Міністэрствам аховы здароўя Расіі.

Дзьмітрый Быкаў быў сярод амаль 100 расейскіх дзеячоў культуры, праваабаронцаў і палітолягаў, якія падпісалі адкрыты ліст з ініцыятывай аб правядзеньні «Кангрэсу інтэлігенцыі супраць вайны, супраць самаізаляцыі Расеі, супраць рэстаўрацыі таталітарызму» пасьля анэксіі Крыму.

Пасьля жорсткіх рэпрэсіяў супраць удзельнікаў пратэстаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010 году, Дзьмітры Быкаў узяў удзел у акцыі «​Галасы салідарнасьці»​, калі вядомы палітычныя, грамадзкія і культурныя дзеячы с усяго сьвету зачытвалі ў этэры Радыё Свабода імёны амаль 800 затрыманых у ноч пасьля выбараў.

Інтэрвію Дзьмітрыя Быкава зь ягоным беларускім цёзкам па прозьвішчы Васілём Быкавым увайшло ў ягоны зборнік інтэрвію “І ўсё-ўсё-ўсё”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG