Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шорт-ліст расейскай прэміі «Вялікая кніга» ўвайшоў беларус


Сталі вядомыя імёны фіналістаў расейскай літаратурнай прэміі «Вялікая кніга». Усяго ў шорт-лісьце прэміі імёны 11 пісьменьнікаў.

У сьпіс фіналістаў трапілі Ўладзімер Дзінец ( «Песьні цмокаў»), Леанід Юзэфовіч ( «Зімовая дарога»), Марыя Галіна («Аўтахтоны»), Пётар Алешкоўскі («Крэпасьць»), Аляксей Іваноў («Непагадзь»), Аляксандар Ілічэўскі («Справа налева»), Яўген Вадалазкін («Авіятар»), Ганна Мацьвеева («Зайздроснае пачуцьцё Веры Сьценінай»), Людміла Ўліцкая («Лесьвіца Якава»), Сяргей Салавух («Апавяданьні пра жывёл ») і Саша Філіпенка («Цкаваньне»). Пра гэта паведамляе Расейская служба ВВС.

Імёны ўладальнікаў прэміі адзінаццатага сэзону стануць вядомыя ў сьнежні сёлета.

Летась пераможцам конкурсу стала Гузель Яхіна з раманам «Зулейха расплюшчвае вочы». У розныя гады ўладальнікамі прэміі станавіліся Ўладзімір Сарокін, Аляксандр Ілічэўскі, Людміла Ўліцкая, Дзіна Рубіна, Захар Прылепін, Леанід Юзэфовіч, Міхаіл Шышкін, Дзьмітрый Быкаў і іншыя.

Нацыянальная прэмія «Вялікая кніга» была заснаваная ў 2005 годзе Цэнтрам падтрымкі айчыннай славеснасьці. Яе прызавы фонд зьяўляецца найбуйнейшым сярод літаратурных узнагарод Расеі і краін СНД. Грашовы эквівалент першай прэміі складае 3 млн. рублёў (45 тысяч даляраў), другі — 1,5 млн. рублёў, трэцяй прэміі — 1 млн. рублёў.

Раман «Цкаваньне» пісьменьніка і журналіста, ляўрэата «Рускай прэміі» 2014 году, расейскага беларуса Сашы Філіпенкі ўжо быў прэзэнтаваны ў Беларусі і некаторых іншых постсавецкіх краінах. Вядучы тэлеканалу «Дождж», калюмніст часопісаў «Сноб» і «GQ», сцэнарыст «Прожекторпэрисхилтон» Саша Філіпенка ў новым, трэцім рамане піша пра тое, якія кругі пекла праходзіць незалежны журналіст у сучаснай Расеі.

Прапануем з архіву Свабоды гутарку ганны Соўсь з Сашам Філіпенкам пра ягоны новы раман, пра прыроду «банальнага зла» у Расеі, пра ахвяраў і катаў расейскай прапаганды і Нобэля Алексіевіч.

Ганна Соўсь: Саша, я прачытала ў сеціве вашу трэцюю кнігу «Цкаваньне». Калі браць выключна сюжэтную лінію, то гэта кніга пра катаў і ахвяраў сучаснай расейскай прапаганды. Галоўны герой рамана — расейскі журналіст, які расьсьледуе злоўжываньні ўлады, у тым ліку топ-ідэолягаў, і на яго абвешчанае сапраўднае паляваньне, цкаваньне. Вы — журналіст незалежнага расейскага тэлеканалу «Дождж». Ці вы не баіцеся, што калі-небудзь паляваньне будзе абвешчанае на вас асабіста? І ці вытрымаеце вы, адрозна ад героя вашага раману?

Саша Філіпенка: Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Я думаю, што кнігі не выклікаюць вялікай цікавасьці з боку ўлады. У гэтай кнізе няма нічога такога, каб выклікаць цкаваньне. Цкуюць зусім іншых людзей у Расеі, і ў гэтым ёсьць палітычны кантэкст. Я думаю, што я зрабіў фатаграфію часу, і калі вы задаяце такое пытаньне, то відавочна, што я зрабіў дакладную фатаграфію, і ўсё гэта падобна на праўду. Я не баюся. Думаю, што кнігі чытае ня так шмат людзей. І на тэлеканале «Дождж» я такі супрацоўнік, які, як правіла, жартуе, і больш за тое, падарожнічае па Расеі і расказвае, як гэта цудоўна. Я не баюся. Ці вытрымаю я? Ня ведаю. Мае сябры, які сутыкаліся з гэтым, расказвалі, што гэта вельмі непрыемна.

Больш чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG