Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць ручак Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандар Лукашук
Сьвятлана Алексіевіч і Аляксандар Лукашук

Калі хто не патрапіў у залю на сустрэчу са Сьвятланай Алексіевіч, можа паглядзець тут. А тут — пра тое, што не патрапіла туды.

Нобэлеўская арэнда

— Чаму вам далі Палац рэспублікі? — гэтае пытаньне задаюць знаёмыя, малазнаёмыя і незнаёмыя.

— Далі, бо Саюз беларускіх пісьменьнікаў — аўтарытэтная арганізацыя, — аўтарытэтна адказвае старшыня саюзу Барыс П., які заключаў дамову арэнды ад імя СБП.

Я спрабую пажартаваць пра душу, якую прадалі д’яблу, але журналісты аказваюцца атэістамі адразу пытаюцца пра камэрцыйную таямніцу — за колькі.

Палацавае начальства шматлікае і разнастайнае, і вэрсіі адказу мяняюцца ад неверагоднага зьдзіўленьня («А што тут такога, у нас вось нават гурт „Рамштайн“ выступаў!»), да канстатацыі відавочнага («Пустуюць залі, няма чым запоўніць, на траціну ўжо штат скарацілі...»). У канцы нават даходзіць да намёкаў («Мы самі прымаем рашэньне цалкам самастойна, але было яшчэ некалькі інстанцый, ня ведаем колькі.»).

Не пытаецца адна Сьвятлана, яна адразу адказвае: відаць, усё ж хочуць у Эўропу.

Нобэлеўская расчоска

Таксі са Сьвятланай не прапускаюць праз шлягбаўм, і мы з Барысам Пятровічам, пісьменьніцай і яе сяброўкай абыходзім Палац па колу. Даволі доўга ісьці. Вецер, дождж, на агульным уваходзе натоўп, знаёмыя, кожнаму — адмысловая рыса Алексіевіч — яна знаходзіць час, слова, задае пытаньні. выслухоўвае, прычым усё гэта неяк без мітусьні, спакойна, здаецца, нават павольна. Але ўсё ж праходзім у грымёрку, і нават не спазьняемся. І тут Сьвятлана кажа, што забылася расчоску.

Першы з краю ў залі сядзіць вядомы крытык Ціхан Чэ і я спрабую пазычыць у яго расчоску. У крытыка расчоскі няма.

— У нашым саюзе крытыка непрычосаная, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — А ў другім усе лысыя.

Выратоўвае дзяўчына ў бэзавай кофтачцы. Сьвятлана прычэсваецца перад люстэркам, потым я вяртаюся ў залю — але дзяўчыны няма. Аддаю расчоску Ціхану Чэ. Што-та цяпер будзе з крытыкай?

Нобэлеўскае фае

Як толькі была абвешчана аўтограф-сэсія, палова залі апынулася на сцэне і жывая чарга апляла Сьвятлану злева, справа, з-заду, сьпераду, а некаторыя асабліва энэргічныя асобы наладзілі чаргу зьверху, над ляўрэаткай.

— Высокага палёту людзі, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — Гэта нічога, галоўнае, каб з падпольля ня палезьлі.

Час арэнды сканчаецца праз гадзіну, становіцца відавочна, што нават палова жадаючых не атрымае аўтограф, і я прапаную людзям у канцы чаргі паставіць факсымільны аўтограф — Сьвятлана дазволіла зрабіць пячатку зь яе подпісам. Падыходзяць некалькі чалавек, якія больш ня могуць чакаць, трэба на цягнік ці аўтобус — я стаўлю можа з два дзесяткі пячатак. Рэшта на спакусу не паддаецца і стойка працягвае чакаць цуду.

І невялікі цуд здараецца: нам даюць бонус, 20 мінут (сцэну трэба дэмантаваць і падрыхтаваць да наступнага мерапрыемства), а потым даюць дазвол працягнуць сэсію ў фае.

— Дажыліся — кажа адна жанчына. — Нобэлеўская ляўрэатка падпісвае кнігі ў калідоры.

— Не ў калідоры, а ў фае, — аўтарытэтна папраўляе Барыс. — Потым шыльду павесяць: тут працавала Сьвятлана Алексіевіч.

Над вяртаньнем ў Эўропу, хочацца дадаць мне.

Кніга падпісаная для зьняволенай на радзіме азэрбайджанскай журналісткі Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай
Кніга падпісаная для зьняволенай на радзіме азэрбайджанскай журналісткі Радыё Свабода Хадзіджы Ісмаілавай

Нобэлеўскія абдымкі

Сьвятлана падпісвае кнігі, быццам у чарзе ня сотні людзей, а адзін.

Пытаецца імя, адкуль, дзе вучыцца, на каго. Адна дзяўчына кажа, што вывучае статыстыку. І як потым, можна пражыць з такой адукацыяй, пытаецца Алексіевіч з такім шчырым зацікаўленьнем, што ў мяне на сэкунду ўзьнікае думка, можа, яна сама хоча зьмяніць прафэсію.

— Падпісвае кнігі так, як іх піша, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. - Для аднаго і пра аднаго. Галоўнае, каб абдымаліся па адным.

І расказвае, як пасьля вяртаньня са Стакгольма адзін сябра саюзу ў парыве пачуцьцяў так сьціснуў ляўрэатку, што тая потым тыдзень з хаты не магла выйсьці. Я з жахам узгадваю, што калі сустракаў Сьвятлану ля шлягбаўма на вуліцы, таксама абняў яе.

— Ты ж у касьцюме выскачыў, Сьвятлана бачыла, што замёрз, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс. — Здалёк можна было падумаць, што гэта яна цябе абняла.

Я яму веру.

Нобэлеўскія ахоўнікі

Трэцяя гадзіна аўтограф-сэсіі падыходзіць да канца, апошнія дзьве кнігі Сьвятлана падпісвае свайму любімаму карэспандэнту Свабоды Зьмітру Бартосіку, які, аказваецца, стаў у чаргу другі ці трэці раз, бо першы раз народ закрычаў, каб больш дзьвюх кніжак у адны рукі не падпісвалі. Сьвятлана ізноў цытуе Бартосікава падарожжа ў яе вясковую школу — яна перанялася яго прызнаньнем, што пасьля гутарак зь яе настаўніцамі Зьміцер ледзь не звар’яцеў.

Але ў гэты момант я падумаў, што звар’яцеем мы: з-за вугла і калонаў на нас рушыць група супрацоўнікаў службы бясьпекі ў спэцформе. Будуць браць, з жахам думаю я — і не памыляюся. Прыйшлі браць аўтографы.

У кожнага па некалькі кніг «Бібліятэкі Свабоды» ў руках, просяць сабе, дзецям, маці, адзін кажа, што для бацькі, той быў дырэктарам школы.

— І мой бацька быў дырэктарам школы, — кажу я.

— Праўда? І мой таксама быў дырэктарам школы, — Сьвятлана глядзіць на мяне і ахоўніка з салідарнасьцю, пакуль я зьбіраюся зрабіць фота двух дырэктарскіх дзяцей.

— Нас фатаграфаць забаронена, прыбярыце камэру — раптам строга кажа ахоўнік.

— Таму іх так і завуць у народзе — байцы нявідзімага фронту, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс.

Нобэлеўскія ручкі

Зусім магчыма, што ў гэты дзень нараджаецца новы нобэлеўскі рэкорд. Людзі прыйшлі на сустрэчу з кнігамі ляўрэаткі розных гадоў выданьня, на розных мовах, плюс кожны яшчэ атрымаў у падарунак асобнік «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Гэта была першая ў Беларусі публічная сустрэча набэліянткі з чытачамі пасьля цырымоніі ў Стакгольме, і Сьвятлана наладзіла маратон — падпісвае ўсім усё. Адну гадзіну, другую, трэцюю...

Потым я яе пытаю, ці ўмее яна даіць карову — проста каб ручку трымаць столькі часу, трэба мець вельмі моцную руку. Ну як у даяркі. Сьвятлана кажа, што ніколі не даіла, нічога практычнага рукамі рабіць ня ўмее, бярэ маю руку і з усіх сілаў паціскае — але нобэлеўскі поціск не сакрушальны, проста упэўнены, нармальны такі поціск. І я так магу. Нават мацней.

— Пісьменьнікі пішуць не рукой, — аўтарытэтна тлумачыць Барыс.

— Ручкай! — здагадваюся я. Дакладней — ручкамі. Адзін з рэкордаў дня — шэсьць сьпісаных нобэлеўскіх ручак. У Сьвятланы было дзьве ці тры, сьпісаліся, пазычылі яшчэ адну, потым зноў, і у канцы на стале ляжалі шэсьць сьпісаных ручак.

Я іх сабраў і паклаў сабе ў кішэню — па-першае, каму трэба сьпісаныя ручкі. Па-другое — а раптам там яшчэ што засталося.

Спатрэбяцца для наступнага разу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG